ТЭРМІН АБАРАЧЭНЬНЯ ЧЭКАЎ “МАЁМАСЬЦЬ” ХУТЧЭЙ ЗА ЎСЁ ЗНОЎ ПРАЦЯГНУЦЬ — ДА 1 СТУДЗЕНЯ 2004 ГОДУ

Натальля Раковіч, Менск

Як патлумачылі мне ў Дэпартамэнце ўпраўленьня дзяржаўнай маёмасьцю, тэрмін абарачэньня прыватызацыйных чэкаў ужо доўгі час падаўжаецца, бо, па-першае, урад ніяк ня вызначыцца з працэдурай іхнага пагашэньня, а па-другое, насельніцтва само ня дужа актыўна абменьвае чэкі на акцыі прадпрыемстваў. Між тым, у беларусаў, лічаць супрацоўнікі дэпартамэнту, ёсьць шмат магчымасьцяў выгадна інвэставаць свае чэкі “Маёмасьць”. Гаворыць намесьнік начальніка ўпраўленьня абарачэньня каштоўных папераў Леанід Чачотка:

(Чачотка: ) “У нас у прынцыпе цяпер абменьваюцца акцыі 222 акцыянэрных таварыстваў. Спэктар дастаткова шырокі — і колькасна, і якасна. Калі грамадзяне часам гавораць, што, быццам, акцыі абменьваем, а прыбытковасьць іх невысокая — дык што я магу сказаць у дадзеным выпадку? Прыбытковасьць бывае бягучай і канцавой. То бок, трэба разглядаць і пытаньне пра тое, што гэтыя чэкі пасьля зьняцьця абмежаваньня на распараджэньня імі, могуць таксама быць таварам, і канцавая прыбытковасьць выразіцца ў тым, што вы атрымаеце ад продажу іх”.

Паводле спадара Чачоткі, адзін чэк “Маёмасьць” сёньня каштуе 3300 рублёў. На чорным рынку чэкі купляюць па 100 рублёў, таму адмыслоўца сьцьвярджае, што калі грамадзяне ня будуць прадаваць іх выпадковым людзям, то канцавая прыбытковасьць па чэках усё адно будзе вышэйшай. Варта пачакаць, пакуль ня зьявіцца хаця б палажэньне пра пагашэньне чэкаў. Дзяржава можа забясьпечыць іх прыбытковасьць — менавіта гэтак, паводле Леаніда Чачоткі, трэба разумець нядаўнія выказваньні Лукашэнкі ў часе простай тэлефоннай лініі.

Іншай думкі прытрымліваецца эканаміст Яраслаў Раманчук, гаворачы пра пэрспэктывы чэкавай прыватызацыі ў Беларусі. У інтэрвію Свабодзе ён сказаў, што беларускі ўрад ня мае дакладнай канцэпцыі такога разьдзяржаўленьня, і гэта пацьвярджаецца прыкладам з забаронай абменьваць на чэкі акцыі сямі прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу. Насельніцтву прапануюць насамрэч невялікі выбар магчымасьцяў рэалізацыі чэкаў, лічыць спадар Раманчук.

(Раманчук: ) “Людзі сутыкнуліся з такім выбарам: альбо яны набываюць акцыі прадпрыемстваў, якія стратныя і банкруты і таму ня маюць пэрспэктываў, альбо прымуць да сэрца параду Лукашэнкі й будуць трымаць гэтыя чэкі на будучыню. Але калі ўсе прадпрыемствы будуць прададзеныя за грошы, то куды змогуць інвэставаць гэтыя чэкі грамадзяне краіны?”

Вялікі попыт на чэкі “Маёмасьць” на чорным рынку экспэрт тлумачыць так: у Беларусі ёсьць асобы, якія ведаюць пра фінансавы стан асобных прадпрыемстваў ды рыхтуюцца затанна набыць іхныя акцыі, калі такія суб’екты гаспадараньня будуць прызнаныя банкрутамі.

Да таго ж спадар Раманчук паведаміў, што ва ўрадзе зьявіўся праект дэкрэту прэзыдэнта, згодна зь якім мэханізм банкруцтва можа ператварыцца ў інструмэнт барацьбы з канкурэнтамі, а не санацыі прадпрыемства. А беларускія грамадзяне, такім чынам, зноў застаюцца па-за падзелам пірага дзяржмаёмасьці.