У Маскве распачала працу конкурсная камісія ў справе гімну саюзу Расеі й Беларусі

Ігар Карней, Менск

Напісаньне гімну саюзнай дзяржавы сёлета ў красавіку ініцыяваў дзяржаўны сакратар саюзу Расеі й Беларусі Павал Барадзін. Дагэтуль перад паседжаньнямі саюзнага парлямэнту гучаў гімн СССР, але пасьля таго, як Расея пакінула музыку Аляксандрава ў якасьці цяперашняга дзяржаўнага гімну, прыхільнікі інтэграцыі засталіся без фанфараў.

Ад красавіка больш за сотню аўтараў даслалі ў Маскву свае варыянты музычных і вершаваных твораў. Сярод іх і кампазытар Ігар Лучанок. У яго варыяцыяў некалькі: у хаўрусе з паэтамі Осеневым (творчы псэўданім колішняга “гэкачэпіста” Анатоля Лук’янава), Дабранрававым і іншымі. Паколькі Лучанок уваходзіць у склад адмысловага журы, шанцы на посьпех ацэньвае як рэальныя. Але лічыць, што вынік будзе агучаны значна пазьней.

(Лучанок: ) “Пытаньне гімну складанае. Памятаеце, як цяжка ствараўся гімн Савецкага Саюзу, потым гімн Расеі. Колькі было варыянтаў! — а перамагла музыка Аляксандрава — та-дай-пам-па-рай-рай і г.д. Колькі было спрэчак вакол гімну Беларусі! Таму казаць, што сёньня выберуць гімн, ня варта. Гэта працяглы працэс; патрэбная нармалёвая мэлёдыя, нармалёвыя вершы. Тым больш, што ў гэтым бралі ўдзел як самадзейныя аўтары, так і прафэсійныя”.

Апроч Лучанка, у конкурснай камісіі задзейнічаны зь беларускага боку міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны і старшыня Дзяржтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў. Інтарэсы Расеі прадстаўляюць уласна Генадзь Селязьнёў, Мікіта Міхалкоў, Іосіф Кабзон. Паказальна, што тэксты прымаюцца выключна па-расейску.

Ужо вядома пра некаторыя дзіўныя тандэмы. Так, крыніцы ў камісіі паведамілі, што паступіла сумесная праца ў зьвязку Чаргінец-Гамзатаў. Зусім нечаканы тандэм поп-кампазытара Аркадзя Ўкупніка і сьпевака Льва Лешчанкі. А вось лідэр гурту “Сябры” Анатоль Ярмоленка прызнаўся, што некалькі месяцаў таму ўжо запісваў адзін з варыянтаў разам з расейскім опэрным выканаўцам Мікалаем Баскавым.

(Ярмоленка: ) “Якім будзе саюз — пакуль невядома, і таму я не магу сказаць, які мусіць быць гімн. Прынамсі, упэўнены, што ўсё адбудзецца няхутка. Да таго ж, зь якой пазыцыі зыходзіць — музычнай альбо палітычнай? Мяркую, патрэбнае нейкае кампраміснае рашэньне”.

(Карэспандэнт: ) “Калі будзе прапанова выканаць канчатковы варыянт гімну, вы дасьцё згоду?”

(Ярмоленка: ) “Я прафэсіянал. Калі гэта будзе цікава і будзе адпавядаць маёй грамадзянскай пазыцыі, я выканаю. Я браў удзел у падобным праекце: гэта быў запіс песьні Лучанка на вершы Дабранравава аб сяброўстве Расеі й Беларусі. Калі будзе прапанова, не выключаю: мне гэта можа быць цікава”.

Свае музычныя варыянты даслалі ў Маскву і іншыя прафэсійныя кампазытары — Эдуард Зарыцкі, Леанід Захлеўны, Валеры Іваноў, Эдуард Ханок ды іншыя. Што тычыцца ўдзелу беларускіх паэтаў, то ў Саюзе пісьменьнікаў сказалі, што гэта справа асабістая, але ніхто аб сваім удзеле ў праекце не распавядаў.

А вось што думае наконт неабходнасьці аднаго з атрыбутаў віртуальнай дзяржавы Сяргей Законьнікаў:

(Законьнікаў: ) “Сьмяюся над гэтым усім: над саюзнымі дзяржавамі, гімнамі, астатняй дуратой. Шчыра скажу: мяне саюз Беларусі з Расеяй не цікавіць ніколькі. Мяне цікавіць мая Беларусь і паасобку — Расея. У цэлым, разам яны мяне зусім не цікавяць. Таму што гэта абракадабра; тое самае, што вярблюда аб’яднаць з роварам. Зрэшты, мне не цікавы і цяперашні беларускі гімн. Сьмешна робіцца, калі на беларускім радыё абвяшчаюць: аўтар словаў Карызна, музыка Сакалоўскага. Клімковіча як быццам і не было. Карызна нейкія тры дурныя словы ў дурны тэкст усунуў, а цяпер афішуецца як аўтар словаў. Няма дзяржавы. Вось ужо восем гадоў у нас вар’яцкі дом”.

Паводле рэглямэнту конкурсу, апошняе слова на карысьць таго ці іншага варыянту гімну саюзнай дзяржавы павінен сказаць старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савету. Зараз гэту пасаду займае Аляксандар Лукашэнка.