Якія вынікі Лукашэнкавай он-ляйн канфэрэнцыі?

Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: галоўны рэдактар Інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” (naviny.by) Аляксандар Класкоўскі і экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў.

(Валер Карбалевіч: ) “Прэсавая канфэрэнцыя Лукашэнкі, хоць і не адбылася ў аб’яўленым фармаце ў Інтэрнэце, выклікала пэўную цікавасьць у СМІ. Яна праводзіцца празь дзесяць дзён пасьля безвыніковага паседжаньня найвышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі ў Маскве. Цікава, што адразу пасьля паседжаньня кіраўнікі дзяржаваў ніяк не пракамэнтавалі вынікаў сустрэчы. Лукашэнку спатрэбілася дзесяць дзён, каб асэнсаваць падзею і выказаць пазыцыю беларускага боку на праблемы інтэграцыі з Расеяй.

У асноўным тыя тэзы, якія прагучалі, добра знаёмыя. У чым жа сэнс правядзеньня прэс-канфэрэнцыі? Што і каму хацеў сказаць Лукашэнка? І чаго больш было ў выступе Лукашэнкі: абароны ці атакі?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Вы слушна заўважылі, што прагучалі ў асноўным знаемыя тэзы. Прычын правядзеньня такога незвычайнага мерапрыемства некалькі. Па-першае, шмат крытыкі прагучала з нагоды апошняга паседжаньня вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы. Афіцыйны парадак дня быў пусты. З аднаго боку, гэта была абарона Лукашэнкам сваіх пазыцыяў, спроба перакласьці адказнасьць за прабуксоўку інтэграцыйных працэсаў на Маскву. Але зь іншага боку, беларускі афіцыйны лідэр згодна з сваёй звычайнай мэтодай дзейнічае па прынцыпу: найлепшая абарона — гэта напад. Таму, здаецца, упершыню пэрсанальна названыя “ворагі інтэграцыі”, “крамлёўскія ананімы”, якія агучвалі непрыемныя ацэнкі інтэграцыйнага працэсу і пэрсаналныя ацэнкі беларускага лідэра.

Чарговы раз Лукашэнка прапанаваў пакетны падыход: увядзеньне расейскага рубля ў Беларусі ў абмен на прыняцьцё канстытуцыйнага акту. Мэта такіх заяваў: пацьвердзіць сваю пазыцыю і нешта выгандляваць у гэтым працэсе”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Пасьля апошняга саміту ў Маскве афіцыйных заяваў першых асобаў дзьвюх краінаў не адбылося. Але быў камэнтар ананімных крыніцаў з Крамля з дрэннымі ацэнкамі пазыцыі Беларусі. І таму ў Менску было вырашана даць афіцыйны адказ і растлумачыць пазыцыю Беларусі. Масква назвала сытуацыю ў беларуска-расейскіх дачыненьнях патавай. Лукашэнка адзначыў, што яна непатавая, і ён яе патавай ніколі не разглядаў. Але ў той жа час кіраўнік дзяржавы заўважыў, што мы не зрабілі ні кроку наперад, але і не адышлі ні кроку назад. Здаецца, такая пазыцыя блізкая да патавай сытуацыі.

Што тычыцца таго, чаго было больш у заявах Лукашэнкі: апраўданьня, адказу на абвінавачаньні, ці атакі на кіраўніцтва Расеі? Здаецца, што тут было і тое, і другое. Напрыклад, абнародаваньне прозьвішчаў крамлёўскіх чыноўнікаў, якія камэнтавалі сустрэчу ў Маскве — гэта напад. Інакш гэта расцэньваць нельга. Але прынцыповая згода ўвесьці расейскі рубель у Беларусі, прычым, нават у заплянаваныя тэрміны — гэта, на мой погляд, абарона”.

