АДЗІНЫ КАНДЫДАТ НА ПРЭЗЫДЭНТА БУДЗЕ ВЫЗНАЧАНЫ ПЕРАД ПАЧАТКАМ ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ

Альгерд Невяроўскі, Менск


Асноўным пытаньнем сёньняшняга паседжаньня Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў стала праблема вызначэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнта.

У Радзе, паводле рэглямэнту, сёньня старшынявала грамадзянская ініцыятыва "Хартыя-97", і гэтая акалічнасьць выклікала напачатку паседжаньня рэзкі дэмарш з боку лідэра партыі БСДГ Станіслава Шушкевіча.

Спадар Шушкевіч лічыць, што прадстаўнікі "Хартыі-97" займаюць апошнім часам дэструктыўную пазыцыю па многіх важных палітычных пытаньнях. Лідэр БСДГ на знак пратэсту пакінуў паседжаньне Рады, заявіўшы, што возьме ўдзел у працы КРДС толькі пасьля таго, як скончыцца старшынёўства "Хартыі-97".

На сёньняшнім паседжаньні таксама не было лідэркі партыі жанчын "Надзея" Валянціны Палевіковай (яна ў ад'езьдзе) і прадстаўнікоў Партыі працы, якія гэтак дэманструюць сваю нязгоду з рашэньнем прыпыніць сяброўства ў КРДС "Народнай Грамады" Мікалая Статкевіча.

Такім чынам, сёньня ў працы КРДС бралі ўдзел партыі й арганізацыі, якія падтрымліваюць кандыдатуру Сямёна Домаша.

Прадстаўнікі рэгіянальных грамадзкіх аб'яднаньняў настойвалі, каб Каардынацыйная рада афіцыйна назвала спадара Домаша адзіным кандыдатам на прэзыдэнта. Спасылаліся на тое, што ня варта губляць час і што людзі ў рэгіёнах стаміліся ад нявызначанасьці.

Лідэры ж партыяў даводзілі, што ня варта сьпяшацца, бо афіцыйнае абвяшчэньне Домаша адзіным кандыдатам прывядзе да расколу ў апазыцыйнай кааліцыі.

Сябры КРДС заслухалі інфармацыю аб праведзеных сёньня кансультацыях паміж спадарамі Домашам, Ганчарыкам, Чыгіром і Казлоўскім. (Усе гэтыя прэтэндэнты выказалі жаданьне надалей супрацоўнічаць у справе вызначэньня адзінага кандыдата.)

Пра тое, якое рашэньне прыняла Каардынацыйная рада ў справе адзінага кандыдата, гаворыць старшыня сёньняшняга паседжаньня, каардынатар "Хартыі-97" Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) "Адбыліся кансультацыі паміж кандыдатамі, і каб не парушыць таго, што робіцца цяпер дзеля кансалідацыі ўсіхных намаганьняў, КРДС палічыла магчымым адкласьці гэтае пытаньне. І прыняць гэтае пытаньне на больш позьнім этапе, таму што мы павінны ведаць вынікі гэтых кансультацыяў.

Мы ня можам заплюшчваць вочы на тое, што й Чыгір і Ганчарык і Казлоўскі робяць нешта дзеля ўмацаваньня апазыцыйных сілаў".

Каардынацыйная рада таксама прыняла адмысловы зварот да кіраўніцтва БСДП "Народная Грамада" з нагоды ўдзелу сябраў гэтай партыі ў давыбарах у так званую палату прадстаўнікоў. Сябры КРДС заклікалі лідэра "Народнай Грамады" Мікалая Статкевіча зьняць сваю кандыдатуру, што "прадэманструе ягонае разуменьне адказнасьці за сытуацыю ў Беларусі й паслужыць умацаваньню адзінства ўсіх дэмакратычных сілаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў".

Каардынацыйная рада таксама разгледзела пытаньні супрацоўніцтва апазыцыі зь сябрамі выбарчых камісіяў і выпрацоўкі адзінай стратэгіі на пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў.