БЭРЫЯ ПАГРАЖАЎ РАЗБУРЫЦЬ ДЗЯРЖАЎНЫ БУДЫНАК. РЭЦЭНЗІЯ НА КНІГУ “МОЙ БАЦЬКА, БЭРЫЯ”

Сяргей Шупа, Прага

Лаўрэнці Бэрыя вядомы ў гісторыі як змрочны садыст на пасадзе кіраўніка сакрэтнай паліцыі, майстар закулісных справаў зь бязьлітаснымі амбіцыямі і ненатольнай юрлівасьцю, які больш за дзесяцігодзьдзе рабіў чорныя справы на службе ў свайго земляка Іосіфа Сталіна. – піша ў тыднёвіку Time брытанскі саветоляг Робін Найт. Сталін аднойчы назваў яго савецкім Гімлерам. Пасьля сьмерці свайго патрона ў сакавіку 1953 году (паводле некаторых меркаваньняў, яго атруціў сам Бэрыя), ён на 100 дзён захапіў кантроль над службай бясьпекі, пакуль ня быў арыштаваны і пакараны сьмерцю сваімі калегамі, якія баяліся за ўласныя шкуры.

Шмат гадоў, пакуль у 90-х гадоў не пачалі адкрывацца савецкія архівы, гэта была паўсюдна пашыраная вэрсія ролі Бэрыі. Яе старанна прапагандаваў Хрушчоў, які мусіў неяк вытлумачыць сваю цэнтральную ролю ў сьмерці Бэрыі. Выдадзеная нядаўна ў выдавецтве Duckworth кніга сына Бэрыі Сярго «Мой бацька, Бэрыя» кідае сьмелы выклік хрушчоўскім казкам. Разам з тым гэта адно з самых сэнсацыйных апісаньняў жыцьця пры Сталінавым двары.

Галоўная тэма кнігі – з чым пагаджаецца і Франсуаза Том – палягае ў тым, што нацыяналіст Бэрыя быў насамрэч прыхаваным рэфарматарам, які адчуваў нянавісьць да Сталіна і ўжо ў канцы 30-х гадоў зразумеў, што сыстэма цэнтралізаванага кантролю, зазнаваная на тэроры, ня мае будучыні. На думку сына, якраз за тыя 100 дзён, калі Бэрыя меў вольныя рукі, ён паказаў свой сапраўдны твар – абмежаваў уладу паліцыйнага апарату, вызваліў мільёны вязьняў ГУЛАГу, замахнуўся на маналітнасьць дзяржавы, аслабіў кантроль над ускраіннымі рэспублікамі і нават распачаў рэформу Камуністычнай партыі, заклікаўшы сваіх калегаў у Палібтюро публічна прызнацца ў сваіх крывавых злачынствах.

Бэрыя-малодшы, магчыма, мае рацыю, калі кажа, што гэтая апошняя ініцыятыва прывяла Хрушчова ды іншых да неабходнасьці пазбавіцца ягонага бацькі. Ён проста зашмат пра іх усіх ведаў і даволі жорстка ужываў вядомую яму інфармацыю. Аднак найстрашнейшым было тое, што Бэрыя, як і праз 33 гады Гарбачоў, пагражаў разваліць увесь дзяржаўны будынак. У 1953 годзе, у поўні Халоднай вайны, гэта была занадта вялікая пагроза.

Больш выразна, чым хто-небудзь да яго, Сярго Бэрыя апісвае, як Сталін на пачатку 50-х гадоў рыхтаваў Трэцюю сусьветную вайну. У гэтых плянах Бэрыя-старэйшы ўдзельнічаў як галоўны арганізатар распрацовак савецкай атамнай і вадароднай бомбы, аднак на той час, паводле сьведчаньняў сына, усяляк спрабаваў гэты праект затрымаць. У кнізе таксама паказваецца, што Лаўрэнці Бэрыя не пагаджаўся са Сталіным наконт паваеннага падзелу Нямеччыны, навязаньня марыянэткавых рэжымаў краінам Усходняй Эўропы, русыфікацыі балтыйскіх рэспублік і антысэміцкіх кампаніяў у Савецкім Саюзе.

Такі захапляльны перагляд звыклых стэрэатыпаў – а ў кнізе падобнага матэрыялу вельмі шмат – можна лёгка абвергнуць як спробу абяленьня бацькі. Аднак зрабіць так было б простым пацьверджаньнем вэрсіі падзеяў, якая нарадзілася ў вінаватым сумленьні Хрышчова. У кнізе Бэрыі-малодшага, як зазначае Франсуаза Том, «савецкі рэжым паўстае як рэжым, у якім подласьць выстаўляецца абавязкам, баязьлівасьць – альтруізмам, здрада – міласэрнасьцю, садызм – дзейснасьцю, дурасьць – патрыятызмам». Улічваючы палітычныя погляды Сярго Бэрыі, можна думаць, што ён ня меў такога намеру. Аднак проста так выйшла.