Удзельнікі: наш аглядальнік Міхась Залескі й прафэсар Уладзімер Кулажанка.
(Валер Карбалевіч: ) “Праблема крэдытнай запазычанасьці для беларускай эканомкі ня новая. Упершыню яна была вынесеная на вышэйшы палітычны ўзровень у 1999 годзе. Тады яна мела відавочны палітычны падтэкст. У той палітычнай кампаніі гэтая праблема разглядалася ў асноўным не як эканамічная, а як крымінальная. Завялі шмат крымінальных справаў, шэраг бізнэсоўцаў, банкіраў былі асуджаныя. Частку крэдытнай запазычанасьці вярнулі. Былі суворыя захады, каб не дапусьціць зноў гэткай сытуацыі.
Тым ня менш, у аўторак Лукашэнка правёў адмысловую нараду, прысьвечаную праблемнай крэдытнай запазычанасьці банкаў з боку прыватных і дзяржаўных структураў. Высьветлілася, што 8% крэдытаў зьяўляюцца праблемнымі. Вядома, што згодна зь міжнароднымі стандартамі крытычнай зьяўляецца сытуацыя, калі 5% крэдытаў праблемныя.
Чаму ж зноў прыйшлося вяртацца да пытаньня, якое, як нас запэўнівалі, вырашанае? Што, ранейшыя захады не далі вынікаў? Прычына тут эканамічная, палітычная ці крымінальная?”
(Міхась Залескі: ) “На маю думку, тут зышлося некалькі прычынаў. Калі глядець з эканамічнага гледзішча, то можна сказаць, што тэндэнцыя зь вяртаньнем крэдытаў станоўчая. Быў час, калі доля праблемных крэдытаў была 30%, потым 17%. Цяпер іх толькі 8%.
Зь іншага боку, а чаму 8%, а не 2%? Таму што інвэстыцыі вяртаюцца марудна, грошы ўкладваюцца ў тое, што не прыносіць прыбытку. Паглядзіце, хто найбольш завінаваціўся. Больш за палову пратэрмінаваных нявернутых крэдытаў прыпадае на АПК. Потым ідуць дзяржаўныя прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку нашыя флагманы. Таму што працуюць не зусім эфэктыўна. Што тычыцца палітычнага боку, то канечне, у гэтай вялікай кашы лёгка будзе, каго трэба, і прыціснуць”.
(Уладзімер Кулажанка: ) “Хацеў бы адзначыць, што крэдыт у эканоміцы — гэта нармальная зьява. Усялякая гаспадарка, якая імкнецца да рынкавых статсункаў, павінна пашыраць крэдыт.
Сёньняшняя крэдытная запазычанасьць зьвязаная, найперш, з тым, што нашая эканоміка да гэтага часу нерэфармаваная. Суб’екты гаспадараньня ня маюць магчымасьці вярнуць узятыя грошы. Наўпрост гэтыя крэдытныя грошы ўкладваюцца ў вытворчасьць прадукцыі, якая назапашваецца на складах, своечасова не рэалізуецца. Таму і назапашваецца невяртаньне крэдытаў. Не выпадкова менавіта дзяржаўныя прадпрыемствы і калгасы найбольш не вяртаюць крэдытаў. Таму што гэты сэктар самы неэфэктыўны. Для вырашэньня гэтай праблемы трэба рэфармаваць эканоміку.
Лукашэнка зноў падняў гэтую праблему, каб паказаць, які клопат ён праяўляе аб эканоміцы. А на самай справе імя ўсяму гэтаму — марнатраўства”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, як адзначылі мае суразмоўцы, галоўная прычына крэдытнай запазычанасьці — нерэфармаванасьць эканомікі. Таму што найбольшая частка праблемных крэдытаў прыпадае на дзяржаўныя прадпрыемствы і калгасы. Значная частка нявернутых крэдытаў — крэдыты, выдадзеныя пад гарантыю мясцовых выканаўчых органаў.
