“I Don’t Know Why You Leave Me”. Музыка і словы Ўлада. Група “Thank You Jesus”. Альбом “Between No Distance”, 1997


Як часта мы дзякуем Богу за тое, што ўсё з задуманага намі атрымалася. Калі ж не — згадваем зусім іншага і зусім безь любові й пашаны.

Чаго толькі ня робяць музыканты, каб прыцягнуць да сябе ўвагу аўдыторыі! Вельмі часта ўдалая і дасьціпная назва калектыву і зьяўляецца такім магнітам. Памятаю, на адным з фэстываляў давялося пачуць рок-групу з фантастычна дасьціпнай назваю. Яна гучала так: “Вароны клююць твае пасевы, Джузэпэ”. Праўда, музыка калектыву была значна менш удалай.

Менская англамоўнай група “Thank You Jesus” не належыць да ліку тых калектываў, што выконваюць хрысьціянскую музыку. Проста гэтым музыкантам неяк пашанцавала. Знайшоўся чалавек, які фундаваў запіс альбома ў Нямеччыне. Альбом атрымаўся вельмі ўдалы, стылёвы, арыгінальны, непаўторны. А вось далей ва Ўлада і ягоных калегаў справы на Радзіме неяк не пайшлі.

Барабаншчык Генадзь Дорфман зьехаў за мяжу, гітарыста Сяргея Мядзьведзева пераманілі “Песьняры”, лідэр групы і аўтар рэпэртуару Ўлад пачаў быў сольны праект, але нядаўна паведаміў пра аднаўленьне “Thank You Jesus”. Толькі што — не ў Беларусі. Шкада, што такой клясы музыканты працягваюць пакідаць радзіму. Таму і песьня прагучыць адпаведная. “I Don’t Know Why You Leave Me”. Музыка і словы Ўлада. Але я шчыра скажу “Thank You Jesus”, як толькі яны вернуцца назад.

Зьміцер Падбярэскі