Масква ідзе на кантакт зь беларускай апазыцыяй

Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Хадыка і намесьнік старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук.

(Карбалевіч: ) “На працягу апошніх дзесяці гадоў дачыненьні паміж расейскай кіроўнай элітай і беларускай апазыцыяй былі даволі напружанымі. Кіраўніцтва Расеі праводзіла курс на інтэграцыю зь Беларусью, падтрымлівала Лукашэнку. А вулічныя акцыі апазыцыі час ад часу насілі антырасейскі зьмест. Сытуацыя пачала трохі мяняцца яшчэ з прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г., калі Крэмль пайшоў на кантакты з альтэрнатыўнымі Лукашэнку кандыдатамі. У мінулым годзе, калі распачаўся востры канфлікт паміж Масквой і афіцыйным Менскам, блізкія да Крамля палітычныя сілы наладзілі стасункі з АГП. З удзелам гэтай партыі ў Маскве былі праведзеныя “грамадзянскія дэбаты”, адбыліся слуханьні ў Дзярждуме Расеі.

І вось цяпер адбыўся наступны крок. Блізкая да Крамля грамадзкая арганізацыя Рада замежнай і абароннай палітыкі правяла канфэрэнцыю ў Маскве з удзелам АГП і БНФ. Прычым, гэтая падзея адбылася на фоне наволі напружаных дачыненьняў паміж Масквою і Менскам па цэламу шэрагу пытаньняў. Пра што сьведчыць сам факт гэтай сустрэчы ў Маскве?”

(Хадыка: ) “Я перакананы, што запрашэньне такой прадстаўнічай дэлегацыі БНФ у Маскву — гэта сыгнал для Лукашэнкі. Згодна маіх уражаньняў ад паездкі, палітыка афіцыйнага Менску выклікае раздражненьне ў кіраўніцтва Расеі. У сэнсе прапаганды ідэі інтэграці Масква прайграе Лукашэнку. Маскоўскую палітэліту не задавальняе адкрыты антыамерыканізм беларускай палітыкі. Акрамя таго, чыняцца перашкоды ў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў расейскімі алігархамі. Апошняй кропляй для Крамля сталі прэтэнзіі Лукашэнкі на працягненьне сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.

Я ня думаю, што запрашэньне нас у Маскву азначае пошук Крамлём сваёй крэатуры ў шэрагах БНФ. Ускосна расейская эліта прызнала свае памылкі ў тым, што ўсё ставіла толькі на адну асобу. Таму знаёмства з сваімі апанэнтамі — гэта яшчэ адна, хоць і другарадная мэта”.

(Раманчук: ) “Найперш, з боку расейскіх экспэртаў гэта было знаёмства з людзьмі, якія прадстаўляюць значную частку беларускага грамадзтва. Меркаваньне аб гэтай частцы палітычнага спэктру ў Маскве было або нэгатыўнае, або не было ўвогуле. У Расеі існавалі міты, што правая беларуская апазыцыя настроеная антырасейскі, што яна імкнецца збудаваць нейкі мур на мяжы Беларусі й Расеі. Гэтыя міты трэба было разбурыць. І вельмі добра, што такая ініцыятыва была зробленая такімі блізкімі да Крамля людзьмі, як спадары Ніканаў і Караганаў. Таму я лічу, што гэта пачатак кампаніі па пошуку партнэраў з мэтай супрацоўніцтва зь незалежнай, дэмакратычнай і рынкавай Беларусьсю. Каб з гэтаю краінаю можна было нармальна гандляваць, рабіць інвэстыцыі. Гэтыя тэзы прагучалі з боку арганізатараў канфэрэнцыі. Усё гэта сьведчыць пра тое, што крэдыт даверу Крамля да Лукашэнкі скончыўся. І намаганьні Масквы накіраваныя на тое, каб максімум з 2006 году ў Беларусі было іншае кіраўніцтва”.

(Карбалевіч: ) “Зразумела, што расейская эліта і беларуская контрэліта маюць свае палітычныя інтарэсы. І праводзячы гэтую канфэрэнцыю, усе бакі сыходзілі з сваіх інтарэсаў, якія вельмі розныя. Тыя экспэрты, якія былі прадстаўленыя на канфэрэнцыі, прадстаўляюць празаходні, лібэральны кірунак палітычнай думкі Расеі. Хоць ён цяпер дамінуе ў палітыцы Расеі, існуюць і іншыя кірункі, якія глядязць на Беларусь па-іншаму. Ці магчымы тут нейкі кампраміс? У чым ён можа палягаць?”

(Хадыка: ) “Я думаю, што спадар Раманчук глядзіць вельмі аптымістычна на палітыку Расеі. Ня можа такая кансэрватыўная палітычная структура, якой зьяўляецца расейская эліта, так хутка зьмяніццца, адмовіцца ад імпэрскай палітыкі. А менавіта такая палітыка праводзілася ў дачыненьні Беларусі апошнія сем гадоў.

Я думаю, што арганізатары канфэрэнцыі ставілі іншую задачу. Адзін зь іх сказаў, што Эўропа прызнае любога, самага прамаскоўскага пераемніка Лукашэнкі. А для інтэграцыі Беларусі ў Эўропу Лукашэнка зьяўляецца вялікай перашкодай. У гэтым я бачу эўрапейскі сьлед ціску на Маскву.

Адказваючы канкрэтна на вашае пытаньне, думаю, што ўсеагульны кампраміс малаверагодны. А як у Маскве палітычная эліта неаднародная, так неаднародная контрэліта ў Беларусі”.

