НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ ПАЧАЛІ СКЛАДАЦЬ СЬПІСЫ ІНІЦЫЯТЫЎНЫХ ГРУПАЎ ПА ВЫЛУЧЭНЬНІ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ Ў ПРЭЗЫДЭНТЫ

Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць


На сустрэчы з кіраўнікамі прадпрыемстваў і гаспадарак прадстаўнікі мясцовай вэртыкалі, якія адказваюць за інфармацыйна-выхаваўчую працу, даводзяць канкрэтныя лічбы. Жыхары Магілёўскай вобласьці павінны сабраць ня менш за 150 000 подпісаў за вылучэньне Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты. Гэтым яны мусяць прадэманстраваць, што ягоная малая радзіма, Магілёўшчына, застаецца яму вернай.

Паводле крыніцаў, якія пажадалі застацца невядомымі, на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах ужо складаюць сьпісы зборшчыкаў подпісаў.

Рабочыя аб'яднаньня "Хімвалакно" і заводу "Трансмаш", іншых прадпрыемстваў паведамілі карэспандэнту Радыё Свабода пра спробу начальства ўцягнуць іх у ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі. Хтосьці адмаўляецца, а частку працаўнікоў ужо ўнесьлі ў папярэднія сьпісы.

Менавіта гэтыя людзі, як толькі пачнецца выбарчая кампанія, павінны сабраць заплянаваныя 150 000 подпісаў з жыхароў вобласьці ў падтрымку нелегітымнага кіраўніка беларускай дзяржавы.

Лідэры апазыцыі лічаць, што атачэньне Лукашэнкі адмыслова зацягвае прызначэньне выбараў, каб даць яму магчымасьць лепш падрыхтавацца да збору подпісаў. Дзеля гэтага карыстаюцца рознымі мэтадамі, нават пагрозамі звольніць з працы.

Асобных кіраўнікоў прадпрыемстваў і гаспадарак ужо папярэдзілі пра магчымую адказнасьць у выпадку пераходу ў іншую ініцыятыўную групу альбо агітацыі за іншага кандыдата.

Падрыхтоўка да выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскай вобласьці вядзецца ва ўмовах строгай сакрэтнасьці.