Песьня “Матка Боска Вастрабрамска”. Музыка Лявона Вольскага, словы Міхала Анемпадыстава. Вераніка Круглова. “Народны альбом”, “Ковчег”, 1997


Калі прыгледзецца да сучаснага песеннага рэпэртуару, дык месяц жнівень на першы пагляд нібыта і не вылучаецца сярод іншых па колькасьці прысьвечаных яму песень. Аднак ёсьць сярод іх адна, якая, на маю думку, зрабілася ў апошнія гады ледзь ня знакавай.

Гаворка ідзе пра твор з “Народнага альбома”, які без перабольшаньня сёньня можна называць клясычнай пазыцыяй сучаснай беларускай песьні. Сярод амаль 30 песень альбома ёсьць і “Матка Боска Вастрабрамска”, якая была запісаная сіламі ўсіх удзельнікаў гэтага музычнага праекту і ў якой саліравала Вераніка Круглова.

Як на мой погляд, дык гэтая песьня надзвычай арганічна адпавядае выканальніцкай манэры сьпявачкі. У выніку атрымалася нешта такое, што спалучае ў сабе элемэнты як баляды, так і пэўныя рысы малітвы, пра што згадвае нават ня столькі тэкставы тэматызм песьні, колькі тут цалкам апраўданая пэўная аднастайнасьць, нават манатоннасьць самой мэлёдыі, што, безумоўна, выклікае пэўныя асацыяцыі з манэрай выкладаньня малітвы.

Але што б там не казалі, песьня стварае моцны, трывалы вобраз менавіта гэтага апошняга, на жаль, летняга месяца. Але, мне думаецца, сумаваць яшчэ заўчасна. Зрэшты, будзе, і ня толькі ў кабет, сёлета яшчэ й бабіна лета. Ды й зіма — не праблема, бо колькі той зімы?! А між іншым, песьня гэтая была запісаная ўжо пяць гадоў таму. Ляціць, аднак, час. Тым ня менш, пачуемся заўтра!

Зьміцер Падбярэскі