Ці адпавядаюць беларускія сайты сваім зьместам і формай патрабаваньням інтэрнэту; беларускія транспартныя старонкі ў сеціве

Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) “Ці адпавядаюць беларускія сайты патрабаваньням інтэрнэту: зьместам і формай? Кіраўнік кантэнт-студыі “Кантэкст” Аліса Бізяева мяркуе, што большасьці беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў далёка да дасканаласьці. Ад лета на сайце www.cont.ext.by студыя “Кантэкст” прапануе стваральнікам і ўладальнікам беларускіх сайтаў паслугі для дасканаленьня і падтрыманьня зьместу й формы інтэрнэт-старонак. З Алісай Бізяевай гутарыў Севярын Квяткоўскі…”

(Квяткоўскі: ) “Аліса Бізяева гаворыць, што ідэя стварэньня кантэнт-студыі ўзьнікла ў часе вывучэньня беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў”.

(Бізяева: ) “Тры гады я пісала пра беларускі інтэрнэт, і раптам зразумела, што пісаць няма пра што. Спачатку яго трэба напоўніць чымсьці. Хацелася дапамагчы тым людзям, якія ня ёсьць прафэсіяналы ў напісаньні тэкстаў, у журналістыцы. І зрабіць для наведнікаў беларускіх сайтаў больш цікавага”.

(Квяткоўскі: ) “Сайт www.cont.ext.by прапануе зацікаўленым найперш рэдактарскую працу, а таксама адаптацыю і стварэньне адмысловых паводле падачы інтэрнэт-тэкстаў…”

(Бізяева: ) “Тэкст для інтэрнэту мае свае асаблівасьці. Таму што чытаньне з экрану адрозьніваецца ад чытаньня з паперы. Тэкст павінен быць вельмі ляканічным, ясным зь першага прачытаньня. Таму што чалавек ня будзе да яго вяртацца ізноў — за час у інтэрнэце трэба плаціць грошы. Па-другое, вока стамляецца, калі чытаеш у інтэрнэце тэкст. Ёсьць яшчэ некаторыя псыхалягічныя і фізыялягіченыя моманты, якія трэба ўлічваць”.

(Квяткоўскі: ) “Паводле Алісы Бізяевай, бальшыня ўладальнікаў сайтаў ідуць простым шляхам дзеля напаўненьня сваіх старонак. Кіраўнік студыі “Кантэкст” праблему сфармулявала наступным чынам…”

(Бізяева: ) “Адсутнасьць беларускай інфармацыі. Большасьць інфармацыі ідзе з расейскіх рэсурсаў. Або гэтая інфармацыя дублюецца на адных сайтах і на іншых. Няма эксклюзіву, няма аўтарскіх матэрыялаў”.

(Квяткоўскі: ) “Што да расейскага досьведу, Аліса Бізяева цьвердзіць, што беларускі варыянт кантэнт-працы адрозьніваецца”.

(Бізяева: ) “У Расеі такія праекты ёсьць, але такіх асобных студыяў амаль што няма. Гэтым займаюцца студыі вэб-дызайну, але яны наймаюць спэцыяльных людзей. А ў нас у беларускіх студыях вельмі рэдка ёсьць копі-райтары і журналісты ў штаце”.

(Квяткоўскі: ) “Апрача рэдактарскай працы, студыя “Кантэкст” прапануе і журналісцкія паслугі. Рэгулярнае папаўненьне навінаў, стварэньне прэс-рэлізаў і гэтак далей. Нягледзячы на нераспаўсюджанасьць кантэнт-паслугаў у Беларусі, студыя “Кантэкст” ужо мае замовы…”

(Бізяева: ) “Як паказвае практыка, больш за ўсё патрабуюцца тэксты для сайтаў, якія толькі ствараюцца, і, па-другое, гэта прэс-рэлізы. Што людзі пагаджаюцца хутчэй на стварэньне таго тэксту, якога ўвогуле няма, чым на перарабленьне. Ім вельмі цяжка давесьці, што іх тэкст не падыходзіць, ці не адпавядае нормам чытаньня з экрану”.

(Квяткоўскі: ) “Зрэшты, спадзеў на перамогу зь інтэрнэт-непісьменнасьцю ў студыі “Кантэкст” ёсьць”.

* * *
(Цыганкоў: ) “Пра што распавядаюць беларускія транспартныя старонкі ў Сеціве? Карыстальнікі Інтэрнэту могуць наведаць фірмовыя ўэб-старонкі “Белавія” ды Беларускай чыгункі, але ня знойдуць афіцыйных сайтаў гарадзкога транспарту Менску. Нідзе няма і поўнага сьпісу лініяў сталічных маршутных таксовак”.

