Сталі вядомыя вынікі інтэрнэт-конкурсу, які ладзіўся ў межах штогадовай выставы ТІБО’2003. Выстава была прысьвечаная дасягненьням у тэлекамунікацыях ды інфармацыйных і банкаўскіх тэхналёгіях. Арганізатары – найперш дзяржаўныя структуры: Нацыянальная Акадэмія навук, Міністэрства сувязі, Міністэрства інфармацыі, Менгарвыканкам, Нацыянальны банк, БДУ ды іншыя. Большая частка пераможцаў інтэрнэт-форуму таксама належыць дзяржаўным структурам. На ўрачыстым ўзнагароджаньні пераможцаў пабываў наш карэспандэнт Севярын Квяткоўскі:
(Квяткоўскі: ) “З больш як чатырохсот пададзеных на конкурс вэб-праектаў журы ў першы тур адабрала 126, а ў другі тур – 47 сайтаў. Зь іх 17 атрымалі спэцыяльныя дыплёмы, а 18 – вышэйшыя ўзнагароды.
Прэзэнтацыя вынікаў конкурсу ладзілася ў малой залі Палаца Рэспублікі:
(Вядоўца: ) “У намінацыі “Органы дзяржаўнае ўлады й кіраваньня” ўзнагароджваецца сайт прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (воплескі)”.
Прэзыдэнцкі сайт ішоў першым у сьпісе і ня меў камэнтароў. У адрозьненьне ад усіх астатніх:
(Вядоўца: ) “Прывабнае візуальнае афармленьне, добрая функцыянальнасьць, паўнавартаснае адлюстраваньне навінаў па ўсіх тэматыках”.
Гэта пра сайт газэты “Вечерний Минск”. Сярод названых дзяржаўных сайтаў перамаглі таксама сайты бібліятэкі імя Янкі Купалы, аптэчнай інфармацыйнай службы 069, сайт Акадэміі навук пад назвай “Англамоўны рэсурс Беларусі”, FM-станцыя БДУ “Юністар”, мэдычны сайт Міністэрства аховы здароўя і сайт Нацыянальнага Алімпійскага камітэту. Пра прэзэнтацыю сайту прыгадвае прэс-сакратар Алімпійскага камітэту Пётар Рабухін, ён кажа пра вэтэранаў спорту:
(Рабухін: ) “Была прэзэнтацыя вэб-сайту, шмат хто зь іх забыўся на свае галы, ачкі, сэкунды. Але, гледзячы на сайт, яны могуць атрымаць усю гэтую інфармацыю, там усё гэта ёсьць”.
Сярод недзяржаўных узнагародзілі сайты “Беларускі фатаграфічны альманах”, некалькі фірмаў, адзін забаўляльны сайт, старонку па гадаваньні немаўлятаў і сайт ААН.
Сярод пераможцаў конкурсу беларуская мова прысутнічае толькі на адным сайце – “Беларускі фатаграфічны альманах”, які прысьвечаны гісторыі й сучаснасьці беларускага фотамастацтва. Сярод дыплямантаў паўнавартасныя беларускамоўныя вэрсіі маюць толькі сайт Тэатру імя Янкі Купалы і пэрсанальная старонка пісьменьніка Леаніда Дайнэкі.
Нягледзячы на вялікую колькасьць пададзеных на інтэрнэт-конкурс ТІБО’2003 вэб-праектаў, Беларусь па-ранейшаму застаецца ў хвасьце эўрапейскіх краінаў што да “інтэрнэтызацыі” насельніцтва. На думку міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага, адставаньне зьвязанае з магчымасьцямі нашае сувязі:
(Падгайны:) “З магчымасьцямі пракладкі оптыка-валаконнае сувязі па Рэспубліцы Беларусь”.
(Квяткоўскі: ) “Белтэлеком, ён зараз манапаліст на тэлекамунікацыі. Ці можа ў нас быць нейкі іншы яшчэ?”
