Дэмакраты лічаць, што вынікі выбараў былі сфальсыфікаваныя. Вось думка Тамары Карлінскай, якая балятавалася ў гарадзкі савет ад сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”:
(Карлінская: ) “Пяць адсоткаў я атрымала галасоў. Гэта мяне вельмі зьдзіўляе, таму што я прайшла амаль кожную кватэру. Абсурд, натуральны абсурд. Сто адсоткаў”.
Зь сямі кандыдатаў “Народнае Грамады” двое, што праўда, усё ж патрапілі ў другі тур і пры гэтым трымаюць лідэрства па колькасьці галасоў. Да таго ж, адзін сацыял-дэмакрат у Баранавіцкім раёне абраны дэпутатам сельскага савету.
Вылучэнцы ад БНФ “Адраджэньне” Алесь Грыцавец і Віктар Мезяк сваю паразу не прызнаюць. Спадар Мезяк мае шмат прэтэнзіяў да выбарчай камісіі 28-га ўчастка:
(Мезяк: ) “Падчас падліку галасоў пасля 20.00 яны проста ўсё зьмяшалі на стале, як мага далей адсунулі маіх давераных асобаў і назіральнікаў, усё гэта зьмяшанае падлічылі невядома як, пратакол на ўчастку ня вывесілі і зьехалі”.
Віктар Мезяк падаў заяву ў гарадзкую камісію з патрабаваньнем ануляваць вынікі выбараў у яго акрузе з прычыны таго, што падчас галасаваньня і падліку галасоў было шмат парушэньняў.
Што датычыць парушэньняў, то іх зафіксавана сапраўды нямала. Паводле інфармацыі Баранавіцкай філіі праваабарончага цэнтру “Вясна”, назіральнікам шмат на якіх участках камісіі не давалі інфармацыі аб хадзе галасаваньня, іх не бралі з сабой на выезд. Двое назіральнікаў ад Беларускага Гельсынскага камітэту былі выдаленыя з участкаў падчас падліку галасоў.