Лукашэнка дастаў свае козыры ў палітычным гандлі за трэці тэрмін

Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: рэдактар Інтэрнэт-выданьня “Беларускія навіны” Аляксандар Класкоўскі і палітоляг Уладзімер Падгол.

(Віталь Цыганкоў: ) “Падчас учорашняй нарады ў праблеме пераходу Беларусі на расейскі рубель Аляксандар Лукашэнка зрабіў некалькі важных заяваў ня толькі наконт магчымасьці ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі, аднак і пра меркаванае падаўжэньне сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Невыпадкова, напэўна, што гэтыя дзьве тэмы прагучалі побач — яны моцна зьвязаныя.

Хуткае ўвядзеньне расейскага рубля на ўмовах Масквы можа аслабіць неабмежаванасьць улады беларускага прэзыдэнта, даць магчымасьць іншым сілам кардынальна ўплываць на эканамічную і сацыяльную стабільнасьць у краіне. Улічваючы гэта, ваш прагноз: ці ўсё прыме Аляксандар Лукашэнка расейскі рубель? Ці ўсё ж яму ўдасца і надалей адцягваць гэтую неадназначную для яго падзею?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Хаця гэта гульня і рызыкоўная, у яе ёсьць шанцы ў цяперашняй сытуацыі. Увогуле, вы трапна заўважылі, што пытаньне расейскага рубля і трэцяга тэрміну вельмі зьвязаныя. Нават болей — хаця фармальна нарада была прысьвечаная адзінай валюце, для Аляксандра Лукашэнкі галоўная валюта — гэта ўлада. І вось ён выдатна скарыстаў гэтую сытуацыю, якую драматызавалі і апазыцыя, і маскоўскія мэдыі (“здача незалежнасьці” і гэтак далей) — і на гэтым фоне нечакана выступіў.

Лукашэнка агучыў сваё жаданьне пайсьці на трэці тэрмін, але ў якім кантэксьце? Што ён гарант — ад зьнешняй пагрозы, імпэрскай, і ад унутранай, калі апазыцыя пачне расхістваць човен. “Дык як у такую хвіліну кідаць стырно — трэба далей кіраваць”.

Што яшчэ скарыстоўвае Лукашэнка? Цяпер Маскве нявыгадна сварыцца зь Менскам. Выбары адны, другія — трэба падтрымліваць пэўныя інтэграцыйныя ілюзіі. У беларускай апазыцыі таксама глеба з-пад ног выбіваецца, бо прэзыдэнт жа сам за сувэрэнітэт і гэтак далей…”

(Цыганкоў: ) “Больш за тое, ён нават прапаноўвае апазыцыі ўдзельнічаць у дыскусіі наконт расейскага рубля”.

(Класкоўскі: ) “Так, гэта таксама рэвэранс. Натуральна, толькі наіўныя людзі тут могуць цешыць сябе ілюзіямі. Але жэст зроблены, і ў гэтым сэнсе ствараецца вельмі спрыяльная глеба для галоўнай мэты — прадаўжэньня паўнамоцтваў”.

(Цыганкоў: ) “Уладзімер, наколькі доўга можа працягвацца такая гульня Лукашэнкі? Наколькі яна для яго небясьпечная? У пэўны момант, пасьля сустрэчы з Кудрыным, многім здавалася, што рыса пяройдзеная, што Беларусь пераходзіць на расейскі рубель. На вашую думку, гэтага зусім не адбудзецца, ці сытуацыя будзе ісьці ў гэтым рэчышчы?”

(Уладзімер Падгол: ) “Сёньня мы бачым палітычны гандаль, і на гэты прылавак Лукашэнка выставіў свае казырныя карты. Зараз ён чакае, як зрэагуе Крэмль, Захад, апазыцыя на гэта ўсё. А казырныя карты наступныя: захавайце мне ўладу, дазвольце трэці тэрмін, і тады... Крэмль — вы атрымаеце свайго чалавека на гэтых рубяжах, апазыцыя — вы атрымаеце гаранта незалежнасьці, Захад — можа, дэмакратызацыя нейкая пойдзе, вашаму капіталу я шчыліну зраблю большую, і вы пралезеце сюды, бо я ж Маскву сюды не пускаю. Лукашэнка зрабіў яркі гандлёва-палітычны крок — ён паказаў свой тавар”.

(Цыганкоў: ) “Аналітыкі кажуць, што рэфэрэндум можа быць пасьпяховым для Лукашэнкі толькі пры ўмове, калі разам з працягненьнем прэзыдэнцкага тэрміну яшчэ будуць прысутнічаць іншыя тэмы. Часта кажуць, што такім “паравозам” павінна стаць нейкае інтэграцыйнае пытаньне. Але чаму ім ня можа стаць пытаньне пра адзіную валюту? Яго заўсёды можна паставіць у нейкай неабавязковай форме”.

(Класкоўскі: ) “Я думаю, што гэта вельмі верагодна, і верагодна сёлета. Як могуць разьвівацца падзеі? Масква зараз пакрыўдзіцца, пачнецца другая сэрыя “мух і катлет”, і вось на гэтай хвалі можна сказаць: глядзіце, якія яны нахабныя імпэрцы, давайце спытаемся ў народу, ці патрэбны ім увогуле гэты рубель, і на гэтай “патрыятычнай” хвалі можна “элегантна” працягнуць пытаньне пра падаўжэньне паўнамоцтваў. У гэтым кантэксьце і ў апазыцыі няма козыраў — бо гэта ж сьвятое, сувэрэнітэт, свая валюта.. І Захаду давядзецца падумаць, пачухаць патыліцу — што сказаць у такой сытуацыі...”

(Цыганкоў: ) “Напэўна, цяперашняя адміністрацыйная паслухмяная сыстэма можа намаляваць любы вынік галасаваньня, і галоўнымі становяцца зьнешнія чыньнікі, той гандаль, пра які казаў Уладзімер Падгол. Што можа дазволіць Лукашэнку вырашыцца пайсьці на рэфэрэндум, а што, наадварот, можа прымусіць яго пабаяцца ставіць такое пытаньне?”

(Класкоўскі: ) “Шмат будзе залежаць ад таго, наколькі ўдасца знайсьці паразуменьне тром сілам — Маскве, Захаду і апазыцыі. Ці прыедзе Пуцін 20 ліпеня на паседжаньне Вышэйшай Дзяржаўнай Рады, як гэта было папярэдне абвешчана? Калі ён раптам не прыедзе, гэта ўжо будзе сур’ёзны званок для Менску. Карацей, мы неўзабаве пабачым, ці сапраўдны праўдзівая тая вэрсія, што Масква паабяцала Вашынгтону неяк даціснуць гэты аўтарытарны рэжым. Ці ўсё ж нейкія геапалітычныя, імпэрскія інтарэсы Масквы тут возьмуць верх. Наступнымі тыднямі тут будзе разьвівацца вельмі драматычны сюжэт, і мы ўбачым адказы на гэтыя пытаньні”.

(Падгол: ) “Лёс Лукашэнкі залежыць ад кансалідацыі беларускай апазыцыі, з аднаго боку, а з другога боку — кансалідацыі Захаду і Крамля. Захад неаднародны. Ёсьць Эўропа, якая сёньня пярэчыць Злучаным Штатам на ўсіх франтах. І яна хоча на Беларусі ўзяць рэванш за Ірак. І вось гэтая супярэчнасьць можа падарваць усю нашую сытуацыю і даць шчыліну Лукашэнку праскочыць на трэці тэрмін”.