FINANCIAL TIMES: ЭЎРА РАСЬЦЕ І Б’Е РЭКОРДЫ

Кастусь Бандарук, Прага

Учора 1 эўра каштавала 1,18 амэрыканскага даляра. Вартасьць даляра ўпала да найніжэйшага за апошнія тры гады ўзроўню ў дачыненьні да японскай йены (110 йенаў за адзін даляр), а таксама да найніжэйшага за апошнія сем гадоў ўзроўню аднсона канадыйскага даляру.

На вартасьці даляра нэгатыўна адбілася рашэньне “вялікай сямёркі”, якая ў часе сустрэчы ў Дубаі выказалася за гнуткую валютную палітыку. Некаторыя экспэрты, у прыватнасьці Кіт Джакэс з Банку фінансавых рынкаў Шатляндыі лічыць, што ў выпадку высокага дэфіцыту ў некаторых краінах сямёркі, гэта было вельмі рызыкоўнае рашэньне. Эканамісты мяркуюць, што нават рост амэрыканскай эканомікі не прадухіліць далейшага зьніжэньня вартасьці даляра, а дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту ЗША, складзе сёлета 570 мільярдаў даляраў.

У чым небясьпека мацнейшага эўра для эўрапэйскай эканомікі? Гэта найперш пагражае зьніжэньнем эўрапэйскага экспарту. У першую чаргу, ахвярай можа стаць найбуйнейшая ў эўразоне – нямецкая эканоміка. Разам з ўзмацненьнем эўра ў першай палове гэтага году яна перажыла рэцэсію, аднак у жніўні тэндэнцыя часткова перавярнулася, і быў зафіксаваны эканамічны рост у памеры 0,6%.

Паводле нямецкага эканаміста Паўля Лямбэрта, моцнае эўра зьнеахвочвае замежных інвэстараў да капіталаўкладваньняў у эканомікі зоны эўра. Учора больш як на 1% упалі цэны акцыяў на эўрапейскіх біржах. “Калі абменны курс дасягне адзнакі 1,20 даляра за адно эўра, гэта будзе сапраўдная праблема” – лічыць эканаміст Райнэр Гунтэрман.

Экспэрты ня маюць суцяшальных прагнозаў для эўрапейскай эканомікі. Яны прадбачваюць, што цягам бліжэйшага году эўра можа дасягнуць адзнакі нават 1,30 даляра за адно эўра. На думку прэзыдэнта Эўрапэйскага банку Віма Дуісбэрга, далейшага зьніжэньня вартасьці даляра пазьбяжаць немагчыма.