Сьцюдзёныя ночы ў Курапатах

Ягор Маёрчык, Менск

Сёньня спынілася рэканструкцыя Менскай кальцавой аўтадарогі. Зранку будаўнікі не змаглі завесьці тэхніку — моцныя начныя маразы пераўтварылі салярку з вадкасьці ў студзень.

Абаронцы Курапатаў таксама пакутуюць ад холаду. Яны ўсё часьцей і часьцей прыходзяць у намёт пагрэцца. Тут, ля вогнішча, кіраўнік Беларускай партыі Свабоды Сяржук Высоцкі распавядае апошнія навіны з жыцьця валанцёраў:

(Высоцкі: ) "Ноч была самая халодная за апошні час. Маразы былі настолькі моцныя, што салярка зрабілася як кісель. Ледзь не загарэўся намёт. Цярушкі падалі на намёт — дзякуй Богу, заўважылі і затушылі".

Тым часам маладыя людзі працягваюць рабіць крыжы ды ўсталёўваць іх вакол курапацкага лесу. Гэтая праца не складаная, але вымагае вялікай сілы. Каб умацаваць крыж, трэба выкапаць ямку з паўмэтра глыбінёй. Але маразы такія моцныя, што пясок зрабіўся як каменны. І абаронцы Курапатаў вымушаныя дзяўбці глебу рыдлёўкамі, каб паглыбіцца на некалькі сантымэтраў.

Нядзеля для абаронцаў Курапатаў — гэта як бацькоўскі дзень у летніку. Прыкладна апоўдні сюды наведваюцца простыя людзі. Звычайна не з пустымі рукамі: найчасьцей яны прыносяць ежу альбо фундуюць сымбалічную суму грошай:

(Спадарыня: ) "Адзін мужык капейку нейкую перадаў. Казаў: атрымае грошы, купіць і прынясе прадуктаў. Купіце сабе што-небудзь. Я той раз была, дык ад сябе пяцёрку дала. І зараз я вам скварачку дам, дзеткі мае дарагія. Як вы тут маецеся?"

Абаронцы Курапатаў, напэўна, ня раз яшчэ ўзгадаюць добрым словам пэнсіянэрку Веру Дрэвец:

(Дрэвец: ) "Мы прыходзім кожную нядзелю. Прыносім ежу. А сёньня прынесьлі адзежу — куртку з капюшонам, цёплы швэдар, ваўняныя панчохі, капялюш вязаны — тое, што ім трэба".

(Карэспандэнт: ) "Гэтыя рэчы — вашыя ўласныя?"

(Дрэвец: ) "Уласныя! Мы перагледзелі, што можна сюды прынесьці. Па Свабодзе чулі, што трэба ім вопратка, дык мы бягом-бягом сабралі. Трэба дапамагчы. Я ж не галадую, значыць магу падзяліцца з тымі, хто стаіць на пярэднім пляне".

Штонядзелю ў Курапатах адбываецца традыцыйнае набажэнства. Сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч запрашае ўсіх памаліцца за спакой душаў бязьвінна загінулых ахвяраў сталінскага тэрору.