ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 2 САКАВІКА

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Голас Беларуса”, 1924 год. Нота міністра загранічных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі А.Цьвікевіча старшыні Камісіі Лігі Народаў п.Дэвісу:

“Маю гонар паведаміць пану Старшыню, што справай карыстаньня з басэйну Нёману аднолькава з Літоўскай Рэспублікай зацікаўлены 4 мільёны жыхароў Заходняй Беларусі, якая знаходзіцца цяпер пад уладай Польшчы. Польшча захапіла Заходнюю Беларусь на падставе Рыскага Трактату, які праклінае наш беларускі народ і які ня прызнаны праз культурны сьвет. Рыскі Трактат падзяліў цела дванаццаці-мільённага беларускага народу на часткі і заходнюю частку ад Буга і Нарава далучыў да Польшчы. Згодна з дадзенымі ўрадовай статыстыкі, ў Заходняй Беларусі лясны абшар займае звыш трох мільёнаў гэктараў зямлі, якая знаходзіцца ў басэйне Нёману. Зрабіць Нёман даступным для навігацыі дало-б пачатак вялікай эксплёатацыі народных багацьцяў Беларусі. Як прадстаўнік волі беларускага народу, гэтым уношу пратэст проціў высілкаў разьвязваньня гэтай справы бяз учасьця з боку беларусаў”.

“На страже Октября”, 1984 год. Да 25-годзьдзя зьяўленьня добраахвотных народных дружын:

“Восем гадоў запар ДНД вытворчага аб’яднаньня “Гомсельмаш” займае першае месца ў Чыгуначным раёне абласнога цэнтру. Чатыры тысячы грамадзкіх актывістаў у яе шэрагах. Кожны вечар звыш ста зь іх, надзеўшы чырвоныя павязкі, выходзяць на вуліцы мікрараёнаў, дзе жывуць завадчане. Чаму яны лепшыя? Таму што, працуючы ў цесным кантакце з супрацоўнікамі 2-га аддзяленьня Чыгуначнага РАУС, галоўны акцэнт робяць на прафіляктыку. Дружыньнікі папярэдзілі сотні правапарушэньняў. А гэта значыць, што сотні людзей пазьбеглі непрыемных сустрэч з хуліганамі і дэбашырамі, п’яніцамі”.

“Барысаўскія навіны”, 1994 год:

“Сёньня ўжо наўрад ці хто памятае беларускі герб, які быў афіцыйным сымбалем нашай рэспублікі да 1938 году. Ягоная асаблівасьць — надпіс на гербе ў стылі клясычнага марксісцкага дэвізу, выкананая кірыліцай, лацінкай і квадратным пісьмом, а менавіта: на беларускай, польскай, расейскай і габрэйскай мовах. Тады ўсе яны былі афіцыйныя і вывучаліся ў нацыянальных школах. З часам сяброўскі клопат “старэйшага расейскага брата” прывёў да ліквідацыі такіх “лішкаў” і ў Беларусі. Акром расейскіх, ніякіх іншых школ не засталося… Большасьці чыноўнікаў беларуская мова застаецца чужой. Нават справаводзтва вядуць толькі на расейскай…”