Ці мусіць Расея плаціць за свае вайсковыя базы ў Беларусі?

Альгерд Невяроўскі, Менск

Першаму я задаў гэтае пытаньне падпалкоўніку беларускай арміі. І вось якія атрымаў адказы ад яго й ад іншых мінакоў:

(Падпалкоўнік: ) “А як жа ж, пэўна мусіць. Тэрыторыя ж наша”.

(Спадар: ) “Павінна. Тэрыторыя наша, мы самастойная краіна, я так лічу”.

(Дзяўчына: ) “Пэўна ж. Гэта нашая радзіма”.

(Спадар: ) “Як у ва ўсім сьвеце, якая практыка, так і ў нас павінна быць”.

(Дзяўчына: ) “Відаць, так. На нашай тэрыторыі, у нашай дзяржаве базы. Павінны плаціць”.

(Спадар: ) “Я думаю, што Расея павінна плаціць у першую чаргу за мяжу. Гэтае пытаньне ня толькі да Расеі, але й да іншых краінаў, якія сёньня мусяць плаціць Беларусі за тое, што ўвесь транзыт з Казахстану, Украіны ідзе празь беларускую мяжу. Бо мяжа Беларусі з Расеяй адкрытая. Беларусь нясе страты ад многіх краінаў СНД. А, што тычыцца вайсковых базаў, як бы ні было, а Казахстан сёньня атрымлівае ад Расеі грошы за арэнду. Беларусі адназначна мусяць плаціць. Расея павінна плаціць, сёньня нічога бясплатнага не бывае, ты больш яны яшчэ карыстаюцца й нашай паветранай прасторай”.

(Іншы спадар: ) “Калі яны падымаюць цэны, то й адпаведна мусяць плаціць. І ня толькі за базы — за ўсё”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што плаціць павінны. Чаму беларусы абавязаныя плаціць за расейскія аб’екты на нашай тэрыторыі? Я лічу, што трэба”.

(Пэнсіянэр: ) “Ну а як жа ж? Паўсюль цяпер рынкавыя дачыненьні. Мы ім плацім за газ, і яны няхай плацяць. Я так лічу”.

(Спадар: ) “Абавязкова. Гэта тэрыторыя Беларусі і яны яе выкарыстоўваюць. Абавязкова павінны плаціць”.

(Спадарыня: ) “Павінны плаціць за выкарыстаньне нашай тэрыторыі”.

(Іншая спадарыня: ) “Павінны, калі эксплюатуюць нашую тэрыторыю”.

(Дзяўчына: ) “Павінна Расея плаціць. Займае нашую тэрыторыю, трымае тут зброю, і гэта пагроза для нас. А калі на нас нападуць з-за таго, што тут знаходзіцца расейская зброя?”

(Спадар: ) “Павінны, бо ўсё ў гэтым сьвеце каштуе грошай. Таму раз заплаці — і жыві спакойна. За ўсё трэба плаціць, няма нічога бясплатнага. Вось і ўсё”.

(Дзяўчына: ) “Я лічу, павінна плаціць за свае базы. Бо яны знаходзяцца на нашай тэрыторыі. Гэтая плата як мыта”.

Іншую думку ў гэтай справе выказалі толькі два зь некалькіх дзясяткаў мінакоў, зь якімі я размаўляў сёньня на менскіх вуліцах:

(Спадар: ) “Думаю, не. Яны нашыя суседзі, зь якой радасьці яны павінны плаціць?”

(Хлопец: ) “Беларусь і Расея — краіны суседнія, і Расея не павінна плаціць за базы на тэрыторыі Беларусі. Яны павінны жыць у сяброўстве”.