ДРУГІ ТУР ВЫБАРАЎ У ГАРСАВЕТ ПРАХОДЗІЦЬ У БАРАНАВІЧАХ

Алесь Горбач, Баранавічы

У другім туры выбараў у Баранавіцкі гарадзкі савет удзельнічаюць старшыня мясцовай арганізацыі сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Віктар Карлінскі ды сябра вышэйзгаданай партыі Мікалай Чыжыкаў. Адметна, што і ў аднаго, і другога канкурэнтамі зьяўляюцца намесьнікі дырэктараў найбольш стабільных у горадзе прадпрыемстваў — станкабудаўнічага заводу “Атлянт” і авіярамонтнага заводу.

Мікалай Чыжыкаў, які працуе на авіярамонтным прадпрыемстве старшынём прафкаму, у першым туры толькі на 27 галасоў адстаў ад свайго суперніка, таму лічыць, што меў усе шанцы перамагчы сёньня. Аднак зраніцы назіральнікаў ад праваабарончага цэнтру “Вясна” і Беларускага Гельсынскага камітэту, а таксама давераных асобаў спадара Чыжыкава не пусьцілі на выбарчы ўчастак у вайсковую частку №96577. Зроблена гэта было з тым намерам, лічыць кандыдат, каб сфальсыфікаваць вынікі галасаваньня.

Назіральнікі ад праваабарончых арганізацыяў мяркуюць, што выбары былі прызначаныя на працоўны дзень з тым разьлікам, каб нават неабходны 25-адсоткавы бар’ер яўкі выбарцаў ня быў пераадолены. Ня выключана, што так і здарыцца. На дзьве гадзіны дня мала на якіх участках колькасьць тых, хто прыняў удзел у галасаваньні, перавысіла 10%.