СКАРАЧЭНЬНІ РАСЕЙСКІХ ПАСТАВАК ГАЗУ Ў БЕЛАРУСЬ АДМОЎНА ПАЎПЛЫВАЮЦЬ НА ПРАЦУ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ

Ігар Карней, Менск

Між тым, некаторыя супрацоўнікі “Белтрансгазу” цьвердзяць, што ў цяперашнім канфлікце паміж “Газпромам” і беларускімі ўладамі вінаватая “Ітэра” — камэрцыйная структура, якая запазычыла “Газпрому” за пастаўлены ў Беларусь газ некалькі соцень мільёнаў даляраў.

Беларусь і раней вычэрпвала акрэсьленыя паводле кантрактаў з расейскім “Газпромам” запасы газу нашмат раней канца году і, каб у цяпле перазімаваць, перад халадамі змушаная была займацца несанкцыянаваным адборам газу, іншымі словамі, крадзяжом. Але тады з Масквы чуліся толькі папярэджаньні наконт адпаведных санкцыяў. І вось нарэшце пагрозы перакрыць кран набылі рэальныя абрысы.

Зараз беларускія ўлады робяць спробы нейкім чынам дамовіцца з “Газпромам”. Але небясьпека паўстала вельмі востра: калі аб’ёмы паставак газу сапраўды будуць скарочаныя напалову, дык на 95% залежны ад расейскай сыравіны энэргетычны комплекс Беларусі вымушаны будзе перайсьці на рэжым жорсткай эканоміі.

Паводле папярэдніх зьвестак адмыслоўцаў, на 50% скароцяць расход газу электрастанцыі і цеплаэлектрацэнтралі (што ў зімовы пэрыяд наўпрост адаб’ецца на тэмпэратуры ў кватэрах), а на 70% прамысловых прадпрыемстваў будзе пэрыядычна адключацца электраэнэргія.

Адзін з найбуйнейшых спажыўцоў канчатковага прадукту перапрацоўкі газу ў электрычнасьць — МАЗ. Пакуль прадпрыемства працуе ў звыклым рэжыме. Але пэрспэктывы не выклікаюць аптымізму ў кіраўніцтва заводу. Гаворыць афіцыйны прадстаўнік прадпрыемства Валянцін Лопан:

(Лопан: ) “Усё будзе залежаць ад рэакцыі нашага ўраду на рашэньне “Газпрому”. Калі будзе зробленая спроба перамоваў з “Газпромам” і папросяць яшчэ даць газу, дык у Маскве могуць рэзонна адказаць: заплаціце адразу за тое, што вы ўжо выкарысталі (а беларуская запазычанасьць “Газпрому” — 200-250 мільёнаў даляраў). Дзе ўзяць такія грошы?

Калі ўсё ж пастаўкі газу будуць зьменшаныя, ня выключаныя вэерныя адключэньні электраэнэргіі — маўляў, раз на ўсіх цяпла не хапае, давайце дзяліцца: вы дзьве гадзіны на дзень стаіце, а вы тры. Але пакуль тэхнічна выглядае так, што ціск газу ў трубаправодзе зьнізіць немагчыма. Калі, умоўна кажучы, перакрыць кран на мяжы з Расеяй, то і ў Эўропу газ таксама ня пойдзе. Гэта геапалітыка, стратэгічныя пытаньні, і вырашаць іх ураду. Пакуль рашэньняў няма, усім зразумела, што будзе дрэнна, калі нічога не рабіць”.

У ноце пратэсту, якую напярэдадні агалосіла беларускае Міністэрства замежных справаў, галоўны акцэнт робіцца на тое, што дзяржаўны пакупнік газу ў Расеі кампанія “Белтрансгаз” сумленна выконвае ўмовы кантракту з “Газпромам” у аплаце газавых паставак. Адзін з кіраўнікоў “Белтрансгазу” пацьвярджае, што вонкава сытуацыя сапраўды выглядае так, але шматмільённыя беларускія запазычанасьці “Газпром” мае ад “Ітэры”, якая ёсьць камэрцыйным пасярэднікам расейскага канцэрну, гэтаксама прадае газ у Беларусь і не разьлічваецца з “Газпромам”.

(Супрацоўнік “Белтрансгазу”: ) “Плацяжы з “Газпромам” ідуць нармальна: гэта тычыцца кантракту на 10 мільярдаў кубамэтраў газу. Увесь астатні аб’ём ідзе праз пасярэднікаў, камэрцыйныя структуры кшталту “Ітэры”, якая ў прыватнасьці павінна паставіць у Беларусь 6 мільярдаў кубамэтраў газу. І мітусьня якраз вакол “Ітэры”: ёй беларускія спажыўцы ня плацяць. Сама “Ітэра” ня мае ні газаправодаў, ні радовішчаў; гэта кантора, якая маніпулюе грашыма. Зараз “Газпром” цісьне на “Ітэру” як перакупшчыка, каб тая аддала грошы. А спажыўцы “Ітэры” якраз ёй ня плацяць. Вось у чым праблема. Які можа быць варыянт? Зусім ня выключана, што аб’ёмы паставак будуць зьніжаныя, калі на найвышэйшым узроўні не дамовяцца, каб заплацілі “Ітэры”. І аргумэнт будзе жалезны: мы вам далі, што абяцалі, а больш ня можам”.

Крыніцы ў беларускім урадзе запэўніваюць, што бяз газу краіна не застанецца. Сапраўды, магчымасьці набываць паліва ў “Газпроме” застаюцца, але кошт ужо будзе зусім іншым: замест 24 даляраў за тысячу кубамэтраў ён падвысіцца да 32 даляраў, што болей за выдаткі ў здабычы і транспартыроўцы. Таму сёньня назіральнікі зноў узгадваюць словы міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандра Мількоты пра альтэрнатыву газу: “У Беларусі поўна дроў”.