Паколькі вэртыкальнікі адказваюць за нявыплаты заробкаў, яны загадваюць банкам пад уласную гарантыю даваць крэдыты для гэтай мэты нерэнтабэльным прадпрыемствам. Цяпер кіраўнікі вэртыкалі будуць прыцягвацца да адказнасьці й за нявернутыя крэдыты, выдадзеныя пад гарантыю.
Хоць асноўная доля нявернутых крэдытаў прыпадае на дзяржаўныя прадпрыемствы і калгасы, але асноўную ўвагу на нарадзе зьвярнулі на прыватныя структуры. Менавіта на іх скіраваў Лукашэнка ўвесь патас свайго незадавальненьня. Ён патрабаваў на працягу тыдня дакласьці аб захадах па вяртаньню асобаў, якія ўзялі крэдыты і хаваюцца за мяжою. Чаму такая пільная ўвага менавіта прыватным структурам?”
(Залескі: ) “Тут ёсьць момант прапагандысцкі. Трэба паказаць насельніцтву, што ёсьць вінаватыя, ворагі, якія ўсё псуюць, перашкаджаюць. Тое, што кажуць старыя людзі ў чэргах: “Ён усе ведае, але ж яму не даюць”. Вось і трэба паказаць, хто яму “не дае”.
На справе трэба весьці гаворку, як дапамагчы банкам, каб не абцяжарваць іх балянсы гэтымі праблемнымі крэдытамі. У міжнароднай практыцы існуюць сродкі для вырашэньня гэтай праблемы. У многіх краінах ствараецца нацыянальнае агенцтва вяртаньня крэдытаў, якое замяняе нявернутыя крэдыты каштоўнымі паперамі зь невялікім працэнтам. А потым разьбіраецца з праблемнымі крэдытамі.
Безумоўна, у гэтай справе ёсьць нейкая доля крыміналу. Але яна ня столькі значная, каб быць галоўнай прычынай невяртаньня крэдытаў. А калі прызнаць, што крымінальная прычына галоўная, то ўзьнікае пытаньне: куды глядзелі дзяржаўныя органы?”
(Кулажанка: ) “Хацеў бы адзначыць, што спробы вырашыць поўнасьцю гэтую праблему — справа безнадзейная. Гэтыя крэдыты большасьць суб’ектаў гаспадараньня вярнуць проста ня можа. Таму што большасьць даўжнікоў знаходзіцца ў фінансавым тупіку. Крэдыты могуць вярнуць толькі прыватныя структуры.
Улада спрабуе ператварыць эканамічную прычыну (безгаспадарлівасьць, неэфэктыўнасьць эканамічнай палітыкі дзяржавы) у крымінальную. Нібы крэдыт не вяртаюць наўмысна. Таму пагрозы прыватнаму сэктару — справа анамальная. Спроба ператварыць эканамічную праблему ў крымінальную ня дасьць жаданых вынікаў.
Гэтая нарада носіць найбольш палітычны характар. Таму што ў нармальнай эканамічнай сытуацыі банкі выстаўляюць прэтэнзіі да нядобрасумленных даўжнікоў. А спроба адміністрацыйнага ўмяшальніцтва ў пэрспэктыве нічога ня вырашыць. Таму гэта чарговы піар”.
(Карбалевіч: ) “Здаецца, што ў рамках цяперашняй эканамічнай мадэлі праблема крэдытнай запазычанасьці, невяртаньня крэдытаў ня мае вырашэньня. Яна арганічна вынікае з сутнасьці эканамічнай палітыкі. Неэфэктыўны дзяржаўны сэктар ня можа існаваць без крэдытаў, значную частку якіх ён ня здольны вярнуць. Таму гэта вечная праблема “беларускай мадэлі разьвіцьця”.
Але пытаньне мае палітычны аспэкт. Патрабаваньне вяртаньня крэдытаў дае магчымасьць Лукашэнку рэанімаваць звыклую ролю змагара з карупцыяй. Магчыма, у гэтым галоўны сэнс учорашняй нарады”.