Удзельнікі: намесьнік кіраўніка віцебскай гарадской філіі прафсаюзу “Пэрспэктыва” Барыс Элькін і галоўны рэдактар Інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Аляксандар Класкоўскі.
(Валер Карбалевіч: ) “Страйкі прыватных прадпрымальнікаў — чыста беларускі фэномэн. У іншых суседніх краінах такіх працэсаў не адбываецца. Прычым, такія страйкі сталі зьяваю звыклаю. Яны абываюцца кожны год. У мінулым годзе зьявілася новая форма пратэсту прадпрымальнікаў — галадоўка. У Ваўкавыску правялі галадоўку прадпрымальнік Аўтуховіч, гаспадар прыватнай фірмы таксовак, і працоўныя ў яго кіроўцы таксовак. Цяпер канфлікт пачаўся з галадоўкі віцебскіх прадпрымальнікаў. І агульнанацыянальны страйк стаўся формаю салідарнасьці з гэтымі людзьмі. Ці есьць гэта нейкім новым крокам ў прадпрымальніцкім руху? Чаму леташняя галадоўка кіроўцаў таксовак у Ваўкавыску ня выклікала хвалі салідарнасьці, а цяпер гэта адбылося?”
(Барыс Элькін: ) “Галадоўка ў Ваўкавыску мела больш прыватны характар. А галадоўка ў Віцебску мае дачыненьне да большасьці прыватных прадпрымальнікаў. І сапраўды, галадоўка са страйкам — гэта новая зьява. Гэтыя падзеі адбыліся стыхійна. Нават наш прафсаюз “Пэрспэктыва” быў не гатовы да такіх падзеяў. Гэта ненармальная сытуацыя, што людзі, якія зьяўляюцца працадаўцамі, вымушаныя браць удзел у такой акцыі пратэсту”.
(Аляксандар Класкоўскі: ) “Упершыню каталізатарам такой агульнанацыянальнай акцыі стала галадоўка ў Віцебску. Леташнюю галадоўку ў Ваўкавыску не падтрымалі, і гэтыя кіроўцы таксовак пэўны час былі ў вакууме. Цяпер атрымаўся такі рэзананс. Гэты новы момант выйгрышны для прадпрымальнікаў у сэнсе піяру. Таму што ў часткі грамадзтва, магчыма, пад уплывам дзяржаўных СМІ склалася ўражаньне, што ініцыятары страйку маюць свае ўласныя амбіцыі. Мы памятаем, што адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху спрабаваў балятавацца кандыдатам у прэзыдэнты. А цяпер страйк у падтрымку галадоўнікаў можа выклікаць спачуваньне людзей.
Разам з тым, бачныя ўсе хібы прадпрымальніцкага руху, пра якія неаднойчы даводзілася гаварыць. Найперш, для яго характэрная такая сытуацыйная рэакцыя. Улады ціснуць, прадпрымальнікі адбіваюцца. Гэта тыповая рэакцыя чалавека, якога заганяюць у кут. Ён інстыктыўна махае рукамі, каб адмахнуцца. Але не адчуваецца бачаньня пэрспэктывы ў арганізатараў акцыі. Як правіла, яны вылучаюць патрабаваньні нэгатыўнага кшталту: адмяніць ці скасаваць нейкі дэкрэт альбо пастанову.
Трэба канцэптуальны падыход. Умоўна кажучы, патрэбна, каб прадпрымальнікі выступалі з праграмаю разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу. Каб перавесьці пытаньне на іншы ўзровень і паспрабаваць наладзіць дыялёг з уладамі. Пакуль гэтага не адчуваецца”.
(Элькін: ) “Прабачце, але вы, відаць, не чыталі нашых улётак, у якіх мы вылучаем свае патрабаваньні. Мы чакаем сустрэчы з прадстаўнікамі аблвыканкаму. Адно з нашых патрабаваньняў — гэта ініцыяваньне прыняцьця закону аб прадпрымальніках і праграммы аб патэнтнай сыстэме”.
