Чаму меншае ўвага да чарнобыльскіх праблемаў?

Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнічае прэзыдэнт Беларускага дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобылю” Генадзь Грушавы.

(Валер Карбалевіч: ) “Чарговая гадавіна Чарнобыльскай аварыі праходзіць ва ўмовах прытупленьня ўвагі беларускага грамадзтва да праблемаў, зьвязаных з наступствамі гэтай катастрофы. Грамадзкасьць, СМІ, ды і органы ўлады згадваюць аб наступствах Чарнобылю ў асноўным толькі раз на год, у сувязі з датаю 26 красавіка.

Зь іншага боку, уплыў катастрофы на сацыяльна-эканамічнае жыцьцё, асабліва на здароўе людзей, ня толькі не зьмяншаецца, але нават узмацняецца. Расьце колькасьць захворваньняў, зьвязаных з наступствамі Чарнобылю.

Ці згодны вы з тым, што існуе такі разрыў паміж аб’ектыўным узмацненьнем чарнобыльскага чыньніка ў сацыяльным жыцьці і аслабленьнем увагі да яго з боку грамадзтва і ўладаў? І калі так, то ў чым прычына гэтай зьявы?”

(Генадзь Грушавы: ) “Я не сустракаў ніводнага чалавека, прыкладам, у Хойніцкім, Веткаўскім ці Нараўлянскім раёнах, які на пытаньне аб наступствах Чарнобыльскай катастрофы сказаў бы, што яго гэта не хвалюе. Тым ня менш, згодна са зьвесткамі сацыёягаў, грамадзтва ставіць чарнобыльскія праблемы на задні плян, амаль што на 20-е месца.

Гэта яшчэ адна адметнасьць мэнталітэту сёньняшняга беларускага грамадзтва. Паасобку людзі даюць сабе справаздачу аб рэальнай пагрозе постчарнобыльскіх праблемаў. Але як толькі пытаньне ўздымаецца на агульнаграмадзкі ўзровень, то людзі як бы забываюцца пра яго. Насельніцтва, якое пакутуе, ня ў стане заявіць аб сваіх праблемах публічна і арганізавана.

Чаму так адбываецца? Людзі прызвычаіліся жыць побач зь бядою, хварэць і паміраць. Але галоўная прычына ў дзяржаўнай інфармацыйнай палітыцы. На працягу апошніх 6–7 гадоў дзяржаўная прапаганда выключала тэму наступстваў Чарнобылю з агульнанацыянальных праблемаў. Яна была накіраваная на тое, каб упэўніць людзей, што ўлада вырашае больш сур’ёзныя пытаньні: незалежнасьці, нацыянальнай бясьпекі, войска. А што тычыцца чарнобыльскіх пытаньняў, то ня трэба хвалявацца, усё будзе добра”.

(Карбалевіч: ) “Сёньня мы вымушаныя канстатаваць відавочны факт: дзяржава істотна зьмяншае колькасьць і аб’ём чарнобыльскіх праграмаў, дапамогу чарнобыльскім раёнам. Цяпер недзе толькі 6% расходнай часткі дзяржбюджэту ідзе на гэтыя мэты, у той час, калі раней гэтая лічба даходзіла да 20% і болей. Рэзка скарачаюцца льготы людзям, якія пацярпелі ад аварыі. Фактычна дэмантуецца сыстэма радыяцыйнага кантролю.

Засталася толькі траціна лябараторыяў кантролю за харчаваньнем ад узроўню 1990 году. Не выконваюцца нават тыя абяццаньні, якія дае Лукашэнка падчас наведваньня чарнобыльскіх раёнаў. Напрыклад, ня выкананыя тыя заданьні, якія ён даваў у мінулым годзе ў Чачэрскім раёне. У чым прычына такой палітыкі?”

(Грушавы: ) “Прычыны такой палітыкі відавочныя. Улады вычарпалі ўсе рэзэрвы і ў эканоміцы, і ў карыстаньні зьнешнімі крыніцамі. Лукашэнка ў 1998 годзе заявіў, што мы пераадолелі самы складаны пэрыяд постчарнобыльскай катастрофы, мы пераходзім у пэрыяд рэабілітацыі. І таму цяпер дзяржава можа ўжо менш сродкаў выдзяляць на гэтыя патрэбы.

Сёньня ў бюджэце заплянавана на чарнобыльскія праграмы каля 200 мільёнаў даляраў. Гэта вельмі мала. Таму можна сказаць, што згаданы кірунак сацыяльных расходаў фактычна зачыняецца. Першасная ўмова дзяржаўнай палітыкі: жыхарам чарнобыльскіх зонаў дзяржава павінна гарантаваць ахову іх здароўя. Але ў гэтым кірунку ўклад дзяржавы блізкі да нуля.

