УРАД АДМЯНІЎ ДЗЯРЖАЎНАЕ РЭГУЛЯВАНЬНЕ 80% ЦЭНАЎ

Ганна Соусь, Менск


Лібэралізацыя цэнаў — адна з найгалоўнейшых умоваў Міжнароднага валютнага фонду. Нагадаем, што сёлета з 1 студзеня беларускі ўрад адмяніў індэксы падвышэньня коштаў для 25% тавараў. А з 1 красавіка, паводле адпаведнай пастановы Савету Міністраў, ужо 80% цэнаў утвараюцца свабодна.

Паводле доктара эканамічных навук ды прафэсара Барыса Жалібы, гэта сьведчыць пра тое, што беларускаму ўраду вельмі патрэбныя крэдыты МВФ.

(Жаліба: ) "Але трэба яшчэ паглядзець, як гэта будзе выконвацца. Калі ўсё насамрэч будзе, то існуе небясьпека выбуху цэнаў на спажывецкія ды іншыя тавары. У нас слабы прыватны сэктар, адсюль і слабая канкурэнцыя, якая магла б гэты выбух нэўтралізаваць. Адначасова ўраду трэба рашуча, а не на словах падтрымаць прыватны сэктар".

Былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч называе лібэралізацыю цэнаў рыначным крокам, але мае сумнеў — ці будзе ўрад насамрэч прытрымлівацца гэтай меры.

(Багданкевіч: ) "Каб гэта было станоўчым і не прывяло да росту цэнаў, трэба каб улады спынілі дзяржаўнае фальшываманэцтва, выпуск нічым не забясьпечаных грошай, спынілі грашовую эмісію. Пакуль яе нават прадугледжвае Закон аб бюджэце".

А як зазначыў вядучы аналітык цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук, лібэралізацыя цэнаў яшчэ ня ёсьць лібэралізацыяй рынку як такога.

(Раманчук: ) "Калі застанецца адміністрацыйнае рэгуляваньне на выдаткі прадпрыемстваў, калі пры свабодных цэнах застануцца нормы, то гэта прывядзе да перакосаў, і беларускія прадпрыемствы яшчэ больш страцяць канкурэнтаздольнасьць у параўнаньні з расейскімі".

Яраслаў Раманчук мяркуе, што, калі лібэралізацыю цэнаў праводзіць разам зь іншымі эканамічнымі рэформамі, то гэта дасьць плён ужо праз 6-12 месяцаў.

Дзяржава пакінула сабе права рэгуляваць цэны на жыльлёва-камунальныя, энэргетычныя ды транспартныя паслугі. Паводле Яраслава Раманчука, улады маюць яшчэ шмат спосабаў навязаць прадпрыемствам ды прадпрымальнікам сваю волю.