Удзельнікі: рэдактар Інтэрнэт-газэты "Белорускіе новості" Аляксандр Класкоўскі і палітоляг Уладзімір Падгол.
(Валер Карбалевіч: ) “16 красавіка Лукашэнка выступіў з пасланьнем Нацыянальнаму сходу. Гэта заканадаўчая норма. У гэтым дакумэнце павінна быць квінтэсэнцыя палітыкі дзяржавы, яе кіраўніцтва. Звычайна гэта зварот ня столькі да дэпутатаў, колькі да насельніцтва.
Ня стала выключэньнем і цяперашняе пасланьне. Калі казаць пра агульнае ўражаньне, то чагосьці прынцыпова новага, сэнсацыйнага мы не пачулі. Была пацьверджана ранейшая палітыка.
Тэзысы выступу Лукашэнкі былі як заўсёды супярэчлівымі. Напрыклад, з аднаго боку, на яго думку, Беларусь не павінна прэтэндаваць на рашэньне глябальных сусьветных праблемаў. Зь іншага боку, Беларусь гатовая дапамагчы іншым дзяржавам абараніць сябе, што было трохі новым і дзіўным. Якое вашае агульнае ўражаньне ад гэтага выступу?”
(Аляксандар Класкоўскі: ) “Першае ўражаньне ад самой схемы пабудовы дакладу. Яна выглядае так, як звычайна выглядалі даклады партыйных кіраўнікоў яшчэ са сталінскага часу. Маецца на ўвазе тое, што ў дакладзе на першым месцы стаіць вялікі блёк, прысьвечаны складанаму міжнароднаму становішчу.
Тэму неабходнасьці супрацьстаяньня агрэсару заняла ў выступе Лукашэнкі неадэкватна вялікае месца. Узьнікае пытаньне: няўжо беларусы трымцяць ад страху, што нехта заўтра абрыне на нас сваю вайсковую моц? Мусіць, не. Здаецца, што найперш гэта адлюстраваньне фобіяў улады. Што натуральна, таму што найлепшы сябар Хусэйн скончыў вельмі кепска. І ў дакладзе Лукашэнкі адчуваліся гэтыя невясёлыя думкі.
Але ў гэтых акцэнтах ёсьць і пэўны піараўскі разьлік. Гэта звычайны прыём, мэтода навязваньня масам сындрому “крэпасьці ў аблозе”. Тут адразу некалькі выйгрышаў. Па-першае, можна ўзмацніць ціск на апазыцыю. І такая нотка прагучала ў дакладзе. Быццам бы апазыцыя наклікае на Беларусь вайну. Таму, маўляў, няма чаго зь імі цацкацца.
Па-другое, цяжкім міжнародным становішчам лёгка апраўдваць эканамічныя нягоды. Можна тлумачыць насельніцтву, што трэба шмат грошай траціць на абарону”.
(Уладзімер Падгол: ) “Упершыню я ўбачыў разгубленага кіраўніка дзяржавы. Па-першае, зьнік заходні вораг. Таму што Эўропа зьняла забарону на ўезд кіраўнікам Беларусі, так бы мовіць, “адчынілі калітку”. З Масквой паваяваць хочацца, але трэба ж энэргарэсурсы танныя атрымліваць адтуль.
Унутраны вораг. Лукашэнка нават яго не ідалазаваў, а толькі сказаў пра апазыцыю, што няхай бяруць гэтыя даляры, падзеляць іх і зажывуць лепш.
А самая галоўная праблема ў тым, што Лукашэнка ня даў пэрспэктывы насельніцтву. Ён не сказаў, не намякнуў, нават не зарадзіў надзею на тое, што будзеце жыць лепш. У яго ўзьнікла праблема, як перакінуць адказнасьць за пагаршэньне становішча насельніцтва на дэпутатаў. Ён заявіў, што было б лепш, каб рашэньне аб зьмяншэньні льготаў было прынятае не дэкрэтам прэзыдэнта, а каб дэпутаты прынялі адпаведны закон. Потым быў намёк дэпутатам аб іх будучай працы.
