[ 16:14 ]  У Гішпаніі хаваюць ахвяраў тэрактаў 11 сакавіка

Мадрыд. Сёньня праходзіць пахаваньне 40 ахвяраў тэрактаў 11 сакавіка ў сталіцы Гішпаніі. Паводле апошніх зьвестак тады пад час выбухаў у цягніках загінула 200 чалавек і было паранена 1500. Сярод забітых – 35 замежнікаў, у тым ліку 8 румынаў. Галоўная імша праходзіла ў Алькала дэ Гэнарэс, гарадку на ўсход ад сталіцы Гішпаніі. З гэтага горада выходзілі тры з чатырох цягнікоў, што пацярпелі ад выбухаў. Удзельнікі жалобнай цырымоніі выказалі сваю пашану і салідарнасьць традыцыйнымі для гішпанцаў у такіх выпадках воплескамі. Учора па ўсёй Гішпаніі каля 11 мільёнаў чалавек, гэта больш за чвэрць насельніцтва краіны, выйшлі на дэманстрацыі з асуджэньнем тэрарызму. Больш чым 2 мільёна чалавек маніфэставалі ў Мадрыдзе, уключна з крон-прынцам Філіпам, прэм’ерам Хасэ Марыя Аснарам, эўрапейскімі палітычнымі лідэрамі. Прадстаўнік ФРГ міністар замежных справаў Ёшка Фішар заявіў: —Мы знаходзімся тут, каб выказаць нашы спачуваньне і сымпатыю, а таксама нашу салідарнасьць з гішпанскім народам. Сярод галоўных падазроных у арганізацыі тэрактаў гішпанскія ўлады называюць або сэпаратыстаў-баскаў групоўкі ЭТА, або ісьлямскіх экстрэмістаў. Групоўка ЭТА заявіла, што ня мае дачыненьня да выбухаў. Прадстаўнікі Аль-Каіды, наадварот, прызналіся ў датычнасьці да іх. Аднак няма пацьвярджэньня заяваў ні тых, ні другіх. У Вашынгтоне прэзыдэнт ЗША наведаў амбасаду Гішпаніі і ўзяў удзел у цырымоніі ўшанаваньня памяці ахвяраў тэрактаў у Мадрыдзе. Тэрарыстычныя атакі прыпынілі агітацыйную кампанію да заўтрашніх усеагульных выбараў у Гішпаніі, аналітыкі зазначаюць, што пакуль невядома, як тэракты паўплываюць на вынікі галасаваньня.