Генэральны сакратар ААН Кофі Анан сёньня заявіў, што Аб’яднаныя Нацыі маюць намер дапамагчы іракскаму народу ўзяць кантроль свайго лёсу на сябе ў ўсталяваць дэмакратычны ўрад. ААН здольная дапамагчы ў стварэньні пераходнага ўраду і правядзеньні выбараў, але галоўнай умовай для гэтая з’яўляецца бясьпека.
Гэтая заява прагучала ў выступе Анана ў японскім парлямэнце.
-- Мы не можам чакаць, што заканчэньне акупацыі аўтаматычна спыніць цяперашні пэрыяд нестабільнасьці. Аднак болей бясьпечнае асяроддзьдзе з’яўляецца абсалютна неабходным, калі мы хочам там выконваць сваю поўную ролю, паколькі мы будзем павінны зноў накіраваць у краіну міжнародных супрацоўнікаў на сталай аснове,-- сказаў Кофі Анан.
Раней экспэрты ААН распаўсюдзілі свае рэкамэндацыі, у якіх зазначаецца, што выбары ў Іраку немагчымыя да пачатку 2005 года. Экспэрты заклікалі стварыць выбарчую камісію Іраку, якая магла б пачаць плянаваць і арганізоўваць выбары.
Кіроўная рада Іраку пачала вывучэньне гэтых рэкамэндацыяў. Кіраўнік амэрыканскай адміністрацыі ў Іраку Пол Брэмэр вітаў канструктыўныя прапановы экспэртаў ААН.