Песьня “Ой, княжна” Валерыя Шарапава. Ансамбль “Песьняры”. Альбом “Песьняры 2001”, “Ковчег”, 2001.


Піетэт, як кажуць, піетэтам, але ж сапраўдны аўтарытэт кожнага выканаўцы трымаецца ня толькі на былых заслугах, але й на тым, што гэты выканаўца робіць у сучасны момант. Тое самае, дарэчы, тычыцца і праграмы “Мэлёдыя дня”. Вітаю вас!

Ансамбль “Песьняры” яшчэ, як той казаў, пры жыцьці зрабіўся сапраўднай легендай. І шлейф той легенды небеспадстаўна будзе цягнуцца яшчэ праз шмат гадоў. Хоць, праўду кажучы, менавіта ў апошнія гады пра гэты калектыў амаль не чутно. Можна нават падумаць: а ці існуе яна насамрэч, тая легенда?

Надзвычай рэдкія канцэрты і амаль поўная адсутнасьць новых запісаў. Калі не лічыць альбому “Песьняры 2001”, які, на вялікі жаль, можа хутчэй расчараваць, чым узрадаваць. Практычна ва ўсіх песьнях, большасьць зь якіх — гэта перазапісаныя старыя шлягеры, адчуваецца нейкая лянота і нават неахайнасьць выкананьня. З новых жа песень зьвяртаюць на сябе ўвагу два творы Валерыя Шарапава, адзін з якіх, “Ой, княжна”, мы і будзем сёньня слухаць.

Такім чынам, ансамбль “Песьняры” ўзору мінулага году. Зь вялікім спадзяваньнем на тое, што апошнюю сваю песьню ансамбль выканае яшчэ ня хутка. Легенда памірае апошняй. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі