ПАРЛЯМЭНЦКАЯ "ТРОЙКА" НАВЕДАЕ БЕЛАРУСЬ НА ПАЧАТКУ ЛІПЕНЯ

Уладзімер Глод, Менск

Сёньня на чарговым паседжаньні Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў амбасадар Вік паведаміў, што Парлямэнцкая "тройка" АБСЭ наведае Беларусь 1-3 ліпеня.

Менавіта "тройка" будзе вырашаць, ці прысылаць міжнародных назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусь. Мяркуецца, што "тройка" выкажа і парады наконт рамачных умоваў правядзеньня гэтых выбараў.

А пакуль адзін з прадстаўнікоў "тройкі" — Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ праз сваё структурнае падразьдзяленьне — Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека ладзіць 29-31 траўня ў Варшаве адмысловыя канфэрэнцыі й сэмінар наконт назіраньня за маючымі адбыцца выбарамі.

Чаго чакаць ад візыту "тройкі"? На гэтае пытаньне адказвае ўдзельніца сёньняшняга паседжаньня Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў, прадстаўніца Партыі БНФ Галіна Сямдзянава:

(Сямдзянава: ) "Цяжка сказаць. Спадзяваньні заўсёды ёсьць. Таму, магчыма, чым-небудзь дапамогуць. Калі будзе дакладна сфармулявана з нашага боку тое, што мы хочам зрабіць".

(Карэспандэнт: ) "Вы маеце на ўвазе — калі будзе сфармулявана — каб "тройка" магла дапамагчы?"

(Сямдзянава: ) "Так, менавіта так. Калі мы дакладна выкладзем тое, што мы хочам, і тройка будзе ў стане гэта ажыцьцявіць. Не ва ўсім "тройка" можа дапамагчы, бо гэта можа быць расцэнена як спроба ўлезьці ва ўнутраныя справы краіны".

Амбасадар Вік паведаміў, што паміж АБСЭ і афіцыйным кіраўніцтвам Беларусі цяпер ідзе актыўны абмен лістамі ды іншай карэспандэнцыяй. Галоўная тэма, якая абмяркоўваецца —правамоцнасьць фінансаваньня з боку АБСЭ сеткі ўнутранных назіральнікаў за прэзыдэнцкімі выбарамі, якая рыхтуецца грамадзкімі арганізацыямі Беларусі.

У гэтай сувязі стала вядома, што афіцыйны прадстаўнік Беларусі ў АБСЭ амбасадар Гайсёнак разам з кіраўніком управы МЗС Беларусі Грынкевічам маюць намер наведаць Бухарэст для сустрэчы зь дзейным старшынём АБСЭ міністрам замежных спараваў Румыніі Мірчам Джэанам. Яны вязуць з сабой копію дакладной запіскі старшыні КГБ Беларусі Леаніда Ерына наконт дзеяньняў спадара Віка і тлумачэньне да яе.

Між тым, сёньня Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў прыняла адмысловую заяву пад назовам "Аб сытуацыі вакол дзейнасьці КНГ АБСЭ ў Беларусі". У ёй падкрэсьліваецца: беларускія ўлады хочуць пазбавіцца ад амбасадара Віка, бо такі крок можа паралізаваць дзейнасьць КНГ і даць уладам магчымасьць правесьці выбары паводле свайго сцэнару.