Рашэньне Менгарвыканкаму не зьмяшчае жорсткай пастановы зачыніць усе шапікі. Ёсьць канцэпцыя добраўпарадкаваньня гораду, згодна зь якой дробнарозьнічны гандаль трэба паступова пераводзіць у гіпэрмаркеты ды буйныя гандлёвыя цэнтры. Таксама прадпрымальнікам прапануюць будаваць свае ўласныя крамы, бо шапікі нібыта псуюць выгляд сталічных вуліц. Але гарадзкія ўлады ня хочуць чакаць, пакуль у Менску пабудуюцца гіпэрмаркеты.
Першая хваля ліквідацыі камэрцыйных шапікаў прайшла яшчэ на прыканцы 2001 году — тады зьліквідавалі пад тысячу гандлёвых кропак. Затым, увесну 2002 году, зачынілі яшчэ 1 тысячу 700 шапікаў, пераважна ў цэнтры сталіцы. Цяпер прыйшла чарга астатніх.
Найчасьцей фармальнай прычынаю закрыцьця робяцца рашэньні санітарных службаў.
Ігар Ткачык — адзін з тых прадпрымальнікаў, бізнэс якіх пад пагрозаю зьнішчэньня. Яму дазваляюць працаваць толькі да 25 траўня, а што будзе далей зь пяцю ягонымі шапікамі — ён ня ведае. Адчыняць уласную краму для Ігара невыгодна.
(Ткачык: ) “Калі задаеш пытаньне — колькі будзе каштаваць пабудаваць краму, то мне называюць лічбу: 50 тысячаў даляраў крама і каля 30 тысячаў — толькі дакуманты. Кватэра будзе каштаваць 20 тысячаў даляраў, але я ня ведаю, колькі ўлады захочуць за тое, што дадуць дабро там адчыніцца”.
Працаваць у буйных гандлёвых цэнтрах — таксама ня выйсьце. Паводле словаў спадара Ткачыка, толькі арэнда будзе штомесяц абыходзіцца яму ў паўтары тысячы даляраў. Столькі ён плаціць падаткаў за пяць сваіх шапікаў. Таму Ігар расцэньвае ліквідацыю дробнарозьнічнага гандлю як мэтанакіраванае зьнішчэньне прыватнага бізнэсу.
Дарэчы, з пачатку гэтага года ў Менску назіраецца рэзкае зьмяншэньне колькасьці прадпрымальнікаў — умовы для вядзеньня ўласнае справы робяцца занадта цяжкімі. Гаворыць віцэ-прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Рыгор Рылькоў:
(Рылькоў: ) “Індывідуальных прадпрымальнікаў, якія будуць плаціць адзіны падатак, застаецца крыху больш за 23 тысячы. Я згадваю статыстыку — у Менску на 1 студзеня гэтага году было 59 тысячаў індывідуальных прадпрымальнікаў. А дзе ж астатнія? Тэлефаную ва ўправу прадпрымальніцтва Менгарвыканкаму, а мне адказваюць, што больш за 20 тысячаў заяваў пададзена на ліквідацыю”.
Паводле падлікаў спадара Рылькова, у выніку такога скарачэньня падаткаплатнікаў горад будзе губляць штомесяц да 10 мільёнаў эўра. Асобна закрыцьцё шапікаў абернецца стратай амаль мільёна эўра штомесяц.
Цяпер прадпрымальнікі зьбіраюць подпісы, каб абараніць свой бізнэс і рассылаюць звароты ва ўрад, да Лукашэнкі і ў міжнародныя арганізацыі. Але на плён такіх дзеяньняў яны ня надта спадзяюцца, таму ўжо цяпер выказваюць намер далучыцца да акцыі 12 сакавіка.