Наўрад ці думаў кампазытар Уладзімер Алоўнікаў, што напісаная ім на словы Алеся Бачылы песьня “Радзіма мая дарагая” некалі зробіцца ня проста пазыўнымі дзяржаўнага радыё, але яшчэ і адным з прэтэндэнтаў на дзяржаўны гімн. Зрэшты, кожны кампазытар, відаць, менш за ўсё думае пра далейшы лёс песьні. Галоўнае для яго — каб песьня проста атрымалася. А далей ужо будзе кіраваць гісторыя.
Не пакіну згадваць вядомыя словы: кожнай часіне — уласныя песьні. Тым ня менш практыка сьведчыць, што часам адна й тая ж песьня можа можа быць актуальнай у розны час. Клясычны прыклад у сусьветнай папулярнай музыцы — славутая песьня “Night In White Satin” групы “Moody Blues”, якая ўпершыню ўзначаліла брытанскі гіт-парад у 1968 годзе, а пасьля на працягу двух дзясяткаў гадоў яшчэ двойчы вярталася на першую ягоную прыступку.
А “Пагоня” на словы Багдановіча? Праз многія гады песьня набыла другое дыханьне, зноў зрабілася актуальнай. Напісаная Вячаславам Качанскім музыка на найбольш вядомы верш Канстанцыі Буйлы “Люблю наш край” атрымала другое жыцьцё на выдадзеным у 2000 годзе альбоме “Я нарадзіўся тут”.
І для гэтага было зроблена зьнешне нямнога: проста зьмянілася стылістыка, калі мэлёдыя была стылізаваная пад блюз. Менавіта стылізаваная, таму што казаць пра новую вэрсію песьні як пра сапраўдны блюз усё ж цяжка. Але і такой стылізацыі хапіла, каб старая песьня загучала сучасна ў выкананьні Веранікі Кругловай і ўдзельнікаў праекту “Я нарадзіўся тут”.
На жаль, не магу назваць аранжыроўца: такую інфармацыю нашыя выдаўцы ўпарта хаваюць. Магчыма, гэта Лявон Вольскі, які выступае тут у ролі блюзавага піяніста.
Зьміцер Падбярэскі