(Карбалевіч: ) “Падчас усіх папярэдніх страйкаў прадпрымальнікі ў асноўным апэлявалі да ўлады. А ці спрабавалі ўдзельнікі пратэсту зьвяртацца да грамадзтва? Магчыма, гэта было бы больш эфэктыўна? Звычайна падчас страйкаў з вуснаў іх арганізатараў гучаць такія матывы: у нас чыста эканамічныя патрабаваньні, ма па-за палітыкай. Магчыма, у дыстанцыяваньні ад палітыкі і палягае прычына невысокай выніковасьці страйкаў? Якія адносіны прадпрымальнікаў з партыямі, іншымі грамадзкімі арганізацыямі?”
(Элькін: ) “Наш лідэр, кіраўнік прафсаюзу “Пэрспэктыва” Шумчанка на прэс-канфэрэнцыі ў чацьвер сказаў, што мы з усімі, хто нас падтрымлівае. Але мы ня ставім сабе глябальных задачаў, мы ня супраць прэзыдэнта альбо ўлады. Мы не палітычная партыя. Але, у той жа час, адзначыў Шумчанка, нас падштурхоўваюць да таго, каб мы сталі, магчыма, палітычнай партыяй. Нас падштурхоўваюць да таго, каб прадпрымальнікі, людзі мірнай прафэсіі, сталі жаўнерамі. Што тычыцца адносінаў з партыямі, то цяпер у Віцебску прадстаўнікі партыяў любымі магчымымі шляхамі імкнуцца зьявіцца на фота ці ў відэарэпартажы. Складваецца ўражаньне, што яны маюць нейкія свае ўласныя мэты: магчыма, паехаць у ЗША ці атрымаць грант. Зразумела, што прадпрымальнікаў гэта раздражняе”.
(Класкоўскі: ) “Нават з словаў спадара Элькіна можна зразумець, што няма вялікага разуменьня паміж прадпрымальнікамі і партыямі. З аднага боку, можна зразумець прадпрымальнікаў. Бо яны баяцца ўцягвацца ў палітыку, баяцца, што на іх адразу налепяць ярлык, умоўна кажучы, “ворагаў народу”. Зь іншага боку, магчыма, і партыі не знаходзяць патрэбнага падыходу. Таму што калі на першым пляне толькі меркаваньне нейкага піяру, то натуральна, гэта таксама адштурхоўвае прадпрымальнікаў. Але гэта павінна быць вуліца з двухбаковым рухам.
Меркаваць, што можна комплексна вырашыць праблемы прадпрымальнікаў, вылучаючы толькі эканамічныя патрабаваньні, трохі наіўна. Кардынальнае вырашэньне праблемаў, зьвязанае з разьвіцьцём прадпрымальніцтва, стварэньне спрыяльнага рынкавага асяродзьдзя немагчымае без кардынальных палітычных рэформаў. Таму спалучэньне эканамічных патрабаваньняў прадпрымальнікаў з палітычнымі задачамаі і зьменамі лягічнае і непазьбежнае.
Іншы аспэкт — апэляцыя да грамадзтва. Вось напрыклад, з Горадні мясцовыя кіраўнікі страйку паведамляюць, што ўладам удалося стварыць інфармацыйны вакуум. Шмат гараджанаў прыйшло на рынкі, людзі былі раздражнёныя тым, што яны не працуюць. Вось і спадар Элькін кажа, што ў нас ва ўлётках такія добрыя патрабаваньні. Але ж аб іх мала хто ведае. Таму паўстае пытаньне інфармаваньня грамадзтва. Прычым, трэба падаваць інфармацыю так, каб людзі разумелі, што “чаўнакі” адстойваюць ня толькі свае карпарацыйныя, ці проста кажучы, шкурныя інтарэсы, а што палітыка ўлады б’е па матэрыяльных інтарэсах кожнага чалавека. І гэта будзе пашыраць сацыяльную базу гэтага руху”.
