ТБІЛІСІ Сёньня ў Грузіі адбываюцца датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. У лістападзе пад ціскам масавых выступаў сышоў у адстаўку прэзыдэнт Эдуард Шэварнадзэ. На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць 6 кандыдатаў, найбольшыя шанцы паводле ацэнак экспэртаў мае кіраўнік “Нацыянальнага руху” Міхаіл Саакашвілі, адзін з лідэраў апазыцыі, якая адхіліла ад ўлады Шэварнадзэ. Дарэчы, сам былы прэзыдэнт паведаміў, што сёньня прагаласаваў за Саакашвілі.
На сёньняшніх выбарах у Грузіі выбаршчыкі прадэманстравалі надзвычай высокую яўку, ужо апоўдні колькасьць тых, хто прагаласаваў , перавысіла траціну, днём быў пераадолены барьер у 50%. Такім чынам выбары ў Грузіі адбыліся. Міхаіл Саакашвілі заявіў сёньня наступнае.
"Яўка на выбары надзвычай высокая. Я крыху зьдзіўлены тым, колькі людзей прыёшло да выбарчых скрыняў. Гэта абсалютна беспрэцэдэнтны факт у нашай гісторыі. Людзі прагнуць лепшай будучыні. І гэта павінны ацаніць новы прэзыдэнт і новы ўрад".