Лукашэнка ня здолеў перамагчы сельскагаспадарчых лабістаў

Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: былы кіраўнік прафсаюзу аграпрамысловага комплексу, старшыня канфэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і эканамічны экспэрт Яраслаў Раманчук

(Віталь Цыганкоў: ) “Ад 11 ліпеня закупачныя кошты на малако ў Беларусі вырастуць на 50%. Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка на нядаўняй нарадзе, прысьвечанай жніву. Разам з тым Лукашнка сьцьвярджаў, што кошты ў крамах застануцца на ранейшым узроўні. Наколькі гэта рэальна? Ці эканамічна абгрунтавана? Калі цэны ў крамах застануцца нязьменныя, то хто будзе вымушаны плаціць за гэтую розьніцу?”

(Аляксандар Ярашук: ) “Магчыма, цэны ў крамах пакуль і застануцца на гэтым узроўні, але можна напэўна гаварыць, што гэта будзе часовай зьявай. Ведаючы мэханізм цэнаўтварэньня, таго, якія працэсы адбываюцца ў перапрацоўцы і гандлю (ніякіх прыбыткаў там даўно ня мелі), можна сказаць, што перапрацоўчыя прадпрыемствы пераважна стратныя і ня могуць разьлічвацца за здадзенае малако. А прыняты крок яшчэ больш ускладніць сытуацыю ў перапацоўцы і гандлі”.

(Цыганкоў: ) “Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што звыш 60% сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у Беларусі стратныя. Ці можа падвышэньне закупачных коштаў на малако што-небудзь тут зьмяніць?”

(Яраслаў Раманчук: ) “Сельская гаспадарка Беларусі даўно працуе за межамі эканамічнай лёгікі і нейкіх законаў. Гэта вельмі якравы прыклад таго, як можна давесьці да ручкі цэлую вельмі пэрспэктыўную галіну гаспадаркі.

Калі кіраўніцтва павялічвае цэны на малако і пры гэтым абмяжоўвае магчымасьць перапрацоўнікаў зрабіць тое самае, то ў адпаведнасьці з рынкавым законам усё адбудзецца, як гэта было ў Савецкім Саюзе — будзе дэфіцыт малака. Але дэфіцыт будзе толькі малака беларускіх вытворцаў. І людзі будуць вымушаныя купляць расейскае, украінскае малако, гэта дапаможа бабулькам, што прадаюць малако на рынках. У выніку гэты крок — удар па беларускіх вытворцах малочных прадуктаў”.

(Цыганкоў: ) “А можа, улады проста прымусяць беларускіх перапрацоўнікаў вырабляць беларускае малако, нават сабе на страту?”

(Раманчук: ) “Мы памятаем сытуацыю з “нармальнымі чалавечымі яйцамі”, са сьмятанай, іншымі харчамі, якія проста зьнікалі. Нават Папкоў і Лукашэнка прызнавалі, што перапрацоўчыя прадпрыемствы перарабляюць у 3–4 разы менш прадукцыі, чым у Савецкім Саюзе. Але ім не дазволілі зрабіць рэструктурызацыю, звольніць лішніх людзей, яны належаць на 40–50% калгасам. Калі ня вырашаныя пытаньні ўласнасьці, то такія прадпрыемствы проста банкруцяцца, і цягнуць за сабой ня толькі ўсю сельскую гаспадарку, але і ўвесь бюджэт. Плаціць за гэта звычайны беларус, які будзе мець меншы выбар і меншую якасьць тавару”.

(Цыганкоў: ) “Калі крытыкі сёньняшняй беларускай эканамічнай палітыкі кажуць, што сельская гаспадарка стратная, і яе вымушаныя падтрымліваць усе астатнія грамадзяне, улады адказваюць, што гэта робіцца ва ўсім сьвеце. Маўляў, у Эўропе большасьць краінаў фінансава падтрымліваюць сваіх фэрмэраў ды іншых сельскагаспадарчых вытворцаў. У чым тады розьніца?”