(Элькін: ) “Сёньня шкурныя інтарэсы “чаўнакоў” — гэта адначасова і шкурныя інтарэсы ўсіх грамадзянаў”.
(Карбалевіч: ) “Так, але ці разумеюць гэта грамадзяне, вось у чым праблема”.
(Элькін: ) “Грамадзяне разумеюць. Яны прыходзяць да галадоўнікаў, падтрымліваюць іх, прыносяць грошы, тэлефануюць. Партыі распаўсюдзілі ўлёткі. Мы таксама распаўсюджвалі ўлёткі ня толькі сярод прадпрымальнікаў, але і сярод усяго насельніцтва. Людзі разумеюць, што прадпрымальнікі ўносяць у бюджэт кожны месяц 90 мільёнаў даляраў”.
(Карбалевіч: ) “Так, дачыненьні паміж прадпрымальнікамі й партыямі і грамадзкімі арганізацыямі — найбольш вострая і балючая праблема. У чацьвер падчас справаздачы ўраду Лукашэнка выказаўся ў адносінах да пратэсту прадпрымальнікаў даволі спакойна і нават, можна сказаць, ляяльна, прапанаваў уладам ўважліва паставіцца да прэтэнзіяў удзельнікаў пратэсту. Як бы вы пракамэнтавалі гэтую заяву Лукашэнкі?”
(Элькін: ) “Да прызыдэнта, мусіць, дайшлі тыя высілкі, тая праца, якую робіць прафсаюз “Пэрспэктыва”. Ён разумее ролю тых грошай, якія атрымлівае дзяржбюджэт ад прадпрымальнікаў. Я спадзяюся, што яму адкрыліся вочы. Што нашыя грошы, адрозна ад дзяржаўнага гандлю, гэта рэальныя грошы. І як можна бязь іх абысьціся ва ўмовах канфлікту з Расеяй і эканамічных праблемаў? Хочацца спадзявацца, што гэта не піяр, а нас пачулі. Але перамовы з аблвыканкамам яшчэ не пачаліся. Яны ад нас запатрабавалі папераў аб нашых паўнамоцтвах. Мы такія паперы прад’явілі і чакаем”.
(Класкоўскі: ) “Я бы адзначыў тут некалькі момантаў. Па-першае, Лукашэнка сказаў сваю рэпліку ў кантэксьце з “справаю Жураўковай”. Цяпер павысілася ўвага грамадзтва да розных камэрцыйных структураў, якія працуюць пад патранажам Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. І шмат у каго магла зьявіцца думка, што набліжаным да кіраўніка дзяржавы гаспадарчым структурам дазволена ўсё, а гэтых няшчасных чаўнакоў заціскаюць. Таму ў гэтай сытуацыі рабіць “наезд” на прыватных прадпрымальніка для уладаў нявыгадна.
Па-другое, існуюць так бы мовіць, электаральныя матывы. Увосень адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў. Для ўлады лепей, каб яны прайшлі на спакойным грамадзка-палітычным фоне. А чаўнакі, іх сем’і, людзі якія працуюць зь імі — гэта даволі шырокі пласт грамадзтва. А можа яшчэ маецца на ўвазе нейкая іншая электаральная кампанія, зьвязаная з пралянгацыяй прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Учора з вуснаў Лукашэнкі прагучала характэрная фраза: “Гэта таксама нашыя людзі”. А гэта сымптаматычна, таму што такія матывы гучаць у кантэксьце электаральных кампаніяў”.
(Карбалевіч: ) “Хацеў бы толькі заўважыць, што рэпліка Лукашэнкі ў адносінах да пратэстуючых прадпрымальнікаў прагучала амаль адначасова з камандаю ліквідаваць усе структуры пасярэднікаў у беларускай эканоміцы. Ён сказаў: “Жульля, якое купляе і перапрадае, у краіне быць не павінна”. Але прабачце, чаўнакі таксама купляюць і перапрадаюць. Таму я не магу быць такім аптымістычным у адносінах палітыкі дзяржавы да прадпрымальнікаў”.