Юры Лужкоў называе Беларусь прыярытэтам у замежным гандлі Масквы. Амаль палову таваразвароту Расеі й Беларусі прыпадае менавіта на Маскву, летась гэтая лічба склала 3 мільярды 650 мільёнаў даляраў. Сёньня Юры Лужкоў і прэм’ер Беларусі Генадзь Навіцкі дамовіліся ўзьняць гэты паказьнік яшчэ на 700 мільёнаў даляраў. Акрамя таго, кіраўнік беларускага ўраду паведаміў, што прынятая пастанова Савету Міністраў пра дадатковае нарошчваньне экспарту беларускіх тавараў у Маскву да 2006 году ў 1,5–2 разы.
Маскоўскі ўрад заклікае беларускіх вытворцаў да стварэньня супольных гаспадарчых структураў, пашырэньня свайго гандлю, ажыцьцяўленьня будаўнічых праектаў у расейскай сталіцы. Гаворыць Юры Лужкоў:
(Лужкоў: ) “Масква і Беларусь ужо даўно супрацоўнічаюць, але нашае сёньняшняе абмеркаваньне не насіла характару такога самалюбаваньня. Мы гаварылі толькі пра адно — што патрэбна і што можна сёньня яшчэ зрабіць для разьвіцьця гэтага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва”.
Выразнай палітычнай мэты ягонага візыту ў Менск не было. Падчас сустрэчы з А.Лукашэнкам неаднаразова падкрэсьліваліся іх асабістыя прыязныя стасункі.
(Лукашэнка: ) “У мяне ні з кім з расейскіх палітыкаў такіх добрых стасункаў, як зь Юрыем Міхайлавічам і з нашым патрыярхам, няма. На жаль… Нашыя людзі плацяць дабром і разуменьнем за такую калясальную матэрыяльную падтрымку ў галіне гандлю. І я за гэта вельмі ўдзячны”, — сказаў А.Лукашэнка.
Спадар Лужкоў прапанаваў правесьці сёлета ў верасьні Дні Рэспублікі Беларусь у Маскве і запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць расейскую сталіцу.
Пасьля афіцыйных перамоваў Юры Лужкоў сустрэўся з вайскоўцамі менскага гарнізону і камандаваньнем Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў. Маскоўская дэлегацыя таксама наведала беларускую вайсковую выставу “Мілекс-2003”.
Візыт кіраўніцтва маскоўскай мэрыі супаў са знаходжаньнем у Беларусі прадстаўнічай дэлегацыі расейскага ВПК. Намесьнік сташыні Камітэту РФ у справе вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі Ўладзімер Паляшчук паведаміў, што падчас перамоваў у Менску было прынятае рашэньне стварыць у Беларусі расейскі рэгіянальны сэрвісны цэнтар узбраеньняў.