Песьня “Мой родны кут”. Дзяржаўны народны аркестар Беларусі й Ніна Казлова. Музыка Ігара Лучанка, словы Якуба Коласа. Альбом “Дзяржаўны народны аркестар БССР”, “Мелодия”, 1978


Заўсёды цікава слухаць музычныя творы ў нетрадыцыйным выкананьні — у такім, калі здаўна знаёмыя творы гучаць цалкам па-іншаму. У сёньняшняй практыцы гэта атрымала тэрмін “кавэр-вэрсія”. Між тым, падобнае назіралася яшчэ ў тыя гады, калі не існавала нават тэрміну “папулярная музыка”.

Варта адзначыць, што найбольш лірычныя, найбольш беларускія па духу песьні ствараліся найперш на аснове клясычнай беларускай паэзіі, у тым ліку на вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Шмат такіх твораў у спадчыне ансамблю “Песьняры”, дый асобныя салісты таксама часта ўключалі і ўключаюць гэтыя творы ва ўласны рэпэртуар.

Зь ліку такіх песень ці не найбольш часта выконваецца “Мой родны кут” Ігара Лучанка на верш Якуба Коласа, які як на кавэр-вэрсіі можна назваць наогул ці не найбольш папулярнай аўтарскай песьняй Беларусі. Мы прывыклі слухаць гэты твор у выкананьні менавіта “Песьняроў”, аднак сёньня я прапаную вам цалкам іншы варыянт.

Гэты твор выканаюць Дзяржаўны народны аркестар Беларусі імя Жыновіча і салістка Ніна Казлова. Запісу гэтаму, калі не памыліцца, недзе з чвэрць стагодзьдзя, і лёгка пераканацца, што гучыць песьня не ў папулярнай, як у “Песьняроў”, стылістыцы, а дастаткова строга, калі не сказаць акадэмічна.

Канечне, такую стылістыку прадыктаваў склад выканаўцаў, таму ня варта спрачацца, набыла нешта гэтая песьня ў такім варыянце ці страціла. Справа ня ў гэтым. А ў тым, што гэта — усяго толькі яшчэ адно ўвасабленьне вельмі ўдалага музычнага твора.

Зьміцер Падбярэскі