КІЕЎ. Украінская апазыцыя рэзка скрытыкавала пастанову Канстытуцыйнага суду, якая дае Леаніду Кучму права балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах 2004 году. Лідэр сацыялістычнай партыі Аляксандар Мароз назваў памянёную пастанову юрыдычным ідыятызмам. Паводле словаў лідэра блёку “Наша Ўкраіна” Віктара Юшчанкі, “судзьдзі служаць інтарэсам кланаў”. Учорашнюю пастанову асудзіў таксама лідэр камуністаў Пятро Сіманенка.
Канстытуцыйны суд Украіны ўгрунтаваў сваю пастанову тым, што дзейная канстытуцыя краіны была прынятая ў 1996 годзе, таму за першы тэрмін прэзыдэнцтва Леаніда Кучмы трэба лічыць той, які пачаўся ў 1999, а не ў 1994 годзе, калі ён быў абраны на прэзыдэнцкую пасаду ўпершыню. Раней Кучма ня раз заяўляў, што ня будзе балятавацца на пасаду прэзыдэнта ў 2004 годзе.