Песьня “Купалінка”, група “Gateward”. Альбом “Hard Life Heavy Music”


“Жорсткае жыцьцё, цяжкая музыка”. Сапраўды, удалая назва для тэматычнага зборніка айчыннай экстрэмальнай музыкі. Выдатна разумею, што прыхільнікаў падобнага прадукту ня так і шмат. Як сьведчыць статыстыка, іх ня больш за 5% агульнай аўдыторыі слухачоў. Але ж “Мэлёдыя дня” імкнецца задаволіць усе густы. Прывітаньне гэтым разам экстрэмалам!

Сапраўды, я даволі шмат думаў адносна таго, ці мае сэнс хоць бы час ад часу прэзэнтаваць вам музыку, так бы мовіць, не зусім звычайную, разьлічаную на аматараў цяжкага гучаньня і агрэсіўнай апрацоўкі музычнага матэрыялу. Аж вырашыў: можна. Усё ж гэта — таксама нашая рэальнасьць.

Нягледзячы на тое, што гэві-рок — напрамак надзвычай кансэрватыўны і ў нечым нават абмежаваны, практыка сьведчыць, што многія прадстаўнікі гэтай музыкі ў Беларусі імкнуцца працаваць не падобна да іх замежных калег. Няхай ім далёка не заўсёды хапае вывучкі, майстэрства, але ж жаданьне выказацца па-свойму не ацаніць нельга.

Вось і спробу групы “Gateward” прачытаць у адпаведнасьці з абранай стылістыкай вядомую народную песьню ўдалай мне назваць няпроста: тут ёсьць пра што спрачацца. Аднак і тое, што такая вэрсія “Купалінкі” мае права на існаваньне, я ўсё ж ня сумняюся. Што ж тут паробіш: сапраўды жорсткае жыцьцё, цяжкая музыка. А каму ж цяперака лёгка? Да сустрэчы заўтра!

Зьміцер Падбярэскі