У МЕНСКУ ВЯДЗЕЦЦА МАСАВАЕ ЗЬНІШЧЭНЬНЕ КАМЭРЦЫЙНЫХ ШАПІКАЎ

Юлія Шарова, Менск

У цэнтры гораду сёньня бадай не заставалася камэрцыйных шапікаў, якія б працавалі. Ля станцыі мэтро “Інстытут культуры”, у адным з найбольш людных месцаў сталіцы, усе шапікі былі зачыненыя, калі не лічыць кіёскаў “Белсаюздруку” і шапікаў, дзе прадаюцца талёнчыкі на транспарт. Я знайшла там усяго адну гандлярку.

(Жанчына: ) “Мы яшчэ нічога дакладна ня ведаем, але пакуль застаемся. Вось шапікі зачыніліся, а нас пакуль пакінулі. А як там будзе далей, ня ведаем”.

У гэтай кабеты застаецца шанец не згубіць працу, бо кіёскі, што месьцяцца на прыпынках грамадзкага транспарту, гарадзкія ўлады вырашылі не чапаць да 1 студзеня 2005 году. Усяго такіх пунктаў у горадзе каля пяцісот. Астатнія падлягаюць ліквідацыі. Дарэчы, гэты працэс распачаўся яшчэ да прыняцьця рашэньня. Паводле зьвестак Беларускага саюзу прадпрымальнікаў, штотыдня ў Менску зьнішчалі дзясатак-другі шапікаў – з розных фармальных падставаў.

Тацяна гандлюе кветкамі ля таго ж “Інстытуту культуры”. Кажа, што яе і ейных каляжанак ад беспрацоўя ўратавала толькі згода пабудаваць ля чыгункі кветкавую краму. Чаму гарадскія ўлады распачалі атаку супраць дробных гандляроў, Тацяна не разумее.

(Тацяна: ) “На маю думку, яны вельмі шмат губляюць. Такія пункты як шапікі, як кветкавы гандаль – гэта вельмі выгадна для дзяржавы”.

Ларыса гандлюе садавінай зь яткі. Ёй таксама пашанцавала, бо ятачны гандаль Менгарвыканкам пашкадаваў. Толькі ў зімовыя месяцы яткі працаваць не павінны – у гэты час ятачнікі мусяць сядзець бяз грошай ці шукаць сабе іншы занятак. Зрэшты, і такое кампраміснае рашэньне мясцовых уладаў жанчыну не супакойвае.

(Ларыса: ) “Яны даўно папярэджвалі нас, што прыбяруць. Менавіта на нашым месцы нібыта нейкі фантан хочуць будаваць, шапікі прыбралі цалкам. Ніхто нічога ня ведае, мы працуем адным днём. Могуць заўтра спакойна сказаць, што яткі зачыняюцца й нічога ня будзе”.

На ўскрайках гораду асобныя шапікі яшчэ працуюць. Не зачынілі шмат гандлёвых пунктаў і ля ўнівэрсаму “Заводзкі” на вуліцы Несьцерава. Але паколькі ўсе кіёскі, што знаходзяцца блізу аб’ектаў стацыянарнага гандлю, трэба зьнішчыць, то і тут шапікі ня сёньня дык заўтра зачыняцца. Мая суразмоўца, якая назвалася Рытай, застаецца бяз працы. Пакуль у яе няма ніякіх варыянтаў.

(Рыта: ) “Уяўляеце, колькі людзей застаецца бяз працы? А на прадпрыемствы ісьці няма куды… Таксама паўсюль скарачэньні, працы няма, заводы стаяць. Вось мне сорак тры гады, буду сядзець дома на маміну пэнсію”.

Жанчына лічыць, што дробны гандаль гарадзкія ўлады зьнішчаюць на карысьць уладальнікаў буйных гандлёвых цэнтраў. Напрыклад, у Заводзкім раёне хутка адчыняць цэнтар “Максымус”. Каб набыць там месца, прадпрымальнік павінен заплаціць блізу 10 тысяч даляраў. Прыкладна столькі ж каштуе цяпер шапік.