Камісія ААН у правах чалавека прыняла адмысловую рэзалюцыю па Беларусі

Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

(Валер Карбалевіч: ) “Камісія ААН па правах чалавека прыняла адмысловую рэзалюцыю па Беларусі, у якой дадзеная даволі крытычная ацэнка сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. Трэба адзначыць, што гэтая Камісія ААН ня так часта прымае адмысловыя дакумэнты, які тычыцца якойсьці канкрэтнай дзяржавы. Былі рэзалюцыі аб парушэньні правоў чалавека у Паўночнай Карэі, Кубе, Іраку. Так што Беларусь апынулася ў незайздроснай кампаніі. Гэта па-першае.

А па-другое, сам факт прыняцьця такой рэзалюцыі сьведчыць аб тым, што праблема правоў чалавека ў Беларусі выйшла на новы ўзровень. Да гэтага часу гэтае пытаньне хвалявала ў асноўным эўрапейскія арганізацыі: АБСЭ, Раду Эўропы, Эўразьвяз. А вось цяпер Беларусь асуджаюць і прадстаўнікі іншых кантынэнтаў, у прыватнасьці, краіны Лацінскай Амэрыкі.

Як бы вы ацанілі гэтую падзею? Што азначае вынясеньне гэтай праблемы на новы міжнародны ўзровень?”

(Андрэй Фёдараў: ) “Тыя намаганьні, якія рабілі эўрапейскія арганізацыі ў кірунку разьвіцьця дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, не прынесьлі плёну. Рэзалюцыя Камісіі ААН была прынятая з ініцыятывы ЗША і шэрагу краінаў Усходняй Эўропы (Латвіі, Баўгарыі, Чэхіі і іншых), каб прыцягнуць увагу сусьветнай грамадзкасьці. Цяпер будзем чакаць вынікаў”.

(Анатоль Лябедзька: ) “У тым, што міжнароднай структурай прынятая чарговая рэзалюцыя па праблеме правоў чалавека ў Беларусі, няма сэнсацыі. Такіх рэзалюцыяў ужо прынята шмат. Не зьяўляецца навіною і сам зьмест рэзалюцыі. Навіна ў тым, што дакумэнт прыняты структураю ААН.

Дзякуючы афіцыйнай беларускай прапагандзе, з ААН зроблены вобраз такога справядлівага арбітра, які выносіць правільныя рашэньні. Гэты вобраз доўгі час эксплюатаваўся афіцыйнымі СМІ. І таму звычайны чалавек можа прыйсьці да высновы, што згаданая рэзалюцыя ААН адлюстроўвае беларускую рэчаіснасьць.

Чаму рэзалюцыя была прынятая менавіта цяпер? Мне падаецца, што ЗША і эўрапейскія краіны хацелі ў пэўным сэнсе кампэнсаваць тыя саступкі, якія былі зробленыя Захадам афіцыйнаму Менску апошні час. Я маю на ўвазе зьмяненьне фармату місіі АБСЭ, прыняцьцё Нацыянальнага сходу ў Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ, скасаваньньне візавых абмежаваньняў для шэрагу афіцыйных асобаў Беларусі. І Захаду трэба было прадэманстраваць, што гэтыя крокі не зьяўляюцца стратэгіяй у адносінах да Менску. І таму рэзалюцыя Камітэту ААН тут была вельмі дарэчы”.

(Карбалевіч: ) “Працягваючы думку спадара Лябедзькі, хацеў бы зазначыць, што апоші час сам Лукашэнка, МЗС, дзяржаўныя СМІ вельмі актыўна апэлявалі да ААН, падкрэсьлівалі вялікую ролю гэтай арганізацыі ў рэгуляваньні сусьветных працэсаў, патрабавалі, каб менавіта ААН была арбітрам у спрэчках паміж краінамі. Беларускае кіраўніцтва вельмі моцна крытыкавала ЗША за ігнараваньне Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў падчас ірацкага крызысу.

І вось цяпер, беларускі рэжым апынуўся ў дыпляматычнай пастцы, якую сам стварыў. Ігнараваньне рэзалюцыі афіцыйным Менскам падкрэсьліць двайныя стандарты ў адносінах да ААН. Як бы вы пракамэнтавалі гэты момант?”

(Фёдараў: ) “Тут адбылася пэўная памылка з боку беларускага кіраўніцтва, МЗС. Беларусь зьяўляецца сябрам Руху Недалучэньня. У Камісію ААН па правах чалавека ўваходзяць шмат краінаў, якія таксама зьяўляюцца сябрамі Руху Недалучэньня. І мне здаецца, што ў беларускага МЗС быў спадзеў на тое, што сябры гэтага Руху падтрымаюць Беларусь і прагаласуюць супраць рэзалюцыі. Але пэўная частка сяброў Руху прагаласавала ў падтрымку рэзалюцыі.

І цяпер афіцыйны Менск апынуўся ў нязручным дыпляматычным становішчы. З аднаго боку, у сувязі з ірацкім крызысам Беларусь апэлюе да ААН, патрабуе, каб ваенныя дзеяньні праводзіліся толькі на падставе санкцыі Рады Бясьпекі ААН. А вось цяпер структура той самай ААН прыняла рэзалюцыю з асуджэньнем палітыкі кіраўніцтва Беларусі. І я нават ня ведаю, як беларуская ўлада будзе выходзіць з гэтага становішча”.