(Падгайны:) “Шчыра кажучы, я ня ведаю, хто б узяўся сёньня за тое, каб пракладваць тэлекамунікацыі. Гэта не такая ўжо танная гульня”.
(Квяткоўскі: ) “Пакуль што на інтэрнэце і зарабіць немагчыма...”
(Падгайны:) “Я з вамі магу толькі пагадзіцца”.
Тым ня менш, інтэрнэт-конкурсы арганізатары выставы ТІБО плянуюць зрабіць штогадовымі”.
* * *
Зусім нядаўна ў Сеціве зьявіўся сайт, прысьвечаны творчасьці Васіля Быкава – http://bykau.by.ru/. Магчыма, гэта прагучыць дзіўна, аднак пакуль гэта першая падобная старонка ў Інтэрнэце, прысьвечаная творчасьці самага вядомага беларускага пісьменьніка. На сайце разьмешчаныя творы Васіля Быкава, інтэрвію зь ім, артыкулы апошніх гадоў пра ягонае знаходжаньне ў Нямеччыне і Чэхіі. Мы зьвязаліся з аўтарам гэтага сайту, Аляксеям Патапенкам зь Менску. Аляксею 16 гадоў, ён навучэнец юрыдычнай гімназіі.
(Цыганкоў: ) “Калі я не памыляюся, дасюль аналягу такога сайту няма?”
(Патапенка: ) “Так, няма. Таму я яго і стварыў. Аднойчы мне спатрэбілася інфармацыя пра Васіля Быкава, і каб яе знайсьці, прыйшлося ісьці ў розныя пошукавыя сістэмы, уводзіць імя і праглядаць дзясяткі розных старонак. Таму я сабраў усё, што мог знайсьці, і разьмясьціў на сваім сайце”.
(Цыганкоў: ) “Вы думаеце, што знайшлі пра Васіля Быкава ўсё, што на сёньня ёсьць у Сеціве ці яшчэ не?”
(Патапенка: ) “Вядома, не. Інфармацыя зьяўляецца з кожным днём – кнігі, артыкулы, камэнтары наконт асобы Васіля Быкава. Ёсьць яшчэ шмат чаго шукаць”.
(Цыганкоў: ) “Вашае жаданьне стварыць такі сайт выклікана захапленьнем творчасьцю Быкава, ці вы лічыце, што проста павінен існаваць сайт пра самага вядомага беларускага пісьменьніка?”
(Патапенка: ) “Гэта выклікана захапленьнем. Па-першае, ягонай перадапошняй кнігай “Пахаджане”, якая мяне вельмі ўсхвалявала. Пасьля я ўжо зацікавіўся усёй ягонай творчасьцю і прачытаў іншыя творы Быкава”.
(Цыганкоў: ) “Пакуль на сайце больш твораў Быкава на расейскай мове, чым на беларускай. Ці азначае гэта, што ў Інтэрнэце Быкава можна часьцей знайсьці па-расейску?”
(Патапенка: ) “Пакуль гэта сапраўды так. Бо расейскіх сайтаў больш як беларускіх. Але на маёй старонцы ёсьць творы Быкава і на беларускай, і нават на польскай мове”.
Аляксей Патапенка, аўтар сайту пра творчасьць Васіля Быкава, таксама паведаміў нам, што спадзяецца сустрэцца з пісьменьнікам, калі той наведае Менск.