(Сьвірко: ) “Хаця лета амаль скончылася, адзіная нацыянальная авіякампанія “Белавія” паведамляе на сваім сайце www.belavia.by, што 20 верасьня “паводле шматлікіх просьбаў авіяпасажыраў” адбудзецца дадатковы рэйс Менск—Сімфэропаль. Але тыя, хто пажадае пагрэцца на крымскіх пляжах, ня трапяць пад праграму заахвочваньня частых пасажыраў “Белавія”. Гэтая сыстэма бонусаў прадугледжаная толькі для двух напрамкаў — на Маскву й на Прагу. Набраўшы 10 балаў за некалькі палётаў, можна атрымаць бясплатны квіток. На сайце “Белавія” ўжо можна замаўляць квіткі празь Інтэрнэт. Але там нічога не сказана пра першы “Боінг”, які набыла гэтая авіякампанія — калі й куды ён пачне лятаць. Затое сайт рэклямуе палёты ў Калінінград, для чаго непатрэбныя транзытныя візы. Такім спосабам “Белавія” канкуруе зь Беларускай чыгункай, якая таксама мае свой сайт www.rw.by.

Цікава, аднак, што Менскае аддзяленьне мае свой уласны сайт www.railwayminsk.by, з адрозным дызайнам і зьместам. Адзіная навіна на сайце — пра тое, што з 23 жніўня скасаваныя электрычкі на Аляхновічы, Тальку ды Пухавічы. На сайце Менскага аддзяленьня можна паглядзець расклад і кошт праезду ў цягніках далёкага злучэньня, а таксама пабачыць асобную старонку “Малой Беларускай чыгункі” — дзіцячай вузкакалейкі ў сталічным парку Чалюскінцаў. Там ёсьць фотаздымкі й паведамленьне пра тое, што ў апошнюю нядзелю жніўня дзіцячая чыгунка спыняе сваю працу да 1 траўня.

Але часьцей за самалёты й чыгунку жыхары Менску карыстаюцца гарадзкім транспартам — аўтобусамі, тралейбусамі, трамваямі ды мэтро. Менскі мэтрапалітэн толькі распрацоўвае свой уласны сайт, але ў Сеціве існуюць тры неафіцыйныя старонкі сталічнай падземкі. Зь іх рэгулярна абнаўляецца толькі адна — www.bymetro.narod.ru, аўтар якой — менскі студэнт Дзяніс, які прасіў не называць ягонага прозьвішча.

Нядаўна ён правёў на сайце дзьве акцыі пратэсту супраць перайменаваньня станцыяў “Ракаўская” і “Плошча Незалежнасьці”.

(Дзяніс: ) “Калі была першая акцыя пра перайменаваньне станцыі “Спартыўная”-“Ракаўская”, эфэкт быў даволі вялікі. Наведваньне рэзка вырсала, вельмі сур’ёзна. І галасаваньне было вельмі актыўным. Дадзеныя былі вельмі цікавыя: 99% супраць “Спартыўнай” і толькі 1 за. А другая — наконт “Пляцу Леніна” — у зьвязку з тым, што ўжо афіцыйна перайменавалі, — акцыя неяк заціхла. Прыблізна зваротаў да старонкі на дзень каля 300 звычайна. У дзень абнаўленьня можа даходзіць і да тысячы. Але гэта рэдка бывае. Унікальных наведнікаў, можа, чалавек 25. Ад 25 да 40”.

(Сьвірко: ) “Дзяніс спадзяецца, што зь перакладам на беларускую яму дапамогуць, і беларускамоўная вэрсія сайту нарэшце зьявіцца. А чэскі варыянт вельмі сьціслы ды быў зроблены цалкам выпадкова.

Яшчэ адзін зьмястоўны сайт пра гарадзкі транспарт Менску — bytrans.by.ru. Яго разьдзелы пра мэтро ды аўтобусы пакуль знаходзяцца ў распрацоўцы, але стваральнік сайту Сяргей Семчанкаў зрабіў тралейбусную і трамвайную часткі вельмі насычанымі фатаграфіямі, разнастайнай бягучай і гістарычнай інфармацыяй. На агульнай схеме руху трамваяў і тралейбусаў можна ўбачыць нават, якія дэпо абслугоўваюць якія маршруты. Ёсьць поўныя зьвесткі ледзь не пра кожны менскі тралейбус, і нават расклад руху па маршрутах 2-га дэпо. Цікава пачытаць “расказы бывалых” — тралейбусных кіроўцаў пра розныя гісторыі на маршрутах. Чытачы даведаюцца, што Менск — гэта тралейбусная сталіца сьвету, таму што толькі тут вялізная канцэнтрацыя гэтага віду транспарту. А вось трамваі зь менскіх вуліцаў паступова зьнікаюць. Састаў цяпер абнаўляецца толькі карыстанымі вагонамі зь нямецкага гораду Карлсруэ, якія хадзілі там па 30 гадоў. Амаль усю інфармацыю як пра іх, гэтак і пра старыя трамваі, зробленыя ў Рызе, можна даведацца на сайце спадара Семчанкава.

Афіцыйных сайтаў пра гарадзкі транспарт у Беларусі няма. І нават неафіцыйна нельга паглядзець сьпіс усіх менскіх маршрутак, якія апошнім часам сталіся вельмі папулярнымі”.