Карацей, падчас двухгадзіннага выступу Лукашэнка не ўтварыў ніводнага моцнага псыхалягічнага вобразу зь сябе, з ворагаў, з атачэньня. І такое ня вельмі добрае агульнае ўражаньне ад чалавека, які кіруе дзяржаваю ўжо шмат гадоў, але ўвесь час адказнасьць за пагаршэньне справаў перакладвае на кагосьці іншага: чыноўнікаў, губэрнатараў, супрацоўнікаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і іншае. Узьнікае пытаньне: а навошта тады прэзыдэнт, за што ён адказвае?”
(Карбалевіч: ) “Гэта, мусіць, тлумачыцца тым, што да выбараў яшчэ далёка, пэрспэктывы з рэфэрэндумам таксама цьмяныя. Таму, магчыма, яшчэ рана даваць нейкія абяцаньні насельніцтву.
Мне падалося, што самым цікавым момантам у выступу Лукашэнкі быў сюжэт аб беларуска-расейскай інтэграцыі. Падалося, што тут былі цікава расстаўленыя многія акцэнты. А на што вы зьвярнулі ўвагу ў гэтым сюжэце?”
(Класкоўскі: ) “Я пакідаю за дужкамі заяву аб тым, што дыскусія аб уваходжаньні ў Расею скончаная і на ёй пастаўлены крыж. Бо побач суседнічалі супярэчлівыя тэзысы. Як гэта часта ў яго бывае.
Я зьвярнуў увагу на такі тыповы для Лукашэнкі прыём: заінтрыгаваць публіку. Гэта робіцца дзеля таго, каб перавесьці стрэлкі. Ён заявіў, што беларускім бокам падрыхтаваныя нейкія радыкальныя прапановы. А атрымаецца хутчэй за ўсё так, што інтэграцыя будзе таптацца на месцы. Вядома, што саюзная дзяржава — міт. І ў такім выпадку можна будзе спэкуляваць і казаць: я ж рабіў такія глябальныя прапановы, а Масква зноў нешта робіць ня так, хітруе і іншае”.
(Падгол: ) “Хацеў бы зьвярнуць увагу на два пункты. Лукашэнка сьцьвердзіў, што ўся інтэграцыя будзе ісьці з захаваньнем незалежнасьці. І таму пры пераходзе на расейскі рубель у агульным міжбанкаўскім савеце, які будзе кіраваць эмісійным цэнтрам, павінен быць парытэт галосоў Беларусі й Расеі. Масква на гэта ня пойдзе. І Лукашэнка гэта цудоўна разумее. Такім чынам, ён публічна кажа, што я за інтэграцыю, а ў рэальнасьці інтэграцыя ня будзе рухацца.
Цяпер пра гэтую інтрыгу, аб якой згадаў спадар Класкоўскі. Незразумела, навошта прапаноўваць Пуціну нейкі новы праект інтэграцыі, калі ёсьць, па меркаваньні самаго ж Лукашэнкі, добры канстытуцыйны акт, які выносіцца на рэфэрэндум. Гэты новы праект дае беларускаму кіраўніку мажлівасьць манеўру. Ён будзе казаць, што я прапаноўваў Пуціну новыя варыянты, а ён адмовіўся. І таму Лукашэнка хоча захаваць за сабою вобраз інтэгратара. Вось ў гэтым — новая інтрыга ў беларуска-расейскіх адносінах”.
(Карбалевіч: ) “Я таксама зьвярнуў увагу, што з аднаго боку Лукашэнка моцна націскаў на сувэрэнітэт Беларусі, на роўнасьць правоў Беларусі й Расеі ў новым саюзе. Ён заявіў, што беларускі эканамічны ўклад не зьяўляецца перашкодай для інтэграцыі й нават прывёў прыклад з суіснаваньнем Ганконгу і Кітаю.
Але адначасова Лукашэнка сказаў, што ў яго ёсьць прапанова (пра якую ўзгадвалі мае суразмоўцы), якая значна больш радыкальная. То бок, гэта радыкальны крок да аб’яднаньня. Дык як жа суаднесьці непарушнасьць сувэрэнітэту Беларусі й прапановы па радыкальным аб’яднаньні?
