АБСЭ ідзе на саступкі?

Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч і каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў

(Віталь Цыганкоў: ) “Нягледзячы на крызыс вакол КНГ АБСЭ, сёньня падчас візыту генэральнага сакратара АБСЭ Яна Кубіша абодва бакі абменьваліся даволі ветлівымі заявамі. У прыватнасьці, спадар Кубіш падкрэсьліў, што застаецца аптымістам і выказаў спадзяваньне, што абодвум бакам удасца знайсьці “выйсьце з гэтага ненармальнага становішча”.

У сваю чаргу, міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў заявіў, што Беларусь “зацікаўленая ў нармалізацыі дачыненьняў з АБСЭ”. Ці можна гаварыць, што абодва бакі сёньня гатовыя пайсьці на саступкі, каб рухацца насустрач адно аднаму? Ці сапраўды АБСЭ гатовая ісьці на саступкі ў справе зьмены мандату КНГ у Менску?”

(Мікола Статкевіч: ) “На нейкія сымбалічныя зьмены АБСЭ гатовая пайсьці. Але час гэтай гатовасьці абмежаваны — да наступнага паседжаньня Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Калі беларускім уладам ня ўдасца скарыстацца гэтым часам і таксама пайсьці насустрач, пагадзіцца з сымбалічнымі зьменамі мандату і даць дазвол на далейшую працу місіі — то будуць вялікія непрыемнасьці на гэтай Асамблеі. І адным з ініцыятараў гэтых непрыемнасьцяў будзе ня толькі традыцыйна амэрыканская дэлегацыя, але, магчыма, ужо і расейская, як ні дзіўна гэта прагучыць”.

(Андрэй Саньнікаў: ) “На жаль, АБСЭ гатовая ісьці на пэўныя саступкі наконт мандату місіі. Калі тыя заявы, якія прагучалі раней ад таго, хто старшынюе ў АБСЭ, а цяпер ад генэральнага сакратара — калі гэта палітыка АБСЭ (а гэта асобы, якія якраз агучваюць палітыку), то, на жаль, АБСЭ пойдзе на саступкі. Аднак гэта можа справакаваць крызыс у самой АБСЭ, бо прадэманструе, што гэтая арганізацыя ня мае ўплыву на такую антыдэмакратычную сытуацыю. Саступкі аўтарытарным кіраўнікам заўсёды выклікаюць адмоўныя тэндэнцыі ў самой арганізацыі.

Я ня бачу, каб беларускі бок узгадваў нават пра нейкія касмэтычныя саступкі. Яны заўсёды казалі, што хацелі б зьмены мандату. Відавочна, яны хацелі б, каб гэты мандат быў пустым, каб прысутнасьць АБСЭ не ўплывала ўвогуле ні на што, і найперш на працэс выбараў у Беларусі”.

(Цыганкоў: ) “Калі АБСЭ выкажа гатовасьць ісьці на нейкія саступкі, кампрамісы, то, натуральна, запатрабуе нейкія крокі ў адказ зь беларускага боку. Якія гэта могуць быць крокі і ці зробіць што-небудзь Беларусь насустрач АБСЭ?”

(Статкевіч: ) “Крокам насустрач з боку Беларусі ўжо зьяўляецца згода аднавіць дзейнасьць місіі. Але тут цяжка падыходзіць са звычайнай палітычнай лёгікай да гэтай праблемы, яе трэба разглядаць глыбей. Матывацыя беларускіх уладаў зразумелая — з гледзішча чаканых рэфэрэндуму і выбараў ёсьць жаданьне пазбавіцца назіральнікаў. Некаторыя рэчы лепш рабіць бязь сьведкаў.

Зьнешняя сытуацыя можа таксама прымусіць рэжым да саступак. Зараз вельмі важна прадэманстраваць Маскве — маўляў, нас і туды, у Эўропу, бяруць, і калі вы не адкруціце назад, то мы сыдзем ад вас на Захад. Зараз Масква сьмяецца з гэтых пагрозаў, аднак калі пачнуцца ўзаемныя саступкі, то беларускі рэжым спадзяецца, што гэта можа нейкім чынам паўплываць на Маскву. Але давядзецца і плаціць — прысутнасьцю сьведкаў усіх нашых унутраных справаў, не заўсёды прыгожых”.

