Прадстаўнік ўраду Македоніі паведаміў, што пошукавым атрадам ўдалося знайсьці целы прэзыдэнта Барыса Трайкоўскага і васьмі ягоных спадарожнікаў, якія загінулі ўчора ў выніку авіякатастрофы ў гарах Босьніі.
Барыс Трайкоўскі загінуў ва ўзросьце 47 гадоў, калі накіроўваўся на інвэстыцыйны форум у Мостары.
У Македоніі пачалася трохдзённая жалоба па Трайкоўскім.
Кіраўнік зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Хаўер Саляна сёньня прыбыў у сталіцу Макэдоніі. Саляна назваў Трайкоўскага вялікім чалавекам і сябрам Эўропы ды паабяцаў падтрымку народу Македоніі.
-- Вы можаце быць упэўненыя, грамадзяне Македоніі могуць быць упэўненыя, што Эўразьвяз застанецца з вамі, мы працягнем нашую дапамогу, падоўжым працэс, які мы пачалі раней. Цяперашнія падзеі сталіся часам для дэманстрацыі адзінства краіны, адказнасьці за яе, такім чынам, каб шлях ў Эўропу, які вы ўжо пачалі, рэалізаваўся чым раней тым лепей. "
--сказаў Хаўер Саляна. Сёньня ён сустрэўся з македонскім прэм’ерам Бранка Чрвэнкаўскім.
Адпаведна Канстытуцыі краіны сьпікер парлямэнта Македоніі прызначаны выконваць абавязкі прэзыдэнта, выбары новага кіраўніка краіны павінны адбыцца цягам 40 дзён.