ІНТЭГРАЦЫЙНАЕ “СЬМЯХОЦЬЦЕ”

Юры Дракахруст, Прага

Зьніклая грамата нарэшце знайшлася. Яшчэ ўчора раніцаю прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка казаў, што аніякага ліста ад прэзыдэнта Расеі міністэрства не атрымлівала. А Натальля Пяткевіч – прэсавы сакратар Лукашэнкі – па ўласьцівай ёй звычцы пра такі ліст увогуле нічога ня ведала. Але ўжо ўчора ўвечары было прызнанае, што пасланьне Пуціна адрасат усё ж атрымаў. У перадачы БТ прагучала скарга на тое, што ліст датаваны 30 жніўня, а патрапіў у Менск толькі зараз.

Паводле інфармацыі расейскіх мэдыяў, яго пазаўчора перадаў кіраўніку Беларусі першы намесьнік міністра замежных справаў Расеі Валер Лашчынін.

Гэтыя гульні вакол нібыта зьніклай граматы нагадваюць перакідваньне з рукі на руку гарачай бульбіны: хоць на дзень ды адцягнуць момант, калі на запыт давядзецца адказваць.

Нейкі адказ учора ж і прагучаў. Спачатку сам Аляксандар Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы (добра, што хоць яны ня зьніклі) у новага расейскага амбасадара, заявіў, што Беларусь будзе прытрымлівацца існай саюзнай дамовы з Расеяй і ніколі ня пойдзе на яе парушэньне. Тым самым кіраўнік Беларусі фактычна выбраў з трох варыянтаў інтэграцыіі, прапанаваных Пуціным, трэці – самы асьцярожны.

Увечары пазыцыю Лукашэнкі падцьвердзілі па БТ ягоны памочнік Ігар Ляшчэня і прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч. Абодва яны заявілі пра непрымальнасьць стварэньня нейкай новай адмысловай групы па вызначэньні мадэлі інтэграцыі. Яны патлумачылі, што існуе група па выпрацоўцы канстытуцыйнага акту і ў межах яе і трэба надалей працаваць. Спн. Пяткевіч папікнула маладога інтэгратара Пуціна, сказаўшы, што чалавеку, які не прайшоў цярністы шлях інтэграцыі, складана ацаніць сапраўдны сэнс існай дамовы, і дадала, што менавіта Аляксандар Лукашэнка стаяў ля вытокаў аб’яднаўчых працэсаў.

Спн. Пяткевіч па звычцы ня ведае ці ня памятае, як ацаніў сапраўдны зьмест дамовы менавіта гэты архітэктар інтэграцыі. 1 кастрычніка 1999 году, за два месяцы да яе падпісаньня, Лукашэнка назваў дамову “сьмяхоцьцем”. А падчас падпісаньня 8 сьнежня таго ж году заявіў, што наступная дамова будзе ўжо аб сапраўдным і поўным аб’яднаньні. Вось поўнае і сапраўднае аб’яднаньне Пуцін яму зараз і прапанаваў. Але 3 гады таму, калі да шапкі Манамаха, здавалася, рукою падаць, дамова была “сьмяхоцьцём” і лішняй прыступкаю на шляху ў Крэмль, а зараз – адзіным паратункам ад інтэграцыйнай атакі гаспадара цяперашняга Крамля.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што беларускі бок ў асобе як кіраўніка дзяржавы, гэтак і адказных асобаў з МЗС, упарта ўхіляецца ад неабходнасьці даць на пісьмовы зварот пісьмовы ж адказ. Казаць можна сёньня адно, заўтра іншае – памяць у людзей кароткая. А паперачку падшыюць у папачку, і потым, калі спатрэбіцца, дастануць і прачытаюць: “Не хачу ў Расею, хачу аб’яднаньня на падставе таго, што сам жа называў сьмяхоцьцем”. Пячатка і подпіс – Аляксандар Лукашэнка. Лепш сапраўды выступаць у размоўным жанры і нічога не пісаць і не падпісваць, а то такое сьмяхоцьце атрымаецца, што ўжо не да сьмеху будзе.