(Саньнікаў: ) “Умовы АБСЭ застаюцца тыя ж самыя — наконт правядзеньня выбараў і дэмакратызацыі краіны. Але з таго часу, як яны былі высунутыя, мы бачым толькі пагаршэньне — быў прыняты новы закон аб СМІ, былі праведзеныя сфальсыфікаваныя прэзыдэнцкія выбары, пачалі саджаць журналістаў і гэтак далей.

Менавіта пра гэта павінныя клапаціцца кіраўнікі АБСЭ, бо гэта дыскрэдытуе самую арганізацыю. Ведаю, што там абмяркоўваліся даволі жорсткія захады — напрыклад, прыпыненьне сяброўства Беларусі ў АБСЭ. Лічу, што трэба было ісьці менавіта гэтым шляхам. Бо беларускія ўлады прадэманстравалі вельмі хамскія паводзіны. І калі не рэагаваць на іх, гэта значыць, арганізацыі страціць свой уплыў увогуле. Ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах, перш за ўсё СНД”.

(Цыганкоў: ) “За час пасьля канстытуцыйнага перавароту 1996 году эўрапейскія структуры паспрабавалі некалькі падыходаў да разьвязаньня беларускай праблемы. Гэта была і даволі жорсткая ізаляцыя, потым, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, спроба наладзіць нейкую пакрокавую стратэгію. Які з гэтых варыянтаў, на вашую думку, мусіць прымяняцца міжнароднай супольнасьцю да цяперашняга беларускага рэжыму?”

(Саньнікаў: ) “Зараз усе ўбачылі, што беларуская ўлада не ідзе на саступкі. І ў Эўропе цяпер сыходзяць з таго, што такое становішча захаваецца, пакуль Лукашэнка пры ўладзе. І таму спрабуюць і абмяркоўваюць розныя “кампрамісныя” пляны, але нічога не дае вынікаў. Я лічу, што ёсьць два варыянты. Па-першае, пайсьці на жорсткае супрацьстаяньне рэжыму, і гэта дасьць станоўчыя вынікі. Альбо ісьці шляхам саступак, і тады ў нас будзе толькі пагаршацца сытуацыя”.

(Статкевіч: ) “Я думаю, што дзьверы трэба трымаць крыху адчыненымі. Бо рэсурс жорсткіх сродкаў вычарпаны. Ну што — санкцыі эканамічныя ўводзіць? Досьвед паказвае, што санкцыя якраз спрыяюць умацаваньню такіх рэжымаў, бо зьяўляецца зьнешні вораг, на якога можна сьпісаць усе праблемы.

Думаю, што эўрапейскія палітыкі дасьведчаныя ў дыпляматыі, яны будуць цярпліва даводзіць сваю пазыцыю і амаль ня будуць зрывацца на нейкія радыкальныя крокі. Безумоўна, ёсьць і радыкальныя прапановы — напрыклад, зноў увесьці візавыя абмежаваньні на ўезд беларускіх чыноўнікаў. Але гэта, як і ад’езд амбасадараў пасьля падзеяў у Драздах, гэта не эфэктыўная палітыка. Нагадаю, што амбасадарам прыйшлося ціха вярнуцца.

Спадзяюся, што Эўропа гэты ўрок запомніла і павінная шукаць любую магчымасьць пашырыць кантакты на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад мясцовых і рэгіянальных. Калі ісьці насустрач жаданьню Лукашэнкі ізаляваць Беларусь — то можна такім чынам дапамагчы яму ўмацаваць сваю ўладу. Трэба імкнуцца размываць гэты рэжым, даводзіць прыклады іншага разьвіцьця на ўсіх узроўнях, ад рэгіянальных чыноўнікаў да дзетак, якія едуць на праграмы аздараўленьня”.