ДАЗВОЛ НА ПАСТАЎКУ Ў БЕЛАРУСЬ ТАВАРАЎ ЗАМЕЖНАЙ ВЫТВОРЧАСЬЦІ БУДЗЕ ДАВАЦЬ АДМЫСЛОВАЯ КАМІСІЯ

Ігар Карней, Менск

Падрабязны сьпіс непажаданай для паставак у Беларусь прадукцыі зьявіцца ў блізкім часе. Адна з кіраўніц дэпартамэнту гандлю Міністэрства эканомікі Людміла Чэглік паведаміла, што да канца жніўня пастанова павінна быць прынятая. Каго найперш яна будзе тычыцца?

(Чэглік: ) “У пералік патрапілі тавары, якія вырабляюцца ў нашай краіне, але аналягі якіх імпартуюцца, і складаюць нядобрасумленную канкурэнцыю. Таму гэта тычыцца і індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асобаў, якія ажыцьцяўляюць закупы коштам сродкаў рэспубліканскага бюджэту, бюджэтных і пазабюджэтных фондаў (уключна з інавацыйнымі), зьнешніх дзяржаўных пазыкаў, а таксама, калі яны ўдзельнікі праграмаў, зацьверджаных прэзыдэнтам ці ўрадам. Таму ў дадзеным выпадку пад рэгуляваньне трапляюць усе юрыдычныя асобы, незалежна ад формы ўласнасьці, і індывідуальныя прадпрымальнікі”.

Ініцыятыва абгрунтоўваецца інтарэсамі айчынных таваравытворцаў. Аднак, калі прадукцыя беларускіх вытворцаў пры невысокай якасьці дасягнула міжнародных коштаў, фактычная забарона на права эканамічнай альтэрнатывы шмат каго зьдзіўляе. Вось што кажа доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба:

(Жаліба: ) “Найперш, гэта чарговае адступленьне да адміністратыўнага рэгуляваньня эканомікі — тады як для гэтых мэтаў існуюць рынкавыя рэгулятары, прыкладам, мытныя пошліны. Па-другое, гэта пазбаўленьне канкурэнцыі айчынных вытворцаў, якія канчаткова закансэрвуюцца ў сваіх тэхналёгіях, далёкіх ад сучаснага ўзроўню. Па-трэцяе, пакупнік пазбаўляецца права выбару якасных тавараў. Праблема павінна вырашацца праз кошты — калі выраб менш якасны, ён, адпаведна, і таньнейшы. А ўвогуле, сам намер сьведчыць пра агульны кепскі стан нашай эканомікі. Таму, я лічу, гэта грубая памылка з боку ўраду і галіновага міністэрства”.

Разам з арганізацыямі, маёмасьць якіх цалкам знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці, існуюць прадпрыемствы зь невялікай доляй дзяржавы ў статутным фондзе. Дагэтуль лічылася, што яны распараджаюцца “ўласнымі сродкамі”. Паводле новых правілаў гандлю, дзяржава будзе вырашаць, на якія мэты гэтыя грошы выдаткоўваць. Гаворыць Людміла Чэглік:

(Чэглік: ) “Калі прадукцыя патрапіла ў пералік, прадпрыемства, якое жадае ажыцьцявіць закуп і прыцягвае да тэндэру прэтэндэнта, які прапануе замежны тавар, павінна зьвярнуцца з адпаведнымі матэрыяламі ў камісію, і патлумачыць: чаму неабходна набываць нямецкія зернеўборачныя камбайны “Кейс”, а ня “Гомсельмаш” ці растоўскі “Дон”? Гэтае жаданьне павінна быць аргумэнтавана эканамічнымі і тэхнічнымі крытэрамі. Толькі тады камісія можа даць “дабро” на ўдзел прэтэндэнта ў тэндэры”.

Пакуль у пераліку тавараў і паслугаў, дазвол на пастаўкі якіх, магчыма, ужо ад верасьня будзе даваць адмысловая камісія, паўтары сотні найменьняў. Гэта прадукцыя лёгкай прамысловасьці, машынабудаваньня, папяровыя і гумавыя вырабы, калійныя ўгнаеньні, шэраг будаўнічых пазыцыяў (найперш, цэмэнт), мэдычная тэхніка, нават дзіцячыя цацкі. Ад пачатку Міністэрства эканомікі прапаноўвала пакінуць па-за канкурэнцыяй толькі складанатэхнічную прадукцыю, але на ўзроўні ўраду вырашана не абмяжоўвацца асобнымі сфэрамі.