(Ярашук: ) “Ва ўсім сьвеце падтрымліваць эфэктыўную сельскую гаспадарку, стымулююць рэнтабэльнасьць. У нас робіцца ўсё наадварот. Трэці год запар мы маем мінусавую рэнтабэльнасьць у сельскай гаспадарцы. Беларускія ўлады нібыта ўсё робяць, каб у краіне не было харчовай бясьпекі. Калі вытворчасьць стратная, тады лепш купіць у суседа, і мець на гэтым меншыя выдаткі. Калі ўсё стратнае, ды гэта коштам таго, што залазяць у кішэню звычайных грамадязнаў. Сэнс такой вытворчасьці проста губляецца, гаварыць пра пэрспэктывы такой аграрнай палітыкі не выпадае”.

(Цыганкоў: ) “Сёлета вясной у пачатку пасяўной пкампаніі Лукашэнка заявіў, што ў гэтым годзе ўжо не дазволіць сьпісаць даўгі стратным сельскагаспадарчым прадпрыемствам. Але гэтыя месяцы паказваюць, што сьпісаньне зноў будзе. Чаму Лукашэнка тут ня здольны выканаць сваіх абяцаньняў?”

(Раманчук: ) “Адказ відавочны — Лукашэнка слабы, ён ня здолеў зламіць шыю лабістам, якія мардуюць нашую эканоміку. Сельскагаспадарчае лобі самае магутнае. Я, вядома ж, ня маю на ўвазе дырэктараў калгасаў, трактарыстаў альбо жывёлаводаў. Лобі — гэта людзі, якія зрабілі сеткі прадпрыемстваў, што канцэнтруюць у сябе грошы банкаў, бюджэтных фондаў. А гэта 700 мільёнаў даляраў кожны год трацяцца на сельскую гаспадарку. І мы ў выніку маем нэгатыўную рэнтабэльнасьць. Гэта абсурд, але вельмі выгадны тым структурам.

Другая група, якая займаецца лабіяваньнем — гэта імпартэры харчоў. Калі будзе кепскі ўраджай, тады гэтыя людзі ўзбагацяцца, бо маюць эксклюзіўнае права закупляюць тавары па касьмічных цэнах, за якіх мы ўсе пераплачваем.

Лукашэнка казаў, што стратныя прадпрыемствы больш ніколі ня будуць падтрымлівацца. А на справе? Урад нічога не зрабіў, каб, напрыклад, надрукаваць сьпіс стратных прадпрыемстваў, каб запусьціць працэдуру банкруцтва, рэструктурызацыю даўгоў паміж банкамі і Мінсельгасхарчам. І сёньня мы бачым зноў пастанову ўраду ўсім выдзяліць дызэльнае паліва, сродкі на ахову расьлінаў. Зноў гэты калектыўны міжсабойчык, за які мы ўсе плацім больш высокімі цэнамі на малако і хлеб”.

(Ярашук: ) “Я дадам, што ўсё гэта ўрэшце грунтуецца на тым, што сельская гаспадарка ў Беларусі даўно ўжо не эканамічная катэгорыя, а ідэалягічная і палітычная. Таму маюць месца і ўсе гэтыя лабіяваньні, бо з году ў год ніякай рэструктурызацыі і рэформаў не адбываецца. Як толькі пачынаецца чарговая кампанія (пасяўная ці ўборачная), усе адразу забываюцца, што закліналі стратныя гаспадаркі не фінансаваць, заракаліся нічога не рабіць, там дзе эканамічнай неабходнасьці няма, ні сеяць ні араць — на пясках, няўдобіцах.

Я часам чуў нават захапленьне з боку расейскіх гасьцёў, якія да нас прыяжджаюць, “Як у вас усё хораша — расьце, засеяна, дагледжана”. Але гэта і глупства, і вар’яцтва. Цывілізаваная і досыць багатая Эўропа гэтага ня робіць, а выводзіць з абароту сельскагаспадарчыя землі, каб зрабіць сваю гаспадарку найбольш канкурэнтаздольнай. У нас жа засяваюць там, дзе павінен расьці лес. Дзеля чаго? Каб зрабіць шыльду, што ў нас усё засеяна. А чым гэта абарочваецца? Тым, што ў Гомель вось ужо трэці год завозяць расейскі хлеб, які больш танны і лепшай якасьці”.