ЦІ ПРЫМУШАЛА КІРАЎНІЦТВА ЗАВОДУ “АТЛЯНТ” ПАДПІСВАЦЦА ЗА ДЫРЭКТАРА КАЛУГІНА?

Міхал Стэльмак, Менск

Як паведаміў сёньня нашаму радыё сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік, скарга паступіла ад работнікаў менскага заводу "Атлянт".

(Лазавік: ) "Гэтая інфармацыя паступіла да нас па тэлефоне, званілі работнікі прадпрыемства. Сутнасьць інфармацыі ў тым, што на кіраўнікоў структурных падразьдзяленьняў ускладзены абавязак зьбіраць подпісы за дырэктара. Гэтыя тэлефанаваньні не ананімныя — людзі назвалі сябе. Але паколькі яны працуюць на гэтым прадпрыемстве і непакояцца з прычыны магчымага перасьледу з боку кіраўніцтва, то папрасілі не называць іхных прозьвішчаў", — паведаміў Мікалай Лазавік.

Паводле ягоных словаў, зараз Цэнтарвыбаркам і пракуратура распачынаюць сумесную праверку гэтай інфармацыі.

Адміністрацыя заводу ціск на работнікаў "Атлянту" адмаўляе. Ня чулі пра прымусовы збор подпісаў і ў прафсаюзным камітэце заводу. Вось што зазначыў на гэты конт старшыня прафкаму Валеры Нікалаенка:

(Нікалаенка: ) "Дзейнічае ініцыятыўная група, у якую ўваходзяць і прафсаюзныя актывісты. Зьвесткі пра тое, што нібыта паступіла каманда ўсіх прымусіць зьбіраць подпісы, ня маюць падставаў. Як гэта можна ўсіх прымусіць, калі трэба працаваць. На заводзе працуе каля 8 тысяч чалавек, дык хіба можна прымусіць усіх накіраваць на збор подпісаў?!

Я мяркую, што тут праблема перабольшаная. З тых, хто працуе на нашым заводзе, хтосьці зьбіраецца галасаваць і зьбірае подпісы за дзейнага прэзыдэнта, а хтосьці ходзіць і зьбірае подпісы за нашага генэральнага дырэктара, а хтосьці — за іншых прэтэндэнтаў. Камусьці кандыдатура нашага генэральнага дырэктара падабаецца, а камусьці і не".

Спадар Нікалаенка не выключае, што некаторыя пакрыўджаныя на кіраўніка заводу работнікі насамрэч маглі патэлефанаваць у Цэнтарвыбаркам. Між тым, паводле ягоных словаў, ініцыятыўная група Леаніда Калугіна, у складзе якой 120 чалавек, зьбірае подпісы пасьпяхова — сабралі ўжо дзясяткі тысячаў подпісаў.

На думку заводзкага начальства, скандал мог спатрэбіцца і нядобразычліўцам дырэктара з уладных структураў. Кіраўніца эканамічнай службы "Атлянту" Зоя Літвінава лічыць абвінавачаньні на адрас Леаніда Калугіна неабгрунтаванымі:

(Калугін: ) "Па тэлебачаньні, напрыклад, гавораць пра нэгатыўныя бакі "Атлянту". Між тым, ніхто ня ўлічвае ўмоваў нашай працы на зьнешніх рынках. Напрыклад, на нашу прадукцыю было падвоенае падаткаабкладаньне. А яшчэ, калі іншыя прадпрыемствы паадмаўляліся ад сацыяльнай сфэры, то на нас "вісяць" і дзіцячыя садкі, і інтэрнаты, і тое, што мы мусім займацца дабрачыннасьцю. Вось гэтага чамусьці ніхто не адзначае, а зьвяртаюць увагу толькі на нэгатыўныя бакі", — абураецца спадарыня Літвінава.