(Карбалевіч: ) “Абодва мае суразмоўцы зьвярнулі ўвагу на тое, што былі названыя прозьвішчы, так бы мовіць, “ворагаў інтэграцыі”. Гэта намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Прыходзька і сам кіраўнік адміністрацыі — “рэжысэр”, як сказаў Лукашэнка, Валошын.

Тут цікавая вось якая акалічнасьць. Беларуская тэлебачаньне, “Советская Белоруссия” шмат распавядалі наконт “ананімных крыніцаў”. Яны заяўлялі, што на самай справе ніякіх ананімных крыніцаў няма, гэта выдумкі маскоўскіх журналістаў. І вось цяпер Лукашэнка абверг афіцыйных камэнтатараў і прызнаў гэтыя крыніцы, назваў іхнае прозьвішча. І палеміка зь імі стала галоўнаю тэмаю прэс-канфэрэнцыі. Прызнаўшы сапраўднасьць існаваньня крамлёўскіх крыніцаў, Лукашэнка прызнаў сапраўднасьць крамлёўскіх ацэнак паседжаньня найвышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы”.

(Класкоўскі: ) “Найперш трэба адзначыць, што гэта вельмы востры і амаль недыпляматычны выпад Лукашэнкі. Можна дапусьціць, што ў кіраўніцтва Беларусі ёсьць надзейныя каналы інфармацыі ў Маскве. Але выносіць на шырокую публіку такія дэталі не прынята. І гэта выклік Крамлю.

Але тут ёсьць момант няшчырасьці. Усім зразумела, што Валошын і Прыходзька — людзі Пуціна. Інакш яны б не працавалі ў адміністрацыі. Калі сапраўды ўявіць, што яны былі рэжысэрамі гэтай акцыі і ініцыятарамі распаўсюду зьвестак, якія выстаўляюць у непрыглядным сьвятле кіраўніцтва Беларусі, то яны адлюстроўваюць пазыцыю свайго кіраўніка — Пуціна. У Лукашэнкі не хапае рашучасьці абвінаваціць Пуціна. Але ж усім усё зразумела, што гэта камень у агарод Пуціна. У зьвязку з гэтым, не зусім зразумела, як Лукашэнка бачыць інтэграцыйны прарыў, пасьля таго, як Пуцін выйграе выбары і ягоныя пазыцыі ўмацуюцца (так сказаў Лукашэнка). Таму што, калі пазыцыі Пуціна ўмацуюцца, то ён будзе яшчэ больш упэўнена весьці непрыемную для Беларусі палітычную лінію”.

(Фёдараў: ) “Калі Лукашэнка наўмысна назваў ворагаў інтэграцыі, значыць ёсьць нейкія прычыны, якія падштурхнулі да гэтага. Гэта можа азначаць, што кіраўнік Беларусі й без дапамогі Расеі здольны вырашыць свае праблемы, напрыклад, правесьці рэфэрэндум”.

(Карбалевіч: ) “Тут ёсьць яшчэ адзін аспэкт. Лукашэнка сказаў, што галоўны рэжысэр гэтай антыбеларускай акцым — Валошын. Тады ўзьнікае пытаньне, хто ж тады Пуцін, якая ягоная роля ў палітычным жыцьці расейскай дзяржавы?

Хацеў бы зьвярнуць увагу яшчэ на адзін сюжэт з прэс-канфэрэнцыі Лукашэнкі. Ён сказаў, што перадвыбарчая кампанія ў Расеі — гэта ня вельмі ўдалы пэрыяд для разьвіцьця беларуска-расейскай інтэграцыі. Але падаецца, што тут Лукашэнка не зусім шчыры. Калі сапраўды, гэты пэрыяд не зусім зручны для беларуска-расейскай інтэграцыі, тады навошта Лукашэнка так шмат увагі надае гэтаму пытаньню? Чаму ён увесь час апэлюе да расейскага грамадзтва, працуе з расейскімі журналістамі, прывозіць іх ў Менск. Чаму проста не пачакаць паўгоду?”

