Песьня “Танга белых багоў”. Музыка, словы і выкананьне — Алег Атаманаў. Альбом “Слова ня госьць”, аўтарскае выданьне, 2002


Пры ўсім маім вялікім жаданьні падбіраць мэлёдыі адпаведна пэўным сьвятам, датам, пары году атрымліваецца тое далёка не заўсёды. Вось і сёньня, у сярэдзіне лета, мы паслухаем песьню, якая была б дарэчы, скажам, месяцы з тры–чатыры таму.

Дыск Алега Атаманава трапіў да мяне адносна нядаўна. Небанальныя тэксты песень, выразныя мэлёдыі, прыгожы, пастаўлены голас. Зрэшты, больш за палову песень з гэтага альбому, што называецца “Слова ня госьць”, можна сьмела ставіць у эфір. У тым ліку і песьню з такой прыгожай назваю “Танга белых багоў”, якая па характары, безумоўна, песьня веснавая.

Ну што ж, ня будзьма фармалістамі, бо галоўнае для нас усё ж па магчымасьці менавіта мэлёдыя, якая запамінаецца (у ідэале) і пэўным чынам дапамагае, як той сьпяваў, будаваць і жыць. Наогул, песьні Алега Атаманава, музыку і словы для якіх піша ён сам, нейкія па-сапраўднаму прасьветленыя, прыгожыя, можа, крышку экзальтаваныя.

Нагадаю, што Алег, выпускнік філфаку БДУ, дзякуючы багатаму ад прыроды голасу, выступаў нават на акадэмічнай сцэне і ў жанры песьні аўтарскай выкарыстоўвае гэтае багацьце адметна, па поўнай, як прынята казаць, праграме. “Танга белых багоў”. Зь песьні, зрэшты, зразумела, якіх багоў меў на ўвазе Алег Атаманаў.

Зьміцер Падбярэскі