Рэдка якая песьня пры жыцьці яе аўтараў набывае ранг народнай. Куды хутчэй мінаюць дзесяцігодьдзі, за якімі губляюцца імёны тых, хто напісаў музыку і словы. Мэлёдыя сёньняшняга дня — зь ліку тых, чые аўтары могуць ганарыцца тым, што яны здолелі напісаць сапраўдную народную песьню.
Самадзейны кампазытар Мікола Пятрэнка — аўтар многіх песень, хоць у цяперашняй практыцы хто толькі ні называе сябе кампазытарам! Нават тыя, хто й нотаў чытаць ня ўмее.
Калі Мікола Пятрэнка напісаў на словы паэткі Веры Вярбы песьню “Ручнікі”, ён падсьвядома трапіў літаральна ў “дзясятку”: гэтак арганічна спалучылася ягоная музыка з тэкстам.
Аднак, магчыма, песьня гэтая так і не зрабілася б шырока вядомай нават па-за межамі Беларусі, калі б яна не патрапіла на вочы Ўладзімеру Мулявіну, які ўвёў яе ў рэпэртуар ансамблю “Песьняры”. Тут сказалася яшчэ й сьмелае стаўленьне аранжыроўшчыкаў калектыву да арыгінальных аўтарскіх мэлёдыяў: у выкананьні “Песьняроў” песьня як на той час загучала актуальна і нават модна, актыўна пайшла ў народ аж да таго, што імёны аўтараў неяк неўпрыкмет адышлі на задні плян і практычна забыліся.
Сама ж песьня трывала замацавалася ў рангу клясыкі сучаснай беларускай, і ня толькі, песьні, зь лёгкай рукі “Песьняроў” атрымаўшы мноства новых увасабленьняў. Такім чынам, сёньня можна казаць пра бясспрэчную творчую ўдачу ня толькі аўтараў, але й інтэрпрэтатараў. Пачуемся заўтра!
Зьміцер Падбярэскі