7 ЛІСТАПАДА Ў КУРАПАТАХ

Ганна Соўсь, Менск

Сёньня ў Курапаты прыйшлі каля трыццаці чалавек. Гэтую сумную дату ў гісторыі Беларусі трэба адзначаць менавіта тут, мяркуе мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч.

(Трыгубовіч: ) “Таму што менавіта з кастрычніцкага перавароту пачаліся ўсе тыя падзеі, якія ў Курапатах відочна праявіліся — рэпрэсіі вялікай колькасьці іншадумцаў. Я думаю, што трэба зрабіць талаку ці суботнік у гэты дзень традыцыйнымі, каб людзі прыходзілі сюды й ведалі, чым канчаюцца левыя тэрарыстычныя ідэі”.

Сёньня ў Курапаты разам з Валянцінай Трыгубовіч прыйшлі папрацаваць на талацэ два яе племяньнікі. Археоляг Мікола Крывальцэвіч прыехаў ва ўрочышча на ровары.

(Крывальцэвіч: ) “Курапаты — гэта помнік таталітарызму, і самая таталітарная сыстэма стваралася ў кастрычніку 1917 году. Вось так своеасабліва можна паўдзельнічаць у гэтым сьвяткаваньні — прыбраць у Курапатах, ямы пазасыпаць, крыжы пакрыць антысэптыкам”.

Дзесьці а палове дванаццатай, яшчэ да пачатку талакі, па кальцавой дарозе праз Курапаты праехаў Лукашэнка. Сьведкам гэтага быў гісторык Ігар Кузьняцоў.

(Кузьняцоў: ) “Увесь раён быў блякаваны, прычым колькасьць міліцыянтаў перавышала колькасьць крыжоў, усталяваных у Курапатах. Картэж праехаў, і ніхто тут нават не прытармазіў, не спыніўся”.

Разам зь Ігарам Кузьняцовым мы падыходзім да самай вялікай курапацкай магілы.

(Кузьняцоў: ) “Мы знаходзімся на тым месцы, дзе ў 1998 годзе, калі ладзілася ўжо трэцяе сьледзтва Вайсковай пракуратуры, археолягі Інстытуту гісторыі ўскрывалі гэтае пахаваньне. Тут было знойдзена 373 парэшткі. Тут былі стрэляныя гільзы маркіроўкі 1939–40 гадоў. Гэта так званая заходняя магіла. Удалося ідэнтыфікаваць, што тут былі людзі менавіта з гарадзенскай турмы. Адна з вэрсіяў, што тут былі расстраляныя афіцэры польскай арміі. Іх расстралялі згодна з пастановай Палітбюро ў 1940 годзе, усяго 24 тысячы чалавек, у Медным, пад Харкавым, а вось сьлед трох з паловай тысяч губляецца ў Менску. Зараз мы зьбіраемся зрабіць трасіроўку гэтага самага вялікага пахаваньня й усталяваць памятную шыльду”.

Сёньня ў Курапаты прыйшлі і валанцёры зь Беларускай партыі свабоды і Маладога Фронту, якія бралі ўдзел у васьмімесячнай вахце памяці ў Курапатах. Яны ўшанавалі памяць ахвяраў бальшавіцкага тэрору хвілінай маўчаньня.

Гаворыць актывіст партыі БНФ Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) “Лукашэнка вырашыў адкрыць кальцавую дарогу менавіта ў дзень кастрычніцкага перавароту. Такім чынам ён чарговы раз падкрэсьліў, што ён пераемнік тых страшных рэжымаў, якія былі на працягу ХХ стагодзьдзя на нашай зямлі і якія зьнішчылі мільёны беларусаў”.

Сёньня ж у Курапатах быў усталяваны яшчэ адзін крыж ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Адмыслова да дня кастрычніцкага перавароту яго прывезьлі ва ўрочышча актывісты БНФ з Салігорску.