(Раманчук: ) “Я тут ужыў бы слова не “кампраміс”, а “супрацоўніцтва”. У кіроўнай эліты Расеі і контрэліты Беларусі зьяўляецца агульная мэта: як выйсьці з гэтага інтэграцыйнага тупіку. Патрэбная новая канцэпцыя разьвіцьця двухбаковых дачыненьняў.

Іншая праблема, як быць з той эканамічнай дапамогаю, якую аказвае Расея Беларусі. Трэба зыходзіць з таго, што народ беларускі не павінен пакутаваць ад магчымай страты расейскіх субсыдыяў. Таму варункі супрацоўніцтва нельга рабіць вельмі жорсткімі. Праблема ў тым, што гэтая расейская эканамічная падтрымка не даходзіць да шэраговага грамадзяніна. Яскравым прыкладам зьяўляецца цана на газ, якая для спажыўцоў зьяўляецца значна большай, чым яна пастаўляецца Расеяй.

Беларуская апазыцыя павінна выпрацаваць такую мадэль разьвіцьця, якая была б выгадная ня толькі Беларусі, але й адпавядала б стратэгічным інтарэсам Расеі. А гэтыя інтарэсы цяпер не супярэчаць інтарэсам ЗША і Эўразьвязу.

Той сыгнал, які атрымалі беларускія палітычныя колы, ідзе ад Крамля. Я мяркую, што пасьля парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі больш акрэсьленай у дачыненьні да Беларусі будзе і палітыка расейскіх палітычных партыяў. Не толькі СПС, як цяпер, будзе з намі супрацоўнічаць, але й “Адзіная Расея” і іншыя структуры выявяць большую зацікаўленасьць у тым, каб наладзіць стасункі зь беларускімі палітычнымі суб’ектамі”.

(Карбалевіч: ) “Усе ўдзельнікі маскоўскай канфэрэнцыі выказаліся за працяг кантактаў. Ад чаго залежыць гэты працяг, пераход іх на больш высокі ўзровень? Ад палітычнай каньюнктуры? Ад маштабаў канфлікту паміж Крамлём і Лукашэнкам? І ўвогуле, такі канфлікт выгадны апазыцыі?”

(Хадыка: ) “Паўтаруся, што запрашэньне на тую канфэрэнцыю, пра якую ідзе гаворка — гэта, вобразна кажучы, чорная метка для рэжыму Лукашэнкі. Таму працяг такіх кантактаў непазьбежны. Я ня думаю, што кіраўніцтва Беларусі як-небудзь уцямна адрэагуе. Яно будзе доўга разважаць.

Прешкодай для развіцьця супрацоўніцтва зяўляецца тое, што, як адзначыў спадар Ніканаў, палітычны спэктар Беларусі выбудаваны крыху па іншаму прынцыпу, чым у Расеі. Напрыклад, правацэнтрысцкім партыям Беларусі няма адпаведнікаў, блізкіх па сваёй ідэалёгіі ў Расеі. Таму, мяркую, у бліжэйшы час кантакты будуць працягвацца на ўзроўні палітолягаў”.

(Раманчук: ) “Працяг кантактаў, найперш, залежыць ад таго, як скончацца парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары ў Расеі. Калі яны скончацца ў адпаведнасьці з сцэнаром Крамля, то такія кантакты будуць пашырацца.

Па-другое, далейшы ход падзеяў залежыць ад таго, якую пазыцыю зойме афіцыйны Менск у пытаньнях “Белтрансгазу”, прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, пераходу на расейскі рубель. Калі будзе дасягнуты кампраміс у гэтых пытаньнях, то пазыцыя Масквы стане менш жорсткай.

Па-трэцяе, шмат залежыць і ад беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Калі яна будзе канструктыўнай, скіраванай на рэальнае вырашэньне праблемаў у двухбаковых дачыненьнях, абарону расейскіх уласнікаў у Беларусі, то рэакцыя Масквы будзе адпаведнай. Нашай мэтай зьяўляецца ўступленьне ў Эўразьвяз празь 10-15 гадоў. І калі гэтыя памкненьні ня выклікаюць занепакоенасьці й страху ў Расеі, то мы маем шырокае поле для супрацоўніцтва. Я ня бачу тых чыньнікаў, якія б маглі застапарыць гэты працэс. Лукашэнку ня ўдасца зноў выціснуць беларускую дэмакратычную апазыцыю ў палітычную рэзэрвацыю. І гэта галоўная пазытыўная выснова зь сёньняшняй сытуацыі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, сам факт сустрэчы прадстаўнікоў правай беларускай апазыцыі зь вядучымі расейскімі экспэртамі можна разглядаць па-рознаму. Можна тут убачыць палітычную каньюнктуру: Лукашэнка запрасіў у Менск рэгіянальных журналістаў з “краснага поясу” Расеі, у адказ Масква запрасіла беларускую апазыцыю…

Але, падаецца, гэтую падзею трэба разглядаць больш сур’ёзна і глыбока. Яна сьведчыць пра пэўныя зьмены ў беларускай палітыцы расейскага кіраўніцтва. Гэта сьведчаньне ня толькі незадаволенасьці Крамля палітыкай Лукашэнкі — тое відавочна і ляжыць на паверхні. Але падаецца, што Масква адчувае магчымасьць нейкіх зьменаў у сытуацыі ў Беларусі ды імкнецца быць падрыхтаванай да такіх зьменаў. Расея гатовая пачаць, так бы мовіць, палітычную гульню зь беларускай апазыцыяй. А здольнасьць выйграць гульню залежыць як ад суадносінаў сілаў, так і ад палітычнага майстэрства”.