* * *
Адным з найбольш адметных сайтаў, што зьявіліся за апошні час, можна назваць старонку “Кухар дасканалы”. Яе аўтары відавочна ставяць сваёй мэтай ня простае знаёмства з кулінарнымі рэцэптамі беларускай кухні, а больш грунтоўнае паглыбленьне чытача ў гісторыю і філязофію нацыянальнага кухарства. На сайце разьмешчаныя клясычныя творы беларускай літаратуры (Змітрака Бядулі, Уладзімера Караткевіча, Адама Міцкевіча), у якіх закранаецца тэма гатаваньня і кухарства. Дарэчы, у разьдзеле “гастраномія” на старонках сайту выстаўленыя шэраг перадачаў з праграмы “Беларуская Атлянтыда” Беларускай службы Радыё Свабода. Яны прысьвечаныя гісторыі зьяўленьня і ўкараненьня ў Беларусі бульбы, піва, гарбаты, вырабу сыроў і селядца. Больш прадрабязна пра “Кухар дасканалы” распавядае аўтар сайту Андранік Антанян:
(Цыганкоў: ) “Пакуль “Кухар дасканалы” выглядае больш як сайт пра літаратуру пра кухарства, чым пра самое кухарства. Ці бы будзеце працягваць такую тэндэнцыю, ці на сайце зьявіцца больш рэчаў пра кулінарнае майстэрства?”
(Антанян: ) “Артыкулы, прысьвечаныя гастраноміі, ня менш важныя, чым канкрэтныя рэцэпты. Але я думаю, што практычныя рэчы будуць куды больш часьцей зьяўляцца на сайце, атрымаюць большы аб’ём”.
(Цыганкоў: ) “Гэтыя практычныя рэчы, па-вашаму, павінны мець нейкую турысцкую накіраванасьць ці быць для беларусаў, якія хочуць пашырыць свае веды ў гэтай тэме?”
(Антанян: ) “Разумееце, у гэтым пытаньні самі беларусы зьяўляюцца да некаторай ступені турыстамі. На замежнікаў гэта не скіравана – гэта для таго, каб пазнаць сябе. Звычайна людзі апэлююць ня столькі сваімі ведамі, колькі мітамі пра веды. І беларуская кухня – такі міт, які ствараецца з бульбы і дранікаў...”
(Цыганкоў: ) “Вы лічыце гэты міт нэгатыўным?”
(Антанян: ) “У першую чаргу нэгатыўны. Можна доўга распавядаць, чаму і адкуль ён зьявіўся – пра нясмачнасьць і “прымітыўнасьць” беларускай кухні. Думаю, што наш сайт – гэта толькі пачатак, мусіць рабіцца праца фіксацыі. Мы можам даць штуршок для іншых людзей. Бо пакуль на даляглядзе за 12 апошніх гадоў выйшла толькі адна больш–менш цікавая і арыгінальная кніжка па гісторыі беларускай кухні – “Старадаўняя беларуская кухня” Галіны Тычкі і Эдварда Зайкоўскага”.
(Цыганкоў: ) “Ваш сайт усё-ткі будзе мець больш культурніцкую накіраванасьць? Ён ня будзе проста голым сайтам рэцэптаў?”
(Антанян: ) “Кулінарыя як “від спорту” вельмі шматбаковая. І каб дасягнуць дасканаласьці, трэба ня толькі ведаць прапорцыі і рэцэпты, ня толькі спраўна працаваць нажом і іншымі інструмэнтамі. Аднак трэба ўяўляць, дзе ты знаходзішся і што ты робіш. Іначай гэта проста бузе марная трата часу”.
(Цыганкоў: ) “Беларуская кухня, як і, бадай, кухня кожнага народу, дзеліцца на паўсядзённую, простую і больш урачыстую, сьвяточную. На што бы вы хацелі зьвярнуць большую ўвагу на сайце?”
(Антанян: ) “І на тое, і на ішнае. Проста гэтая тэма да такой ступені не кранутая. Сьвяточная кухня, вядома ж, мае большую пэрспэктыву – бо з часам мусіць жа аформіцца ў Беларусі на нармальным узроўні грамадзкае харчаваньне. Аднак паўсядзённая кухня таксама вельмі цікавая. Трэба за гэтым назіраць, рабіць высновы і думаць, што мы павінны ўзяць зь мінулага ў сёньняшні дзень, а ад чаго даводзіцца адмаўляцца. І разам з гэтым адмаўляцца ад шэрагу стэрэатыпаў, напрыклад, бульбянога”.