Песьня “Foxy Lady” Джымі Хендрыкса. “The Little Blues Band” Івана Маркава. Альбом “September 1997”, “Ковчег”, 1998 г.


У народзе кажуць: “Хітры, як ліс”. Як на маю думку, зь лісамі апошні час нешта нядобрае адбываецца: як не адкрыеш газэту, так і чытаеш жудасныя нататкі пра хворых на шаленства лісаў. Тым ня менш вобраз гэтага зьвера атрымаў добрае ўвасабленьне ня толькі ў прэсе ды казках.

Тым, хто скардзіцца на бедную палітру сучаснай беларускай музыкі, параю не рабіць скарасьпелых высноваў. Ёсьць у нас такія музыканты, якія, здараецца, надоўга зьнікаюць са сцэны. Ажно раптам узьнікаюць ня ведама адкуль, і тады робіцца зразумелым: іх музычная, выканальніцкая форма не выклікае апасеньняў.

Менавіта да такіх музыкантаў належыць гітарыст Іван Маркаў, імя якога зрабілася вядомым яшчэ ў час існаваньня групы “Студыя 7”, пасьля — “Бонды”. Гэта пры тым, што сам Іван як прыроджаны лідэр заўсёды схіляўся да каранёў і традыцыяў рок-музыкі — да блюзу.

У 1998 годзе выйшаў альбом ягонага трыо “Літл блюз бэнд”, запісаны ў студыі, але жыўцом, без далейшай апрацоўкі запісу. Гэта надало музыцы арганічнасьць, непасрэднасьць.

“Фоксі лэдзі” — так называецца вядомая п’еса Джымі Хендрыкса, якую Іван Маркаў прапанаваў выканаць разам у 1997 годзе бубначу Генадзю Дорфману і басісту Аляксандру Ваньковічу.

Іван Маркаў — сапраўды хітры ліс. Бо ніхто ня ведае, калі яго можна будзе пачуць са сцэны яшчэ раз. Ды ўсе ведаюць, што зроблена тое будзе належным чынам. Пачуемся заўтра!

Зьміцер Падбярэскі