(Лябедзька: ) “Безумоўна, тое, што адбылося ў Жэнэве — гэта параза беларускай дыпляматыі, якая апошнім часам сфакусавала сваю ўвагу на працы ў такіх міжнародных арганізацыях, як АБСЭ і Рада Эўропы. ААН лічылі надзейным падмуркам беларускай дыпляматыі.

Што будуць рабіць цяпер беларускія ўлады? Найперш, яны будуць замоўчваць гэтую падзею. І затым кампэнсаваць нечаканую паразу сваімі посьпехамі ў АБСЭ і Эўразьвязе.

Цяпер ёсьць падстава, каб гэтае пытаньне актыўна падымалася апанэнтамі беларускага рэжыму, праваабарончымі арганізацыямі. Паколькі ўжо пачынаецца кампанія па выбарах у Палату прадстаўнікоў, то згаданую рэзалюцыю можна скарыстаць”.

(Карбалевіч: ) “Афіцыйныя прадстаўнікі МЗС Беларусі сьцьвярджаюць, што гэтая рэзалюцыя была прынятая пад моцным ціскам ЗША, каб адпомсьціць Беларусі за яе пазыцыю па ірацкім пытаньні. Але хацеў бы зьвярнуць увагу, што якраз у пытаньні вайны з Іракам ЗША не ўдалося пераканаць ААН падтрымаць амэрыканскую пазыцыю. А вось цяпер рэзалюцыя па Беларусі прынятая. Дык мусіць, праблема ня ў ціску ЗША, а сапраўды ў сытуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Шмат увагі ў рэзалюцыі надаецца праблеме зьніклых палітыкаў. Гэта азначае, што беларускай апазыцыі ўдалося вывесьці гэтае пытаньне на ўзровень ААН. Што азначае гэта асабіста для вас, спадар Лябедзька?”

(Лябедзька: ) “Яшчэ адна рэпліка наконт прыняцьця рэзалюцыі. Я думаю, што важную ролю тут адыгралі апошнія падзеі ў Іраку. Калі б галасаваньне адбылося два-тры тыдні назад, то вынікі маглі б быць трохі іншымі. Малюнак тысяч людзей на вуліцах ірацкіх гарадоў, якія сьвяткавалі падзеньне дыктатуры, паўплывалі на тыя краіны, якія хісталіся ў пытаньні адносінаў да беларускага рэжыму.

Што тычыцца пытаньня зьніклых палітыкаў. Лічу нашым агульным вялікім посьпехам, што мы здолелі вывесьці гэтую праблему на ўзровень кіраўнікоў дзяржаваў і ўсіх важных міжнародных арганізацыяў. І ў рэзалюцыі Камісіі ААН ёсьць пункты пра зьніклых палітыкаў. І хоць беларускія ўлады спынілі сьледчыя дзеяньні, ім ня ўдасца сьпісаць гэтыя справы ў архіў, зьняць іх з парадку дня. Гэта азначае, што ў родных і блізкіх, усіх, хто заклапочаны іх лёсам, застаецца шанец апэляваць да грамадзкасьці ў Беларусі і за яе межамі, выкарыстоўваць ня толькі свае мажлівасьці, але і ўплыў міжнародных арганізацыяў, у тым ліку ААН”.

(Карбалевіч: ) “Якія практычныя наступствы прыняцьця гэтай рэзалюцыі для зьнешняй і ўнутранай палітыкі Беларусі?”

(Фёдараў: ) “Я даволі скептычна ацэньваю эфэктыўнасьць гэтай рэзалюцыі. Нейкіх наўпроставых наступстваў чакаць даволі цяжка. ААН — ня тая арганізацыя, якая мае сродкі для аказаньня ўплыву на зьнешнюю, а яшчэ менш на ўнутраную палітыку сваіх сяброў. Можна нагадаць шмат прыкладаў, калі нават рэзалюцыі Рады Бясьпекі, прынятыя са згоды вялікіх дзяржаваў, не выконваліся.

Але хачу заўважыць, што рэзалюцыю падтрымалі такія ўплывовыя дзяржавы як Нямеччына, Францыя. А менавіта з гэтымі краінамі Беларусь у апошні час імкнецца наладзіць свае дачыненьні. Таму могуць узьнікнуць для Менску праблемы ў двухбаковых адносінах са згаданымі дзяржавамі”.

(Лябедзька: ) “Найперш зазначу, што вырашэньне беларускай праблемы знаходзіцца ўнутры краіны. Тым ня менш, вонкавы чыньнік вельмі моцна ўплывае на беларускія падзеі. Гэтая рэзалюцыя дадае нэгатыўны штрых да партрэту рэжыму і Лукашэнкі. Згаданая рэзалюцыя ўплывае на грамадзкую думку. І абмеркаваньне яе ў Камісіі ААН па правах чалавека можа быць працягнутае на наступным паседжаньні”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, прыняцьцё Камісіяй ААН па правах чалавека адмысловай рэзалюцыі па Беларусі азначае, што праблема з дэмакратыяй у краіне вынесеная на новы міжнародны ўзровень. Раней неаднаразовыя асуджэньні парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі з боку заходніх краінаў афіцыйны Менск тлумачыў варожасьцю Захаду да беларуска-расейскай інтэграцыі. Так было заяўлена і ў нядаўнім пасланьні Лукашэнкі Нацыянальнаму сходу.

І вось цяпер з асуджэньнем беларускай палітыкі выступае сусьветная супольнасьць у выглядзе Камісіі ААН. І гэта азначае яшчэ большую міжнародную ізаляцыю краіны і, магчыма, канфлікт Беларусі з ААН, то бок, з сусьветнай супольнасьцю”.