Трэба ўкладаць інвэстыцыі ў забруджаныя рэгіёны, якія маюць пэрспэктыву. Пэрыяд паўраспаду радыеактыўнага цэзію — 24 гады. Гэта значыць, празь сем гадоў сытуацыя на землях, забруджаных гэтым элемэнтам, палепшыцца. А цэзій — найбольш масава раскіданае радыеактыўнае рэчыва. Таму ў рэгіёны, дзе забруджваньне не такое вялікае, трэба ўжо цяпер укладваць грошы ў стварэньне спрыяльных умоваў для жыцьця людзей. А дзяржава гэтага ня робіць.

Пакуль улада не пачне сур’ёзных рынкавых рэформаў, ня вызваліць ініцыятыву прыватнага ўласьніка, ня зробіць ў зоне прэфэрэнцыяў для прыватнага бізнэсу, то людзі ў забруджаных рэгіёнах не атрымаюць надзеі”.

(Карбалевіч: ) “Працягну вашую думку. Ствараецца ўражаньне, што ўлады мэтанакіравана і штучна імкнуцца паменшыць нэгатыўныя наступствы аварыі, зрабіць выгляд, што сытуацыя паляпшаецца. Некаторыя забруджаныя рэгіёны аб’яўляюцца амаль што чыстымі. Сам Лукашэнка ўхваліў вяртаньне ў забруджаныя раёны. Што азначае такі падыход?”

(Грушавы: ) “Гэта вынікае з той агульнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі, якую праводзіць кіраўнік Беларусі. Ён хоча перакласьці цяжар праблемаў, адказнасьць зь дзяржавы на саміх людзей. Так бы мовіць, яны хочуць туды ехаць. Ім там падабаецца. Яны ня бачаць іншага жыцьця, як толькі ў забруджаных рэгіёнах. Адпадае задача забесьпячэньня такіх людзей нармальнымі ўмовамі жыцьця. Яны ж самі так вырашылі, захацелі жыць у такіх умовах. Гэта такая гульня, што дзяржава павінна лічыцца з жаданьнем сваіх грамадзянаў.

Мы калісьці казалі аб тым, што ўтварыўся так званы “чарнобыльскі соцыюм”. Гэта людзі, якія сёньня ня здольныя вырашаць свае пытаньні і цалкам спадзяюцца на дзяржаву. Яны гатовыя падтрымаць дыктатара, які хоць на словах абяцае ім дапамогу. І палітыка ўлады скіраваная на тое, каб захаваць сыстэму дзяржаўнага патэрналізму. У адказ на веру, падтрымку ўлады, яна абяцае вырашыць ўсе пытаньні.

Але праблема ў тым, што дзяржава ўжо ня мае рэсурсаў, каб выканаць свае абяцаньні. І гэта разбурае чарнобыльскі соцыюм.

Некалькі месяцаў таму Калінкавіцкі раён быў загадам выведзены з зоны забруджваньня. Гэта азначае, што адмяняюцца нават тыя рэшткі фінансаваньня, якія існавалі да гэтага часу. Адмяняецца дадатковы мэдычны кантроль. Адмяняюцца мізэрныя льготы для дзяцей, у тым ліку і праграма аздараўленьня дзяцей.

Я пацікавіўся ў Рэспубліканскім дыспансэры радыяцыйнай мэдыцыны, ці бралі іх супрацоўнікі ўдзел у прыняцьці такога рашэньня. Ці наогул удзельнічалі ў гэтым мэдыкі? На падставе чаго прымалася такое рашэньне? Можа, паказчыкі там палепшалі? Але мэдычныя паказчыкі нават пагоршалі. А кіраўніцтва згаданага дыспансэру нават ня ведала аб гэтым рашэньні. Яно было прынятае адміністрацыйным, валявым шляхам, каб скінуць зь дзяржавы груз адказнасьці.

Ці можна лічыць такую палітыку гуманнай, пэрспэктыўнай? Яна не зьяўляецца нават рацыянальнай. Таму што захворваньняў стане больш. І праз 1–2 гады павялічацца выдаткі дзяржавы на лісткі непрацаздольнасьці. Зьменшыцца доля той часткі насельніцтва, якая можа працаваць. Гэта палітыка, арыентаваная толькі на сёньняшні дзень, а не на пэрспэктыву, на інтарэсы ўлады, а не народу”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, разьвіваецца тэндэнцыя прывыканьня да наступстваў катастрофы, і як вынік, прытупленьня ўвагі да гэтых пытаньняў. І галоўную ролю ў такой палітыцы адыгрываюць улады, якія імкнуцца замаўчаць праблему — і такім чынам як бы часткова зьняць яе. Такая сытуацыя зьяўляецца значнай пагрозай для беларускага соцыюму, яго будучыні”.