(Класкоўскі: ) “У зьвязку з гэтым згадваецца стары савецкі жарт, што ў нашай сельскай гаспадаркі ёсьць чатыры бяды: зіма, лета, восень і вясна. Я думаю, што гэта можна аднесьці і да інтэграцыі. Сёньня ёй перашкаджае перадвыбарчы пэрыяд, заўтра яшчэ нешта.

Калі рабіць рэзюмэ, то можна адзначыць, што сёньняшняе мерапрыемства — гэта яшчэ і вялікая піяр-акцыя ў духу Лукашэнкі. Ён па-майстэску працуе на масавую сьвядомасьць, электарат айчынны і расейскі. З улікам асаблівасьцяў масавай сьвядомасьці, яго фрагмэнтарнага характару. Просты чалавек рэдка зьвязвае у адзін лягічны ланцужок тое, што казаў Лукашэнка ўчора і кажа цяпер. Сёньня абвешчаныя адныя ворагі, заўтра знойдуцца іншыя. І гэтак бясконца”.

(Фёдараў: ) “Я дазволю сабе не пагадзіцца з Лукашэнкам на гэты раз. Па-першае, таму, што перадвыбарчая кампанія ў Расеі — выгадны момант для Беларусі. Вядома, што ў Расеі моцныя настроі на “аб’яднаньне”, як яны кажуць, зь Беларусьсю, а фактычна, паглынаньне Беларусі. І ўсе палітычыя сілы Расеі будуць выкарыстоўваць ідэю інтэграцыі зь Беларусьсю падчас выбарчай кампаніі. Па-другое, Лукашэнка сёньня сказаў яшчэ адну фразу, што пасьля перавыбраньня Пуціна інтэграцыя паскорыцца. Я сумняваюся. Магчыма яна і пойдзе шпарчэй, але ці ў тым кірунку, які задавальняе кіраўніка Беларусі? Хутчэй наадварот”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, калі прызнаць, што ў гэтым пытаньні Лукашэнка мае рацыю, перадвыбарчая кампанія ў Расеі — ня вельмі ўдалы пэрыяд для разьвіцьця беларуска-расейскай інтэграцыі, тады прыйдзецца прызнаць, што тэма дачыненьняў зь Беларусьсю ня вельмі цікавая для расейскага грамадзтва. Калі б было інакш, то гэтая тэма выйшла б на першы плян выбарчай кампаніі.

Усё ж вернемся яшчэ раз да галоўнай мэты гэтай атакі Лукашэнкі на расейскае кіраўніцтва. На што разьлічвае кіраўнік Беларусі? Ён лічыць, што пакрытыкаваўшы чарговы раз палітыку Крамля, можна такім чынам прымусіць яго пайсьці на нейкія саступкі?”

(Класкоўскі: ) “Беларуска-расейскі палітычны гандаль знаходзіцца ў цяжкай стадыі. Хай і не зусім пераканаўча, з нацяжкай прагучалі тыя ці іншыя тэзы, але цяпер мяч на баку Крамля. Яму трэба неяк апраўдвацца. Хай чухаюць патыліцы выведзеныя на чыстую ваду так званыя “ананімы”. Ідзе палітычная тузаніна, палітычны пінг-понг. Адзінае, што не разумела: чаму ўсё гэта называецца па інэрцыі “брацкім інтэграцыйным працэсам”?”

(Фёдараў: ) “Мне падаецца, што гэтая атака ўсё ж больш скіраваная на ўнутраны электарат. Гэтая інфармацыя зь сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі да расейскага насельніцтва ня дойдзе, я мяркую. Лукашэнку трэба нэўтралізавць для беларускага насельніцтва тую нэгатыўную для кіраўніцтва Беларусі інфармацыю, якая ішла з Масквы, папраўляць свой імідж”.

(Карбалевіч: ) “Мы пачулі і ўбачылі чарговы акт беларуска-расейскага канфлікту пад назвай “разьвіцьцё беларуска-расейскай інтэграцыі”.