УКРАІНА АБМЯЖОЎВАЕ ЗАВОЗ БЕЛАРУСКІХ ЗАПАЛАК

Казімер Яноўскі, Гомель

Антыдэмпінгавыя захады Ўкраіна ўвяла пакуль на 120 дзён. Для Расеі ўвазныя мыты мінімальныя — меней 9%. Прадукцыя з Балабанава наогул пад санкцыі не патрапіла.

А вось для беларускіх вытворцаў запалак мыты нашмат вышэйшыя. Пінскія запалкі на мяжы павінныя абкладацца мытамі амаль на 32% ад кошту, барысаўскія — 68%. Запалкі камбінату аб’яднання “Гомельдрэў” яшчэ вышэй — 95,7%.

Як паведамілі ў аб’яднаньні “Гомельдрэў”, у сувязі з санкцыямі Ўкраіны беларускія міністэрствы эканомікі й замежных справаў правялі з вытворцамі запалак нараду, на якой разглядалі прапановы ўкраінскага боку пра ўстанаўленьне адзінага кошту на экспарт запалак.

Распавядае намесьнік дырэктара гомельскага фанэра-запалкавага камбінату аб’яднаньня “Гомельдэў” Віктар Гармашаў:

(Гармашаў: ) “На сёньня, каб адмяніць мыты, украінцы прапануюць Беларусі ўсталяваць агульны кошт на запалкі 6,5 даляраў за тысячу пачкаў. Такую прапанову выставіў дырэктар Ровенскай фабрыкі запалак. Паводле ягонай заявы і распачыналася антыдэмпінгавае дасьледаваньне. Мы б радыя прадаваць і за такі кошт. Але ведаючы ўкраінскі рынак, я разумею, што за такую цану мы запалкі там не прадамо. Гэта пацьвярджалі й іншыя нашыя вытворцы. Я прапаноўваў кошт 5 даляраў і 20 цэнтаў. Аб’ёмы, канечне, упадуць, бо расейцы маюць ва Ўкраіне пэўныя прэфэрэнцыі. Аднак рашэньне пакуль не прынялі. Патрэбны час”.

Паводе словаў Віктара Гармашава, у траўні гамельчукі адправілі ва Ўкраіну толькі адзін вагон запалак. Раней за месяц адпраўлялі да пяці вагонаў запалак коштам 4 даляры і 80 цэнтаў за тысячу пачкаў.

Што будзе надалей, намесьнік дырэктара дакладна ня ведае. На камбінаце вырашана прабівацца з запалкамі на расейскі рынак і спрабаваць прадаваць запалкі ва Ўкраіне, праўда, коштам на 1 даляр вышэй, чым зараз.