[ 16:21 ]  Кувэйт гатовы скасаваць частку ірацкага доўгу

ЭЛЬ КУВЭЙТ Кувэйт гатовы пачаць перамовы пра дараваньне часткі даўгоў Іраку. Пра гэта заявіў сёньня прэмьер-міністар Кувэйту шэйх Сабах Аль Ахмэд Ас-Сабах. Ён аднак падкрэсьліў, што пагадненьне пра гэта павінна быць зацьвержанае міжнародна прызнаным урадам Іраку. Заява кіраўніка кувэйцкага ураду была зробленая пасьля сёньняшніх перамоваў з адмысловым пасланікам прэзідэнта ЗША Джэймсам Бэйкэрам. Падчас ірана-ірацкай вайны Кувэйт даў Багдаду крэдыты ў памеры 16 мільярдаў даляраў. Раней Бэйкэр наведаў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Катар, гэтыя краіны паабяцалі скасаваць большую частку ірацкай запазычанасьці ім, якая складае 7 мільярдаў даляраў. Пасьля Кувэйту Джэймс Бэйкэр накіруецца ў Савудаўскую Арабію, ёй Ірак вінны 30 мільярдаў даляраў.