Выступ Лукашэнкі быў вельмі крытычным у адносінах да кіраўніцтва Расеі. Масква была абвінавачаная ў тым, што ня хоча ісьці на тое, каб перадаць саюзнай дзяржаве большыя паўнамоцтвы. Расея выступае супраць таго, каб Канстытуцыйны акт быў дакумэнтам наўпроставага юрыдычнага дзеяньня. Але калі б гэтыя ідэі былі рэалізаваныя, то зноў жа, што б засталося ад беларускага сувэрэнітэту? Таму мне падалося, што ў гэтым сюжэце былі вельмі супярэчлівыя тэзысы.
А на што б зьвярнулі вы ўвагу ў той частцы выступу, якая тычыцца ўнутранай палітыкі краіны? Мне падалося, што вельмі вялікі акцэнт быў зроблены на сацыяльныя праблемы, і зусім малая ўвага была нададзеная пытаньням уласна эканомікі. Чым тлумачыцца такі незбалянсаваны падыход у выступе Лукашэнкі?”
(Класкоўскі: ) “Тут усё проста. Калі казаць пра макраэканоміку, то патрэбна было б казаць пра рэфармаваньне эканомікі. А паколькі пра гэта гаворкі не ідзе, то застаецца гаварыць пра сацыяльную абарону насельніцтва. Гэта дае магчымасьць для выкарыстаньня папулісцкіх спэкуляцыяў.
Я не пагадзіўся бы са спадаром Падголам, што Лукашэнка выглядаў разгубленым. Думаю, тут ёсьць элемэнт хітрасьці. Гаворка ідзе пра той перавод стрэлак, які ўжо згадваўся. Ва ўсім дрэнным вінаваты нехта іншы. Дэпутаты павінныя прыняць добрыя законы. Урад павінен забясьпечыць сацыяльныя стандарты і іншае. А Лукашэнка, як звычайна, будзе выратавальнікам нацыі, абаронцам простага люду. Ён хоча быць на кані і ў белых пальчатках. Гэта вельмі спатрэбіцца падчас нейкіх новых электаральных кампаніяў”.
(Падгол: ) “Лукашэнка даў такі малюнак бюджэту. Што тычыцца даходнай часткі, то ён заклікаў беларускіх бізнэсоўцаў падзяліцца. А вось у расходнай частцы значная ўвага надавалася льготам. У краіне 7,5 мільёнаў ільготнікаў. Дзяржава гэтага ня вытрывае, і таму будзем скарачаць.
Такім чынам, Лукашэнка адкрытым тэкстам сказаў, што жыць будзеце горш. І ў гэтым ягоны правал. Ён сам гэта адчувае. І таму траціць імпэт, зь якім звычайна выступае. Лукашэнка ні слова не сказаў пра “квітнеючую Беларусь”. Вынікам крызысу стаў зварот да ідэалёгіі, якая патрэбная для апраўданьня цяперашняй палітыкі”.
(Класкоўскі: ) “Па вялікім рахунку, я згодны са спадаром Падголам у тым, што згаданая прамова сьведчыць аб нарастаньні крызысу гэтага рэжыму. Таму ў гістарычнай пэрспэктыве пытаньне варта ставіць так: наколькі хопіць адміністрацыйнага, прапагандысцкага і іншага віду рэсурсаў, каб працягнуць панаваньне гэтага рэжыму”.
(Падгол: ) “А я бы коратка падсумаваў так: я ўбачыў разгубленага Лукашэнку, які знаходзіцца ў стане выбару. Эўропа яму “адкрыла калітку”. Але каб у яе заходзіць, трэба вырашаць пытаньне з правамі чалавека і іншае. А на гэта ён пайсьці ня можа. У Расею Лукашэнка таксама ня хоча ісьці. Таму ён разгубіўся”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, галоўная выснова з пасланьня Лукашэнкі Нацыянальнаму сходу: ніякіх зьменаў ні ва ўнутранай, ні ў замежнай палітыцы Беларусі чакаць не даводзіцца”.