ВЫДАЧА БЮДЖЭТНЫХ КРЭДЫТАЎ НА ПРАГРАМЫ САЮЗУ БЕЛАРУСІ Й РАСЕІ СЁЛЕТА ФАКТЫЧНА СПЫНЕНАЯ

Натальля Раковіч, Менск

Так званыя “часовыя цяжкасьці” ўзьніклі з крэдытамі, якія выдаваліся яшчэ выканкамам саюзу Беларусі й Расеі ў 1999–2000 гадах. Як сказаў намесьнік дзяржсакратара саюзнай дзяржавы Ігар Селіванаў, усяго за апошнія пяць гадоў на розныя вытворчыя праграмы з саюзнага бюджэту выдаткавалі каля двух мільярдаў расейскіх рублёў. Але вяртаюцца гэтыя сродкі кепска: калі працэнты яшчэ збольшага выплачваюцца, то з пагашэньнем саміх крэдытаў ёсьць праблемы.

На сёньня запазычанасьць па крэдытах трох-чатырохгадовай даўніны сягае 350 мільёнаў расейскіх рублёў. Набольш складана зь вяртаньнем сродкаў па праграмах “Белрусаўта” і “Саюзны тэлевізар”. Нягледзячы на тое, што ад рэалізацыі такіх гучных праектаў разьлічвалі атрымаць вялікі плён, гаворка ідзе хіба пра страты. Таму спадар Селіванаў прызнае, што прынцып падтрымкі саюзнай эканомікі за кошт бюджэта быў неэфэктыўным.

(Селіванаў: ) “Калі ў ролі крэдытора выступае дзяржава, то ў падсьвядомасьці ёсьць надзея, што напэўна дзяржава чарговы раз пойдзе нам насустрач, дасьць ільготу і зробіць рэструктурызацыю запазычанасьці. Таму я лічу, што падобную практыку трэба спыніць і перайсьці на больш сучасныя і прагрэсіўныя формы падтрымкі бюджэтам вытворчасьці”.

Паводле прадстаўніка сталага камітэту саюзнай дзяржавы, разглядаецца магчымасьць перайсьці на частковыя субсыдыі працэнтных ставак па крэдытах, якія на саюзныя праграмы будуць атрымлівацца ў камэрцыйных банках. Аднак на думку дацэнта Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Віталя Сіліцкага, падобныя захады не ўратуюць саюзныя эканамічныя праграмы, бо камэрцыйныя банкі ніколі добраахвотна ня пойдуць на такую рызыку.

У праектах кшталту “Саюзнага тэлевізара” было куды болей палітыкі, чым эканомікі, лічыць экспэрт, бо тых сродкаў, што выдатковаўліся на праграмы, зусім не хапала для рэальнага разьвіцьця вытворчасьці. Гэтак, патрэба ў інвэстыцыях у вытворчасьць телевізійнай тэхнікі сягала 500 мільёнаў даляраў, а выдаткавалі для гэтай галіны хіба дзясятую частку гэтай сумы.

Таму буйныя саюзныя праекты спадар Сіліцкі называе інтэграцыйнай спадчынай з часоў Ельцына.

(Сіліцкі: ) “Беларуска-расейская інтэграцыя магчымая толькі ў такіх галінах як транзыт і нафтахім. А ўся гэтая мішура папросту непазьбежна адпадзе. Таму вельмі добра, што гэта адбылося”.

Дарэчы, сёлета крыху скарацілася доля Расеі ў саюзным бюджэце, — паводле словаў Ігара Селіванава, прыкладна на 8%. У сталым камітэце саюзнай дзяржавы ня лічаць гэта прыкметай згортваньня інтэграцыйных працэсаў, аднак не адмаўляюць таго, што дамагчыся ад Расеі поўнай і тэрміновай выплаты ўнёскаў у бюджэт з кожным годам робіцца ўсё складаней.